ГЭТЫЯ ПРЫГОЖЫЯ ЖАНЧЫНЫ НЯДАЎНА ЎЗНАГАРОДЖАНЫ ОРДЭНАМ МАЦІ

Официально

Марына Казіміраўна ПАЦІЕЎСКАЯ з сям’ёй пражывае ў прыватным доме ў аграгарадку Суднікі, знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцем, меншаму яшчэ няма двух гадоў. Да гэтага жанчына працавала ў ААТ “Суднікаўскі”. У сям’і выхоўваюцца пяцёра дзяцей. Старэйшая дачка скончыла гандлёва-эканамічны каледж і цяпер працуе прадаўцом у Пральніках. Марына Казіміраўна з мужам трымаюць вялікую гаспадарку. Старэйшыя дзеці стараюцца дапамагчы бацькам. Дом Паціеўскіх патанае ў кветках, наўкола ўсё дагледжана, радуе вока.

Яшчэ адна шматдзетная сям’я жыве ў аграгарадку Суднікі. Пяцёра дзетак выхоўваюць Марына Аляксандраўна СЯЎРУК з мужам. Трое старэйшых наведваюць школу, адзін ходзіць у дзіцячы садок, а самы малодшы, якому яшчэ няма паўтара года, знаходзіцца дома з мамай. Марына Аляксандраўна да дэкрэтнага водпуску працавала ў ААТ “Суднікаўскі”, яе муж – механізатар. Гаспадарка выдзеліла шматдзетнай сям’і дом. Сеўрукі ўтрымоўваюць сваю сядзібу ва ўзорным парадку. Жывуць яны дружна, дзеці стараюцца радаваць бацькоў, дапамагаць ім, а маці любіць у вольны час пагуляць з сынамі ў футбол.

Джанна Вячаславаўна КАЛАШОНАК жыве ў прыватным доме ў вёсцы Манькаўшчына Пяршайскага сельсавета. Чацвёра старэйшых дзяцей ужо выраслі, атрымалі адукацыю, стварылі свае ўласныя сем’і. Іх дапамогу шматдзетная маці адчувае ва ўсім. Самая галоўная памочніца – меншая дачушка – вучыцца ў пятым класе. У іх хаце заўсёды чыста і ўтульна. Джанна Вячаславаўна захапляецца развядзеннем кветак і выцінанкай.

Усе гэтыя жанчыны па праву заслужылі высокую ўзнагароду. Колькі цяпла і клопату патрэбна, каб выгадаваць пяцярых дзяцей.

Анжэла РАДЫНА

Фота прадастаўлена ТЦСАН



Добавить комментарий