10 тысяч долараў з дзяржаўнай казны – Зайздросны падарунак да паўналетняга юбілею

Общество

Ужо пяты месяц у Беларусі рэалізуюцца дадатковыя меры дзяржпадтрымкі шматдзетных сем’яў, стымулявання нараджальнасці, гарантаваныя адпаведным указам Прэзідэнта № 572 ад 9 снежня 2014 года. Гэту канцэпцыю сацыяльнай накіраванасці можна сфармуляваць у двух ключавых словах – «сямейны капітал».

Больш падрабязна на гэту тэму сёння мы гутарым з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама  Л. В. САДОЎСКІМ.

 

    – Леанід Вікенцьевіч, у нашым раёне больш за 400 шматдзетных сем’яў, але, відаць, не кожная з іх мае права на гарантаваныя выплаты?

– Безумоўна. Стаць уладальнікам сямейнага капіталу можна толькі пры нараджэнні трэцяга ці наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года.

 

    – А калі ў шматдзетнай сям’і дзеці ўсыноўленыя, удачароныя, то такім бацькам таксама гарантуецца сямейны капітал?

– Вядома. Яны таксама падпадаюць пад дзеянне Указу «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей». У бюджэце на 2015 год прадугледжана 1,8 трыльёна рублёў на фарміраванне сямейнага капіталу. Сямейны капітал вызначаны ў  памеры 10 тысяч долараў. Гэту суму можна атрымаць у поўным аб’ёме або па частках. Удакладню, што выплаты ажыццяўляюцца толькі ў безнаяўным выглядзе. Варта ўлічваць, што распараджацца гэтымі 10 тысячамі долараў сям’я можа толькі па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці.

 

    – Калі ласка, канкрэтызуйце, якія асобы могуць прэтэндаваць на такую вялікую дзяржаўную падтрымку?

– Атрымаць сямейны капітал згодна з указам могуць толькі грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы. Да такіх асоб  адносяцца маці (мачаха) у поўнай сям’і, бацька ў няпоўнай сям’і, усынавіцель і інш. Атрымаць выплаты можна толькі пры ўмове, калі трэцяе і наступныя дзеці нарадзіліся не раней 1 студзеня 2015 года. Калі ў сям’і было папаўненне, напрыклад, у снежні папярэдняга года, то яна ў гэту праграму сацыяльнай падтрымкі не трапляе. У складзе сям’і ўлічваюцца  бацькі, дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, у тым ліку і ўсыноўленыя, а таксама пасынкі, падчаркі. Пры раздзельным пражыванні бацькоў, якія скасавалі шлюб ці не былі ў шлюбе, дзеці ўлічваюцца ў сям’і аднаго з бацькоў, які іх выхоўвае.

Калі ў поўнай сям’і маці не мае права на прызначэнне сямейнага капіталу, то такое права даецца бацьку пры выкананні адпаведных умоў.

 

    – Леанід Вікенцьевіч, а калі з 2015 па 2019 год – за перыяд дзеяння дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем’яў – у бацькоў народзяцца яшчэ дзеці, то яны зноў атрымаюць права на выплату ў памеры 10 тысяч долараў? 

– Важна адзначыць, што сям’я можа рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу толькі адзін раз.

 

    – Якая існуе працэдура афармлення права на сямейны капітал?

–  За прызначэннем сямейнага капіталу варта звяртацца ў мясцовыя органы ўлады ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга ці наступных дзяцей. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган у месячны тэрмін з дня падачы заявы прымае рашэнне аб прызначэнні або адмове ў прызначэнні сямейнага капіталу. Дарэчы, у нашым раёне гэта права ўжо скарысталі 6 чалавек.

 

    – Раскажыце, калі ласка, дзе будуць знаходзіцца сродкі сямейнага капіталу, пакуль дзіця не дасягне 18-гадовага ўзросту?

– На дэпазітных рахунках грамадзян у ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк». Гэты банк адкрывае і вядзе дэпазітныя рахункі грамадзян, укладвае акумуляваныя сродкі ў фінансавыя інструменты ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Захаванасць сродкаў сямейнага капіталу ў ААТ «ААБ Беларусбанк» гарантуецца дзяржавай.

Сродкі сямейнага капіталу не перадаюцца ў спадчыну, на іх не  налічваецца падаходны падатак. Змена колькаснага складу сям’і пасля прызначэння сямейнага капіталу на яго памер ужо не паўплывае. За 18 гадоў, пакуль дзіця вырасце, сямейны капітал у банку на дэпазіце таксама павялічыцца дзесьці  да 14-15 тысяч долараў. Капіталізаваныя працэнты становяцца часткай сямейнага капіталу.

 

    – Нашым чытачам цікава будзе даведацца, на якія мэты можна выкарыстаць гэту вялікую суму грошай, прадастаўленую з дзяржаўнай казны?

– Распараджацца капіталам можна і ў залежнасці ад сітуацыі і фінансавых патрэб кожнай канкрэтнай сям’і. Выплаты дазволена выкарыстаць для самага капіталаёмкага рэсурсу: для паляпшэння жыллёвых умоў. Сямейны капітал дапаможа, калі ёсць у гэтым вострая неабходнасць, пагасіць і расходы, звязаныя з атрыманнем вышэйшай адукацыі.

Гэтыя сродкі дазволена выкарыстоўваць і пры фарміраванні назапашвальнай (дадатковай) пенсіі маці ў поўнай сям’і ці бацькі ў няпоўнай сям’і і асоб, якія іх замяняюць, а таксама на іншыя мэты, прадугледжаныя заканадаўствам.

 

    – У любым правіле бываюць выключэнні…

– Сапраўды так. У жыцці здараюцца розныя непрадказальныя сітуацыі.  Указ «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей» дае права скарыстаць датэрмінова ў поўным аб’ёме або па частках у безнаяўным парадку гэтыя грошы, калі некаму з членаў сям’і спатрэбяцца дарагія платныя медыцынскія паслугі.

 

    – Што яшчэ варта ведаць патэнцыяльным уладальнікам сямейнага капіталу?

– Калі на працягу трох гадоў з таго часу, як «віноўніку» сямейнага капіталу споўнілася васямнаццаць, грамадзяне не звярнуліся з заявай аб распараджэнні гэтым капіталам, то ён будзе вернуты ў даход рэспубліканскага бюджэту.

 

    – Шчыры дзякуй за кампетэнтную інфармацыю!

Гутарыла Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий