Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Каля 20-і прадстаўнікоў розных арганізацый раёна прынялі ўдзел у сусветнай экалагічнай акцыі “Зробім!” па навядзенню парадку на зямлі.

Такая акцыя прайшла ў рамках Года моладзі. Члены БРСМ з РЦК, раённага тэрытарыяльнага цэнтра, жылкамунгаса, РКБА, ДУП “Валожынскае ПМС”, філіяла ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» на працягу дня ўбіралі прыбярэжны лясок ля геабазы БДУ ў раёне вёскі Калдыкі. Транспарт для вывазкі смецця прадаставіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

    Падведзены вынікі конкурсу “Карціна – люстэрка душы”, прысвечанага 145-годдзю мастака Фердынанда Рушчыца. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца гімназія імя Ф. Рушчыца ў Літве. Знаходзіцца навучальная ўстанова ў населеным пункце Рудамін непадалёк Вільнюса.

У творчым іспыце прымалі ўдзел вучні сярэдняй школы № 1 райцэнтра і Багданаўскага ВПК, якія займаюцца ў школах мастацтваў. Ва ўзроставай катэгорыі 10-14 гадоў першае месца прысуджана Дзіяне Барбашынскай, трэцяе – Алесі Загорскай з райцэнтра (выкладчык Юлія Гісіч). Сярод 15-18-гадовых удзельнікаў другое месца заваявала работа Алены Касцюк з Багданава, выхаванкі Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў (выкладчык Наталля Варановіч). Ініцыіравала ўдзел юных мастакоў у міжнародным конкурсе раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна”.

 

 

    Раённы Цэнтр культуры стаў на мінулым тыдні месцам правядзення занальнага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці спажывецкай кааперацыі.

У Валожыне свае творчыя здольнасці дэманстравалі прадстаўнікі нашага, а таксама Маладзечанскага, Мядзельскага, Вілейскага і Лагойскага раённых спажывецкіх таварыстваў. Сёлетні агляд прысвячаўся Году моладзі. Праграма павінна была быць не больш за 30 хвілін. Аналагічныя куставыя агляды прайшлі таксама ў Любані, Уздзе і Беразіно. Састаў журы быў адзін і той жа, а вынікі будуць абвешчаны пасля прагляду ўсіх конкурсных праграм.

Наша райспажыўтаварыства выглядала вельмі прыстойна. Быў адзначаны высокі ўзровень падрыхтоўкі вядучага праграмы начальніка транспартнага аддзела Віталія Жабко. Ён таксама выконваў песню з рэпертуару Ф. Кіркорава “Снег”. Загадчыца магазіна № 139 “Прадукты” г. п. Івянец Святлана Ісаенка ў дуэце з дачкой выканала песню “Ты мая”, кантралёр па выпуску аўтамабіляў на лінію Анатоль Таўгень не толькі акампаніраваў салістам, але і сам чытаў байку. Ветэран спажыўкааперацыі, некалішні кладаўшчык склада гатовай прадукцыі хлебазавода Таццяна Вяршыцкая праспявала песню “Жураўлі”.

 

    У раёне дзейнічае штаб працоўных спраў пры РК БРСМ, які займаецца фарміраваннем будаўнічых атрадаў на летні перыяд.

На 15 мая паступілі 33 заяўкі ад старшакласнікаў, навучэнцаў ліцэяў і студэнтаў, якія жадаюць працаваць у дні летніх канікулаў, непасрэдна ў штаб, яшчэ 212 чалавек запісаліся ў школах.

Чатыры будаўнічыя атрады сельскагаспадарчага профілю ўжо працавалі ў гэтыя веснавыя дні. Два з іх, сфарміраваныя з вучняў Івянецкай СШ і Сівіцкай БШ, працавалі ў КУП “Сівіца” на падборцы камянёў і пераборцы бульбы. Атрад вучняў СШ № 2 працаваў на падрыхтоўцы пасяўных плошчаў мясцовага льнокамбіната. Навучэнцы ліцэя адпрацавалі ў КСУП “Падбярэззе” на падборцы камянёў на палетках.

 

    Традыцыйная акцыя “Ноч музеяў” 16 мая прайшла ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры. У гэты вечар адбылося адкрыццё выставы работ былога дырэктара музея Алега Раманоўскага “Пад крылом багіні Жывы”.  Творчая палітра майстра была прадстаўлена рознабакова: графіка, ілюстрацыі да кніг мясцовага паэта Івана Вальчэўскага, жывапіс, кераміка. Выстава будзе працаваць на працягу некалькіх месяцаў.

А раённы краязнаўчы музей запрашае аматараў мастацтва на “Ноч музеяў”, якая адбудзецца 26 мая з 18 да 22 гадзін і завершыцца святочным феерверкам.

Сёлета акцыя прысвячаецца юбілею нашага слыннага земляка мастака Ф. Рушчыца. Можна будзе пазнаёміцца з рэпрадукцыямі яго карцін, з работамі ўдзельнікаў 5-га Рэгіянальнага пленэра “Зямля і неба Фердынанда”, які пройдзе напярэдадні на радзіме мастака. Адначасова пройдзе  сустрэча з нашым земляком фотамастаком Мікалаем Ліннікам, выстава работ якога “Паглядзі – які цудоўны свет” дэманструецца ў музеі. Наведвальнікаў чакае таксама шмат прыемных сюрпрызаў, падрыхтаваных работнікамі музея.



Добавить комментарий