Неафiцыйным днём валейбола

Спорт

лічаць ігракі і балельшчыкі адкрыты Кубак чатырох рэгіёнаў у Івянцы

У трынаццаты раз гарадскі пасёлак Івянец праводзіў Кубак чатырох рэгіёнаў па валейболу, які паступова выйшаў за межы раёна і вобласці. Турнір можна лічыць ужо рэспубліканскім. Сёлета ў ім прымалі  ўдзел 9 каманд.

Першы рэгіён – Івянец-Валожын-Ракаў, другі – Маладзечна-Вілейка,  трэці – Стоўбцы-Дзераўное, чацвёрты – Дзяржынск-Мінск.  Ініцыятары правядзення такога турніру – спартыўны клуб івянецкіх ветэранаў, скарочана “СКІВ”. Тры гады запар на гульні прыязджалі аматары валейбола з Кобрына. Меркавалася каманда з Брэстчыны быць і сёлета, у самы апошні момант нешта не атрымалася.

Гульні на валейбольнай пляцоўцы Івянецкай сярэдняй школы праходзілі на працягу двух дзён. Каманды былі разбіты на тры падгрупы. Першымі выйшлі на поле каманды Дзяржынска і Ракава, перамогу святкавалі дзяржынцы.  Яны, дарэчы, святкавалі і агульную перамогу. У паўфінал выйшлі таксама каманды Івянца і Валожына. Пра напал страсцей лепш за ўсё сведчыць лік кожнай партыі. Вось, напрыклад, як праходзіла гульня паміж Івянцом і Валожынам. Першая партыя – 27:25 на карысць гаспадароў, другая – 23:25, і рашаючая – 15:13.

У выніку кубак павезлі з сабой валейбалісты Дзяржынска. Гэта іх не першы такі поспех. За апошнія шэсць гадоў дзяржынцы чатыры разы станавіліся чэмпіёнамі, а ў 2013 годзе былі другімі, летась – заваявалі трэцяе месца. Другое месца сёлета на рахунку каманды гаспадароў, якія выйгравалі турнір два апошнія гады запар, трэцяе – валожынцаў. Як адзначыў арганізатар турніру Генадзь Жалток, у параўнанні з папярэднімі гадамі каманда з райцэнтра значна ўзмацніла гульню. Далей месцы размеркаваліся наступным чынам: Маладзечна, Мінск, Ракаў, Дзераўное, Вілейка, Стоўбцы.

Турнір у Івянцы – не толькі свята спорту. Ён падзелены як бы на некалькі частак, уключаючы цікавую канцэртную праграму, агульнае  чаяпіцце і  ў завяршэнне нязменнае наведванне лазні, якую ў якасці спонсарскай дапамогі дораць валейбалістам мясцовыя камунальнікі. Увогуле, падрыхтоўка да галоўнага спартыўнага свята сезона ў івянцы пачынаецца адразу пасля Новага года. У дапамозе не адмаўляе ніхто. Мясцовая сярэдняя школа прадастаўляе залу, дапамагае з канцэртнай праграмай. Прызы для лепшых ігракоў і каманд вырабляюць на заводзе мастацкай керамікі, “Івкон” забяспечвае салодкімі прызамі. Свой неацэнны ўклад уносіць і мясаперапрацоўчае прадпрыемства “Аграсэрвіс-6”. Можна сцвярджаць, што на турнір працуе ўвесь пасёлак, і гэта будзе праўдай.

За гэтыя гады ўтварыліся і свае традыцыі накшталт агульнай лазні з парылкай. Даволі ўрачыста праходзіць афіцыйнае адкрыццё спаборніцтваў. Сёлета таксама хвілінай маўчання ўшанавалі двух трагічна загінуўшых ігракоў каманды Кобрына, хоць тая і не даехала на спаборніцтвы. Урачыста павіншавалі  валожынца Аляксея Міхнаўца і івянчаніна Мікалая Латышава, якія нядаўна стварылі свае сем’і, а пазнаёміліся маладажоны са сваімі абранніцамі менавіта падчас турніру.

Генадзь Жалток запэўніў, што ў гэтых гульнях няма пераможцаў і прайграўшых, тут не трымаюць зла адзін да аднаго за пройгрышы, наадварот, дзеляцца сакрэтамі майстэрства і разбіраюць-аналізуюць  пралікі. Тут так шчыра “хварэюць”, што яшчэ з тыдзень не могуць размаўляць у поўны голас. І развітваюцца, раз’язджаючыся як сапраўдныя сябры.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий