Невядомыя старонкi гiсторыi

Культура

Амаль у кожным мястэчку і кожным горадзе былой Заходняй Беларусі ёсць вуліца, якая носіць назву 17 верасня. Што гэта за дата і якім падзеям яна прысвечана – і пойдзе аповед у гэтым артыкуле.

23 жніўня 1939 года ў Маскве быў падпісаны, а 31 жніўня ратыфікаваны без абмеркавання Вярхоўным Саветам СССР савецка-германскі Дагавор аб ненападзенні і сакрэтны пратакол да яго. 1 верасня 1939 года германскія войскі перайшлі граніцу Польшчы. 3 і 5 верасня германскі пасол у СССР граф Шуленбург сустракаецца з міністрам замежных спраў Молатавым, каб прымусіць СССР выканаць саюзныя дамоўленасці і паскорыць яго ўступленне ў вайну супраць Польшчы. 11 верасня міністр замежных спраў Германіі Рыбентроп заявіў, што калі СССР не ўступіць у вайну, то Германія прыпыніць наступленне войск і створыць буферныя дзяржавы – Польшчу, Беларусь і Украіну. Савецкім урадам былі створаны Беларускі і Украінскі франты, прыпынена дэмабілізацыя і аб’яўлена мабілізацыя рэзервістаў. 15 верасня Молатаў і пасол Японіі ў СССР Того Сігэнорі падпісваюць савецка-японскае пагадненне “Аб спыненні ваенных дзеянняў у раёне ракі Халкін-Гол”. фактычна было заключана савецка-японскае перамір’е.

І толькі пасля гэтага, 16 верасня ў часцях Чырвонай Арміі зачытваюць загад аб вызваленчым паходзе на Захад. Да пачатку баявых дзеянняў у склад Беларускага фронта ўваходзяць 3-я, 4-я, 10-я, 11-я арміі, франтавая конна-механізаваная група камкора І. В. Болдзіна, 23-і стралковы корпус камбрыга С. А. Акімава. Усяго ў складзе фронта 378610 чалавек, 2406 танкаў.

Пасля пачатку вайны польскія войскі былі адпраўлены на германскі фронт. Фактычна польскае камандаванне на ўсходзе мела толькі памежныя войскі. Яны называліся Корпус аховы пагранічча (далей – КАП). Войскі КАП ахоўвалі граніцу з Літвой, Латвіяй, СССР, Румыніяй. З Германіяй і Чэхаславакіяй граніцу абаранялі наёмныя фарміраванні, так званыя “Straz graniczna” (Памежная варта).

КАП створаны ў 1924 годзе. Прычынай стварэння паслужыла напружанае крымінальнае становішча на новай усходняй мяжы нядаўна адроджанай (1918 г.) Рэспублікі Польшча. Памежнікі і мясцовая паліцыя не спраўляліся з наплывам банд, кантрабандыстаў, палітычных экстрэмістаў і дыверсійных атрадаў. Польскі ўрад пастанавіў заснаваць адмысловае ваенізаванае фарміраванне для рашэння гэтых праблем. Створаны Корпус аховы памежжа падпарадкоўваўся адначасова Міністэрству ўнутраных спраў і Міністэрству абароны Польскай Рэспублікі. Асноўнай яго функцыяй была ахова ўсходняй мяжы. Акрамя таго, у абавязкі корпуса ўваходзіла навядзенне парадку на прымежнай тэрыторыі, а таксама крымінальны і нават палітычны вышук. Набіралі на службу ў корпус палякаў ці этнічных немцаў з заходніх раёнаў Польшчы. Для ўтрымання пад вартай падазроных асоб у структуры КАП меліся турмы. У Валожыне такая турма месцілася па сучаснай вуліцы М. Горкага (зараз – магазін “Камфорт”).

Фарміраванні КАП можна аднесці да пяхотных войск. Таму ўзбраенне было, як у пяхоты. У Івянцы быў эскадрон кавалерыі. Па знешняму выгляду і вайсковаму абмундзіраванню гэтыя войскі адрозніваліся ад астатніх толькі тым, што ўсе былі ў ботах. Не насілі абмотак, як у пяхотных палках. Вайсковыя шапкі ў іх былі не чатырохвугольныя (канфедэраткі), а з круглым верхам (англійскага ўзору). Арлы на шапках такія ж, як і ў сухапутных войск. Пятліцы на мундзірах гранатавага колеру.

Уладзімір ПУЧКОЎ,

навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея

(працяг будзе)

 



Добавить комментарий