На свеце добра без вайны…

Официально

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту адкрылася выстава творчых работ наведвальнікаў.

Майскія дні дапамаглі вызначыцца і з яе тэмай – назвалі выставу “Як добра на свеце без вайны”. Ініцыятарам і арганізатарам гэтага мерапрыемства стала кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці аддзялення Зоя Трафімаўна Гусакоўская.

На выставе дапытліваму позірку наведвальнікаў прадстаўлены работы самых апантаных і майстравітых пенсіянераў – В. Каласоўскай, Ж. Сілаковай, З. Крутэнкі, З. Гусакоўскай, В. Янкялевіча, В. Васільевай, Л. Сташэўскай, Л. Станкевіч, Г. Капыловай, Ф. Альховай, Н. Азарэвіч, Н. Казыра (на здымку). Яшчэ адной актыўнай удзельніцай стала і маладая творца – псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва А. Жданюк. Узровень дэкаратыўнага мастацтва і эстэтычнага густу праявіўся ў вырабах з саломкі, вышываных рэчах, карунка- і бісерапляценні, вязанні, фларыстыцы, квілінгу, дэкупажы і іншых жанрах. Пакарыла атмасфера дамашняй утульнасці, створаная шчодрымі на ласку рукамі бабуль. пад аналагічнай назвай праходзіла і выстава ў рамках абласнога марафону-конкурсу “Сярэбраная нітка”, на якой Валожыншчыну дастойна прадставілі работы Зоі Гусакоўскай і Віллі Янкялевіча. Гэтыя творы таксама разнастаілі калекцыю цудоўных экспанатаў.

Акрамя таго, пажылыя людзі сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў арганізавалі асобнае мерапрыемства – сустрэчу пад назвай “Хто вы, дзеці вайны?”. Гэта дало магчымасць бліжэй пазнаёміцца з ветэранамі працы і тымі, чыё дзяцінства і юнацтва прыйшлося на ваенныя і пасляваенныя гады. Напрыканцы мерапрыемства да расцвіўшых галінак маладых дрэўцаў выхаванцы аддзялення і пажылыя людзі прывязалі паветраныя шарыкі і зробленых раней папяровых галубоў – вельмі прачула атрымалася.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий