Прадукцыя з мясцовай маркай

Общество

Аб’ём выпуску гатовай прадукцыі, якую вырабляюць у швейным цэху аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства, за першы квартал бягучага года склаў 468 мільёнаў рублёў.

Жаночы калектыў, у якім усяго пяць швачак, працуе з прыбыткам. “Інакш, – заўважае майстар цэха В. В. Адамовіч, – мы не змаглі б існаваць. Наш цэх – адзіны з нямногіх вытворчых участкаў аддзела прамысловасці, які не прыносіць страт. 70 працэнтаў швейных вырабаў складае спецадзенне, асноўнымі заказчыкамі якога з’яўляюцца сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы раёна. Паступаюць заяўкі таксама з Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў, ААТ “Рапс” Мінскага раёна – з імі мы працуем па сістэме ўзаемаразліку: атрымліваем муку і алей”.

Астатняя швейная прадукцыя – пасцельная  бялізна, ручнікі і настольнікі – пастаўляюцца ў продаж у магазіны райспажыўтаварыства. Матэрыял для пашыву, бязь і сацін, атрымліваюць з Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання “Блакіт”. Прываблівае склад тканіны – 100-працэнтная бавоўна, вялікі выбар, яркая прыгожая расфарбоўка і, што немалаважна, прымальная цана.

Ужо год, як швейны цэх пераехаў з прыстасаванага памяшкання на другі паверх колішняга магазіна “Глобус”. Тут ім адвялі два прасторныя пакоі з добрым асвятленнем. А гэта акалічнасць досыць важная ў рабоце швачак. Зусім нядаўна ў цэху з’явілася новая паслуга для насельніцтва – дробны рамонт адзення і пашыў пасцельнай бялізны з матэрыялу заказчыка.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий