Шматнацыянальная Валожыншчына

Культура

На мінулым тыдні на сцэне РЦК адбыўся фестываль нацыянальных культур “Шматгалоссе”. Ён праходзіў на Валожыншчыне ўжо шосты раз і стаў за гэты час сімвалам дружбы і адзінства прадстаўнікоў трыццаці дзвюх нацыянальнасцей, што тут жывуць.

У фае размясцілася выстава работ таленавітага майстра па выцінанцы Н. М. Рэут, якая ўваходзіць у народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”. Наведвальнікі маглі шчыра здзіўляцца гэтым сапраўдным шэдэўрам мастацтва. Тут жа сустракаў гледачоў майстар па ткацтве ручнікоў на кроснах В. В. Малютка. Ён дэманстраваў прынцып работы на кроснах, жадаючыя маглі азнаёміцца з ткацкім станком і задаць Вітольду Вітольдавічу пытанні.

Распачаў праграму вакальны гурт народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” пад кіраўніцтвам Я. І. Харук. Гэтых артыстаў заўсёды з асаблівай цеплынёй сустракаюць гледачы. Шматнацыянальную Расію прадставілі А. В. Пашкоўская, Н. В. Сёміна, Г. Х. Марачэўская, пастаянныя ўдзельнікі фестывалю. Калектыў “Івянчанка”, створаны пры Доме польскім Саюза палякаў на Беларусі пад кіраўніцтвам Т. А. Шыдлоўскай, вынес на суд слухачоў песні на польскай мове. В. М. Каралёва з Вішнева прадэманстравала туркменскі танец, у чарговы раз здзівіўшы гледачоў сваёй танцавальнай пластыкай. Распачала яна выступленне аўтарскім вершам, чым расчуліла прысутных. М. У. Рашоеў павітаўся на роднай мове езідаў (народнасць Арменіі), праспяваў песню і станцаваў сваю любімую “Лезгінку”.

Упершыню прыняў удзел у фестывалі В. І. Анафрэйчук, украінец па нацыянальнасці, які з 1957 года жыў ва Узбекістане. Туды ён быў прызваны ў армію, а пасля застаўся, ажаніўся, выгадаваў дваіх дзяцей. У 2012 годзе Васіль Ільіч перабраўся на Валожыншчыну да дачкі, яна выйшла замуж за беларуса. З болем успрымае ён тое, што адбываецца зараз на яго роднай зямлі, сумуе па блізкіх, але родныя мелодыі саграваюць душу. Калісьці В. І. Анафрэйчук удзельнічаў у ваенным ансамблі песні, ён любіць спяваць і на фестывалі выканаў украінскую песню “Марычка”.

Кожны з удзельнікаў атрымаў спецыяльны дыплом “За захаванне і прапаганду нацыянальнай спадчыны” і сувенір на памяць.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий