Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел наведаў Валожынскае благачынне

Культура

У нядзелю епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел наведаў Валожынскае благачынне. Ён правёў Божую літургію ў храме Святых роўнаапостальных Канстанціна і Алены.

На парозе царквы Уладыку з хлебам-соллю і кветкамі сустракалі выхаванкі нядзельнай школы. Высокага духоўнага госця вітаў царкоўны хор. Благачынны Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый Агіевіч прамовіў пропаведзь, адзначыўшы, што мы павінны бачыць і шанаваць вялікую міласэрнасць Божую да нас і да ўсяго чалавецтва.

Епіскап Павел таксама звярнуўся да прыхаджан са словамі настаўлення. Ён сказаў, што жыццёвыя выпрабаванні даюцца па волі Божай для пакорлівасці і схілення душы на шлях выратавання. Уладыка звярнуў увагу на тое, што кожны праваслаўны хрысціянін павінен жыць у веры. Перад літургіяй настаяцель царквы Дзмітрый Агіевіч папрасіў яго памаліцца аб міры ва ўсім свеце. Высокі духоўны госць зазначыў, што для таго, каб на зямлі панаваў спакой, ён павінен быць у кожнай асобнай краіне, а ў першую чаргу – у душы кожнага чалавека. Епіскап Павел павіншаваў усіх з Нядзельным днём, а прычашчоных з прыняццем Святых Хрыстовых Тайнаў.

Пасля заканчэння святочнай літургіі вучні нядзельнай школы парадавалі гасцей і ўсіх прысутных спевамі і вершамі на духоўна-маральныя тэмы. Высокі госць падзякаваў дзецям і педагогу школы Г. І. Косік, пажадаў поспехаў і добрага здароўя. Дзеці, якія прысутнічалі на службе, атрымалі ад Уладыкі салодкія падарункі.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНЫ



Добавить комментарий