ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

ПРАПАЖУ ВЯРНУЛI

Інфармацыю пра тое, што з аўтамабіля жыхара Мінска падчас яго знаходжання ў садовым таварыстве “Дубрава Мапід” знялі колы, міліцыянеры атрымалі ад абкрадзенага гаспадара. Дастаткова хутка яны ўстанавілі і асобу злодзея – ім аказаўся ўраджэнец і жыхар вёскі Дубрава Маладзечанскага раёна. Аднак законных прэтэнзій прад’явіць не атрымалася: за некалькі дзён да прыезду міліцыі вінаваты ў злачынстве памёр. Праўда, колы супрацоўнікі міліцыі знайшлі і вярнулі ўладальніку.

 

ПАКВАПIЎСЯ НА КАНЬЯК I ЦУКАР

У аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне ад мінчанкі, уладальніцы дома ў садовым таварыстве “Трыкатажнік”. Яна паскардзілася на невядомага зламысніка, які пранік унутр сядзібы і скраў адтуль 2 бутэлькі каньяку, 2 пачкі цукру, паўбутэлькі алею і бутэльку воцату на агульную суму 257 тысяч рублёў. Міліцыянеры аператыўна выйшлі на след вінаватага. Як аказалася, “прырабіў ногі” прадуктам харчавання неаднаразова судзімы жыхар вёскі Гярвелі. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

 

ПРАЙДЗIСВЕТ НА ЧЫГУНЦЫ

Стаў вядомы праваахоўнікам і ганебны эпізод з жыцця беспрацоўнага жыхара Ластаянцаў. Знаходзячыся ў тамбуры цягніка “Маладзечна-Ліда”, ён не толькі прымяніў хуліганскія дзеянні да 25-гадовага пасажыра, але і, не асабліва тоячыся, адабраў у маладога чалавека мабільны тэлефон. Кошт апарата ацэнены ў 700 тысяч рублёў. Якія меры будуць прыняты ў адносінах да хулігана, вырашыць суд.

 

СТРАТА НА КIРМАШЫ

Жыхарка Валожына была, мякка кажучы, непрыемна ўражана, калі на тэрыторыі рынка райцэнтра зазірнула ў сумачку і не знайшла там грошай. Жанчына была ўпэўнена, што брала іх з сабой, таму не замарудзіла звярнуцца ў міліцыю. І сапраўды, небарака стала ахвярай кішэннага злодзея, які ўмудрыўся выцягнуць з сумачкі кашалёк з няхітрымі зберажэннямі жанчыны – 230-ю тысячамі рублёў, 127-ю доларамі і 10-ю еўра, а таксама пластыкавымі карткамі “Беларусбанка” і “Еўраопта”. Вінаватага шукаюць.

 

ПАЕХАЎ НА ЧУЖЫМ…

Скарга на крадзеж веласіпеда паступіла да міліцыянераў з Лоска. Аператыўна праведзеная праверка паказала, што транспартны сродак “прыхватызаваў” раней судзімы, беспрацоўны жыхар гэтай вёскі. Як ён патлумачыў пасля супрацоўнікам РАУС – “каб былі запасныя часткі да свайго веласіпеда”. Цяпер чалавек чарговы раз думае, ці варта было мяняць свабоду на ізалятар часовага ўтрымання.

 

ПОПЫТ НА КОЛЫ РАСЦЕ

Калі жыхар Ракава вярнуўся дадому, яго чакаў непрыемны “сюрпрыз”: невядомы злодзей праламаў дах гаспадарчай пабудовы, пранік унутр і ўкраў чатыры колы R-20 у зборы з літымі дыскамі. Сума нанесенага гаспадару ўрону склала 21 мільён рублёў. Асобу ліхадзея ўстанаўліваюць.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий