Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі  Наталлі ШТЭЙНЕР

 З Гран-пры вярнуўся з другога абласнога свята-конкурсу традыцыйнага танца “Мінская кадрыля”, якое адбылося ў Барысаве, узорны фальклорны гурт “Вянок” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці (кіраўнік Лізавета Пятроўская). На конкурсе ў абавязковым парадку ўдзельнікі выконвалі тры танцы, наш “Вянок” – карагод, “Кракавяк” і “Лявоніху”.

У рамках свята-конкурсу адначасова праходзіў турнір танцавальных пар. Удзельнікі “Вянка” занялі першыя месцы ў старэйшай і малодшай групах. Старэйшыя выхаванцы Ілля Стахоўскі і Крысціна Забела выканалі танцы “Мікіта” і “Войра”, малодшыя Глеб Трамбіцкі і Юлія Літвінковіч прадэманстравалі “Польку-бабачку” і “Лявоніху”.

 

Па-ранейшаму ў нашай краіне надаецца значная ўвага аздараўленню дзяцей, якія пражываюць у зоне, забруджанай радыенуклідамі. Праўда, цяпер аздараўленне больш праводзіцца ў здраўніцах Беларусі, чым за межамі.

У першым квартале бягучага года 26 пуцёвак у дзіцячы рэспубліканскі аздараўленчы цэнтр “Надзея” ў Вілейскім раёне былі выдзелены для вучняў Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа (заезды былі ў лютым і сакавіку). З 19 мая ў ДРАЦ “Надзея” заехалі вучні Сівіцкай базавай школы і 5 вучняў з Івянецкай СШ, якія пражываюць у забруджанай зоне. Усяго выдзелена 45 пуцёвак. Маці з дзіцем з вёскі Пяршаі ў гэтыя дні знаходзяцца ў санаторыі “Сонейка” ў Слуцкім раёне. Для дзіцяці пуцёўка выдадзена бясплатна, а для маці – з даплатай.

 

З 15 па 17 мая на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, у вальеры “Яршоўка”, праходзіў міжнародны чэмпіянат па норных сабаках.

У чэмпіянаце прынялі ўдзел 65 сабак з Расіі, Украіны, Літвы, Сербіі. Беларусь прадстаўлялі паляўнічыя сабакі з кожнай вобласці.

 

18 мая ў Маладзечне праходзіла абласная круглагадовая спартакіяда сістэмы “Белпошта”, на якой свае каманды выстаўлялі раённыя вузлы паштовай сувязі Міншчыны. Механік Валожынскага РУПС Юрый Лужынскі паказаў другі вынік у стральбе і быў уключаны ў зборную каманду Мінскай вобласці.

На рэспубліканскай спартакіядзе, якая праходзіла на базе адпачынку “Дружба” пад Мінскам, прадстаўнік нашага раёна Ю. Лужынскі заняў трэцяе прызавое месца і быў узнагароджаны дыпломам і каштоўным падарункам.

 

Актывізацыя кляшчэй назіраецца ў гэтыя майскія дні. Па даных на 18 мая, прадастаўленых памочнікам энтамолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марынай Анціпавай, ад укусаў кляшчэй пацярпелі 18 чалавек, з іх 10 дзяцей. Зразумела, што зарэгістраваны толькі тыя, хто звярнуўся ў лячэбныя ўстановы.

Гэта не больш, чым у 2014 годзе. Аднак медыкаў насцярожвае той факт, што сярод пацярпелых больш за палову складаюць дзеці. Дарэчы, самаму малому — 3 гады. Укусіў яго клешч каля дома, на прысядзібным участку ў вёсцы Раднікі. Двое людзей былі ўкушаны ля рэчкі ў Івянцы, прыбярэжная мясцовасць там загушчана хмызняком, захавалася шмат мінулагодняга  сухастою, што спрыяе папуляцыі кляшчэй. Марына Анціпава заўважыла таксама, што гэтыя небяспечныя насякомыя вельмі любяць цеплыню і прыпарку, якраз такое надвор’е назіраецца ў апошнія дні. Так што будзьце больш уважлівымі да сябе, асабліва калі знаходзіцеся ў лясах, у месцах, дзе няскошаная трава. Многае ў прафілактыцы ўкусаў залежыць і ад аддзення. Трэба ўлічваць усе фактары, калі збіраецеся адпачываць на прыродзе ці працаваць на сваіх дачных участках.

 

Масавую гібель рыбы на вадаёме ў вёсцы Пральнікі выявілі мясцовыя жыхары і паведамілі ў прыродаахоўныя органы.

На паверхні вады налічылі 141 мёртвага акуня, нанесены прыродзе ўрон ацэнены ў суму больш за 76 мільёнаў рублёў. Маладзечанская лабараторыя аналітычнага кантролю ўзяла пробы вады ў вадаёме. Праверкай данага факта займаецца Валожынскі РАУС.



Добавить комментарий