Агляд падзей у раённай газеце за май 1970 года

Культура

У СТРАI

У калектыве раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” – дваццаць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Немаладыя ўжо людзі на працоўным, як некалі на баявым, фронце паказваюць узоры сумленных адносін, таварыскасці, мужнасці, з’яўляюцца майстрамі сваёй справы. Гэта капітан запасу Цімафей Іванавіч Кашкоўскі, старшы лейтэнант запасу Іван Рыгоравіч Шакун, сяржанты Іван Трафімавіч Волкаў, Уладзімір Данілавіч Сівы.

У ліку лепшых заўсёды называюць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны газаэлектразваршчыка Фёдара Аляксеевіча Якавенку, слесара Адама Феафілавіча Урбановіча, шафёра Міхаіла Міхайлавіча Валковіча. Як і іншыя члены калектыву, былыя франтавікі і партызаны ўносяць свой уклад у датэрміновае выкананне пяцігодкі.

Ёсць што ўспомніць эканамісту гандлёвай базы Фёдару Сцяпанавічу Завадскаму. Радавы партызан брыгады імя Чапаева, ён удзельнічаў у многіх баявых аперацыях. Адна з іх была праведзена недалёка ад вёскі Вайганы. Тады партызаны ўзарвалі ў многіх месцах рэйкі, знішчылі лінію сувязі. На працягу трох дзён гітлераўцы не мелі магчымасці карыстацца чыгункай Мінск-Ліда.

Бухгалтар Марыя Акімаўна Рэут у гады вайны была радысткай. У Германіі ёй прыйшлося карэкціраваць агонь нашай артылерыі па фашыстах, якія імкнуліся знішчыць пераправу цераз Одэр.

ВЫДАТНА!

 Ветэран Івянецкага прамкамбіната слесар-зборшчык Іван Андрэевіч Янушкевіч шаснаццаць гадоў працуе на прадпрыемстве і штогод па выніках сацыялістычнага спаборніцтва ідзе ў шарэнзе пераможцаў – перадавікоў вытворчасці.

 

Сёлета рабочы сістэматычна выконвае нормы выпрацоўкі не менш як на 150 працэнтаў. З пачатку бягучага года сабраў 514 кухонных буфетаў і 450 сталоў, і ніводзін з іх не мае браку.

Праца І. А. Янушкевіча па праву адзначана Юбілейным Ленінскім медалём.

ЗАСЛУЖАНЫЯ КАЛГАСНIКI

На дваццаці дзевяці дамах калгаса “17 верасня” красуюцца дошкі з надпісамі: “Тут жыве Заслужаны калгаснік”. Гэта лепшыя з лепшых, гонар усяго калектыву.

 

Іх праца аплачваецца на дзесяць працэнтаў вышэй, ім бясплатна выдзяляецца транспарт для падвозу паліва і кармоў, з іх не бяруць грошай за карыстанне электрасвятлом, за радыё.

Многім з Заслужаных калгаснікаў гаспадаркі ў сярэднім па 40-45 гадоў. Носіць гэта ганаровае званне і маладая калгасніца паляводчай брыгады Надзея Канстанцінаўна Рай.

Штодзённа выходзяць на палявыя работы Ганна Іванаўна Пашкоўская, Анастасія Дамінікаўна Журкевіч, Піліп Адамавіч Пашкоўскі, Андрэй Антонавіч Радына. Яны займаліся нарыхтоўкай арганічных угнаенняў, ачысткай насення. Прыклады ўзорнай працы паказваюць і жывёлаводы: пастух Іван Фёдаравіч Арцюкевіч, свінар Сямён Сямёнавіч Крыштаповіч, даглядчык Георгій Гаўрылавіч Сівы, даярка Валянціна Кліменцьеўна Вайцяхоўская.

У ПОШУКАХ

НЕВЯДОМЫХ

ГЕРОЯЎ

 Тысячы чырвоных следапытаў са школ раёна робяць вялікую і пачэсную справу: адшукваюць прозвішчы безыменных змагароў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, рэстаўрыруюць партызанскія зямлянкі, шэфствуюць над брацкімі магіламі воінаў, помнікамі і абеліскамі.

 

У Дубінской, Узбалацкай, валожынскіх першай і другой школах, Чэхаўшчынскай школе-інтэрнаце следапыты карпатліва, па дэталях уваскрашаюць карціну мужнасці і славы народнай.

Узяўшы шэфства над брацкай магілай, якая знаходзіцца ля вёскі Дворышча калгаса “Радзіма”, вучні Узбалацкай васьмігодкі вырашылі даведацца, хто там пахаваны. Пачаліся пошукі, паслалі запыты ў раённы ваенны камісарыят, ваенкаматы Саратаўскай, Бранскай і іншых абласцей. Зоя Высоцкая, Ліля Загорская, Гена Рамановіч, Маня Саломка – самыя старанныя, няўрымслівыя са следапытаў – падбадзёрвалі іншых.

Лісты ад сваякоў загінуўшых абаронцаў сталі прыходзіць з розных куткоў Саюза. Зараз следапытамі ўстаноўлены ўсе трынаццаць прозвішчаў байцоў, пахаваных у брацкай магіле. Малінін Рыгор Сцяпанавіч… Карагін Фёдар Маркелавіч… Ігнацьеў Іван Пятровіч… Завязалася цесная перапіска з роднымі загінуўшых. Сваякі некаторых прыязджалі да рабят, дзяліліся ўспамінамі. Да свята Перамогі вучні чакаюць гасцей – братоў і сясцёр І. П. Ігнацьева, які злажыў галаву, вызваляючы невядомую яму вёску Дворышча.

АВАЛОДАЛI

ГАЗЕТНАЙ СПРАВАЙ

У наступным годзе насценная газета “Механізатар” раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” адзначыць свой 25-гадовы юбілей.

 

У рэдкалегіі трое чалавек. В. П. Красоўская працуе старшым эканамістам, Г. І. Субач загадвае сталом заказаў. Да газетнай справы адносяцца з душой. Вера Пятроўна валодае талентам умела аналізаваць і падаваць лічбы, якія ў яе заўсёды пад рукой. Георгій Іванавіч займаецца афармленнем газеты, ён мастак. Рэдактар насценнай газеты – А. Трапашка.

Пастаянна пішуць у газету інжынер Міхаіл Іванавіч Слабодскі, загадчык гаража Эдуард Ільіч Фейгін, старшы аграном гандлёвай базы Яўгенія Валянцінаўна Лерантовіч, слесары Канстанцін Канстанцінавіч Ланько, Валянцін Уладзіміравіч Рэут, майстар пункта тэхнічнага абслугоўвання Мікалай Ігнатавіч Бакуноў, машыністка Вера Іванаўна Жук.

Як правіла, у нумары змяшчаюць шэсць-восем заметак. Яны невялікія па памеры, але канкрэтныя, дзелавыя. Выходзіць газета адзін раз у месяц, выпускаюцца і спецыяльныя нумары.

УПУШЧАНАЕ НЕ

НАВЯРСТАЕШ

 Трывожнае становішча склалася з пасяўным матэрыялам у калгасе “Камсамолец”.

 

У складзе – сырасць, у некаторых месцах з’явілася нават плесня. Памяшканне, дзе знаходзіцца насенне, не праветрываецца. Дрэннае захоўванне стварае пагрозу ўсходжасці пасяўнога матэрыялу. У другой паляводчай брыгадзе незадаволеныя калгаснікі сеялі лубін папалам са смеццем. Аграном тлумачыць гэта так: частку сапсаванага лубіну змяшалі з добрым насеннем. Павялічыўшы норму высеву, спадзяюцца атрымаць ураджай, не звяртаючы ўвагу на шкоду такога рашэння.

У калгасе “Праўда” не арганізавалі гарачага харчавання ў полі. Работнікі, адпраўляючыся світаннем на працу, прыхопліваюць з сабой пакунак з абедам. І спыніўшы на якую паўгадзіну сеяльныя агрэгаты на зямлі ў пыле сухама сілкуюцца людзі. Не назавеш гэта клопатам пра іх. А як клапоцішся – так і маеш. Мо, задумаўшыся пра апетытны наварысты боршч, даў зевака трактарыст, не заўважыў, што ў бартавую перадачу трапіў камень. І вось ужо чацвёрты дзень стаіць машына, ля якой з ключамі корпаюцца механізатары. А што значыць згубіць 8 трактарных змен на сяўбе, вядома кожнаму.

РЫЗЫКУЮЧЫ ЖЫЦЦЁМ

В. Гайдукевіч, які ў пажарнай ахове прайшоў шлях ад радавога байца да начальніка каравула, піша ў рэдакцыю газеты:

 

“Дваццаць пяць гадоў таму, у 1945-м, я паступіў працаваць у Івянецкую пажарную ахову. Час быў неспакойны. Яшчэ ішла Вялікая Айчынная вайна. У нашым раёне блукалі варожыя банды. Яны падпальвалі вёскі, гумны з хлебам, хлявы з жывёлай.

Даводзілася ўпарта змагацца, ратуючы народнае дабро. Тады наша пажарная часць мела на ўзбраенні ручную помпу і дзве конныя бочкі-вадавозы. Цяжка было з такой тэхнікай. Да таго ж часам даводзілася тушыць пажары пад кулявым агнём бандытаў.

Асабліва запомніўся нам 1964 год. У вёсцы Сівіца загарэўся бензасклад. Палалі дзве цыстэрны з бензінам і адна з саляркай. Агонь пагражаў усяму складу, а таксама будынкам, размешчаным непадалёку. Баец Г. Ф. Янушкевіч і шафёр У. Г. Пупко пачалі ахалоджваць палаючыя цыстэрны, а я, абліўшыся вадой, здолеў закрыць іх гарлавіны.

Шмат прыкладаў можна прывесці з работы нашага каравула. Мае байцы чэсна выконваюць свой абавязак”.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Пяцідзесяцігоддзе знаходжання нашага слаўнага земляка У. С. Загорскага ў радах КПСС урачыста адзначылі лётчыкі грамадзянскай авіяцыі Ленінграда. Аб гэтым паведамілі з рэдакцыі шматтыражнай газеты “Крылы Саветаў”. Уладзімір Сцяпанавіч нарадзіўся ў вёсцы Дайнава Узбалацкага сельсавета, працаваў слесарам на Пуцілаўскім заводзе, актыўна адстойваў Савецкую ўладу ў час грамадзянскай вайны. Ён з’яўляецца адным з першых арганізатараў нашай авіяцыі на Поўначы.

Сярод вадзіцеляў аўтатранспарту пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва ў Валожынскім лесапункце за мінулы месяц выйшаў Вячаслаў Антонавіч Федаровіч. Пры плане 212 кубаметраў ён перавёз 537 кубаметраў драўніны, выканаўшы заданне на 253 працэнты. Кожны дзень у маі перавыконваюць нормы лесанарыхтоўшчыкі малакомплекснай брыгады Уладзіміра Іосіфавіча Іоды.

    Валожынскі гарвыканкам прыняў рашэнне перайменаваць вуліцу Паўночную ў вуліцу генерала Букштыновіча. Жыхарам раёна добра вядома імя нашага слаўнага земляка, выдатнага военачальніка Савецкай Арміі генерал-лейтэнанта Міхаіла Фаміча Букштыновіча, начальніка штаба 3-й ударнай Арміі, якая ўдзельнічала ў штурме Берліна.

    Не палетках калгаса імя “Суворава” з’явіліся ўсходы цукровых буракоў. Неапраўдана зацягваюць сяўбу льну ў калгасах “17 верасня”, імя Гастэлы, “Праўда”. У калгасе “Камсамолец” груба парушаюць агратэхніку. Не прымаюць мер для падсеву зрэджаных азімых у калгасе “Бальшавік”.

    Піянеры атрада імя Веры Харужай Сугваздаўскай васьмігодкі імкнуцца, каб у класах не было адстаючых. Вучань Сцёпа Відрук атрымліваў двойкі. Яму цяжка даваліся руская мова і матэматыка. На дапамогу прыйшлі сябры. Яны правяралі хатнія заданні Сцёпы, заставаліся з ім пасля ўрокаў, замацоўваючы пройдзены матэрыял. Дапамагалі яму Франя Чараповіч, Аня Лужынская, Аня Лоўчая. Цяпер у класе няма двоечнікаў.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий