Нашы дзеці

Молодежный курьер

лібрэта для «гурманаў»

 Калі маленькія артысты валожынскага дзіцячага сада № 3 “Пралеска” выступаюць з чарговым міні-спектаклем – у глядзельнай зале дашкольнай установы заўсёды аншлаг.

Большасць дзетвары – наведвальнікі музычна-тэатральнага гуртка з элементамі харэаграфіі “Чароўны грамафон”, які працуе пры садку. Нязменны кіраўнік гуртка – Жанна Феліксаўна Мянцюк. Першую пастаноўку – оперу “Калабок” на лібрэта А. Рэмязоўскай – дзеці паказалі ў 1996 годзе. Прадстаўленне прайшло на ўра. З тых часоў што ні год – то прэм’ера.

5-6-гадовыя акцёры даюць прадстаўленні раз у квартал. Іх верны глядач – выхаванцы садка, педагогі і бацькі. На маленькай сцэне “Пралескі” з поспехам ставяцца музычныя казкі “Муха-Цакатуха”, “Церамок”, “Кошчын дом”, “Дзюймовачка”, “Пунсовая кветка”, “Царэўна-лягушка” і іншыя.

У рэпертуары дашкольнікаў ёсць і камедыйная п’еса з песнямі і танцамі – вадэвіль “Нашы добрыя суседзі” на лібрэта Л. Аліфіравай.

Да многіх казак Жанна Феліксаўна сама піша музыку, а затым акампануе маленькім артыстам на фартэпіяна ці акардэоне. Яркія дэкарацыі ствараюць усім педагагічным калектывам. Бацькі ж клапоцяцца пра акцёрскі гардэроб.

За час існавання “Чароўнага грамафона” праявіць свой акцёрскі і музычны  талент змаглі каля 350 чалавек. Аднак займацца тут можа не кожны.  Неабходны адпаведныя здольнасці.

У “Чароўным грамафоне” робяць акцэнт не толькі на міні-спектаклях. Развіты і танцавальны кірунак: ад вытанчаных вальсаў да энергічнай “Хафананы” Афрыка Сімона. “Запальваюць” не толькі дзяўчынкі, але і хлапчукі. Сёлета іх пяцёра: Арсеній Трус, Улад Далінкевіч, Мікіта Рубацкі, Коля Каранік і Жэня Карачун.

На свяце 9 Мая, напрыклад, гурткоўцы выступалі на сцэне “Дзіцячага гарадка” ў райцэнтры з сучаснай танцавальнай кампазіцыяй.

Дзеці таксама іграюць класіку. Мне яны прадэманстравалі аранжыроўку вальса “На цудоўным блакітным Дунаі” Іагана Штрауса-сына. З дынамікаў гучаў арыгінал, а дзіцячы аркестр “Чароўнага грамафона” ва ўнісон яму ствараў мелодыю, іграючы на званочках, маракасах, металафоне і ксілафоне. Пагадзіцеся, гэта вялікае дасягненне – у шасцігадовым узросце быць знаёмым з творчасцю генія венскага вальса.

свет як на далоні

 Зірнуць з вышыні птушынага палёту на рэчаіснасць дашкольнікам дапамагаюць аб’ёмныя макеты. 

Педагогі дзіцячага садка № 2 “Вясёлка”, што ў райцэнтры, стварылі 6 міні-мадэляў – “Скрыжаванне”, “Лясныя жыхары”, “Школа”, “Сельскі падворак”, “Беларуская  хатка” і “Мая група” – якія можна вывучаць праз гульню з імі.

Напрыклад, макет “Скрыжаванне”, зроблены педагогам Аленай Уладзіміраўнай Махіной, дэманструе беларускую дарогу ў мініяцюры. На фанернай дошцы размясціўся квартал з дамамі, дворыкамі, ажыўленым шасэ, святлафорамі і дарожнымі знакамі. “Скрыжаванне” для вывучэння правіл дарожнага руху было задумана нездарма. У групе 6 дзяўчынак і 19 (!) хлопчыкаў, апошніх ад макета не адагнаць. У дзяўчынак жа ў пашане лялька “Дзяржаўтаінспектар”, якая знаёміць маленькіх гарэз з працай рэгуліроўшчыка.

“Сельскі падворак”, прыдуманы выхавальніцай Таццянай Анатольеўнай Бацян, – макет-трансформер. Млын, студня, хатняя гаспадарка, мужычок, які кіруе возам з ураджаем, знаёмяць 3-4-гадовых малышоў не толькі з укладам сельскага жыцця, але і з порамі года. Зімой зялёнае пакрыццё макета замяняецца на белае, на месцы кветкавай паляны з’яўляецца снегавік, для каларыту можна дадаць сані і кладку дроў. Многія дэталі для макета дапамагала рабіць Таццяна Сяргееўна – мама Юлі Кобзаравай.

Макеты “вандруюць” з групы ў групу, каб усе дашкольнікі змаглі пазнаёміцца з навакольным светам у мініяцюры.

 

У чаканні першага званка

 Многія з іх ужо паспелі адчуць сябе вучнямі. Кожную суботу на працягу некалькіх месяцаў дзеці хадзілі ў школу на спецыяльныя заняткі. Перадшкольная падрыхтоўка арганізоўваецца на платнай аснове. Яна дапамагае маленькім непаседам лягчэй адаптавацца ў навучальным працэсе.

Сваімі ўражаннямі ад наведвання СШ № 2 райцэнтра падзяліўся 6-гадовы Кірыл КРАЎЧАНКА:

– Настаўніца кожных раз праводзіла па некалькі ўрокаў. Напрыклад, на першым – мы малявалі, на другім – абводзілі па кропках літары, геаметрычныя фігуры. На вялікай дошцы рашалі прыклады. Нічога складанага.

Для нас правялі экскурсію ў школьным музеі. Мы наведалі бібліятэку, спартыўную залу і гардэробную.

Я для сябе вырашыў, што буду сядзець за першай партай. Добра, калі побач з прыгожай дзяўчынкай. Бо гэта месца выдатнікаў. А я павінен добра вучыцца, таму што хачу стаць банкірам.

 

Старонку да друку падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий