Валожынскiя швачкi шылi вушанкi для галiвудскiх артыстаў…

Общество

Калі ў Валожыне ў 2011 годзе адкрываўся вытворчы цэх ЗАТ «Фабрыка галаўных убораў «Людміла», то месца для арэнды было выбрана ў мясцовым філіяле завода «Белпласт», што па вуліцы Леніна райцэнтра. 

Аказваецца, і ў Мінску гэтыя два прадпрыемствы таксама размешчаны на адной вуліцы і знаходзяцца блізка адзін ад аднаго. З цягам часу суседства стала больш цесным – два суб’екты гаспадарання аб’ядналіся ў холдынг.

На добрым рахунку ў вытворчым рэйтынгу і валожынскі цэх  ЗАТ «Людміла». Кіруе калектывам цэха Міхаіл Канстанцінавіч Захарэвіч.

Тут працаўладкаваны 35 чалавек з улікам стажораў і  выпускнікоў прафесійна-тэхнічных каледжаў, якія па размеркаванні адпрацоўваюць два гады. Заработная плата хоць і не надта высокая, але стабільная – ад 3,5 да 4,5 мільёна рублёў у залежнасці ад аб’ёмаў заказаў.

Асартымент прадукцыі ўстойлівы: шыюць сезонныя галаўныя ўборы для тых, хто служыць у арміі, у праваахоўных органах, а таксама для чыгуначнікаў. Паступаюць, здараецца, і эксклюзіўныя заказы. Кіраўнік цэха М. К. Захарэвіч не праміне ў сваім інтэрв’ю і такі факт. Валожынскія майстры шылі зімовыя шапкі-вушанкі для амерыканскіх артыстаў, якія ўдзельнічалі ў здымках мастацкага фільма на рускі сюжэт. Вушанак са штучнага футра тады пашылі няшмат, прыкладна 50, але якасцю за акіянам засталіся задаволены.

Цяпер за месяц цэх пастаўляе на склад гатовай прадукцыі да 6 тысяч палявых армейскіх жакеек. Гэтыя летнія галаўныя ўборы шыюць з камуфляжнай тканіны. Раскрой загадзя зроблены па лякалах. Самай складанай аперацыяй лічыцца прымацаванне казырка, а на парадных фуражках дэкаратыўнай аздобы – кукарды, металізаванага плеценага шнура. Пастаўляюць валожынскія майстры сваю прадукцыю на беларускі рынак, шыюць і для патрэб расійскай арміі, міліцыі. Чыгуначнікі суседняй дзяржавы таксама носяць фуражкі нашых здольных швачак. Адгружалася прадукцыя і ў Казахстан, Кіргізію, Польшчу, Германію.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий