Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

На працягу трох майскіх дзён у Мінску ў выставачным цэнтры БЕЛЭКСПА праходзіла Міжнародная спецыялізаваная выстава “Лесдрэўтэх-2015”. Сваю прадукцыю ў поўным аб’ёме на ёй прадстаўляў і Валожынскі лясгас.

Работнікі лесу нашага раёна дэманстравалі пілапрадукцыю ўсіх відаў і размераў, прадукцыю сталярнага цэха, венікі гаспадарчыя і для лазні, мёд. Амаль усе выставачныя ўзоры былі рэалізаваны. Лесагаспадарнікі разлічваюць на заказы ў далейшым.

Члены народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” раённага цэнтра культуры прынялі ўдзел у традыцыйным Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет”, які ў сёмы раз ладзіўся ў Лошыцкім парку сталіцы. Туды з’ехаліся больш за 400 майстроў-умельцаў з усіх абласцей Беларусі.

Валожыншчыну прадстаўлялі ткач Вітольд Малютка з Каменя, вышывальшчыца з Ракава Марыя Шумская і Васіль Рубцоў, якія мае ў Ракаве сваю майстэрню, дзе займаецца дэкорам і гравіроўкай шкла, а таксама яшчэ адна ракаўчанка – Хрысціна Лямбовіч са сваімі тканымі паясамі. Тканыя на ніту паясы, сувенірныя лялькі выстаўляла Наталля Хаванская з Сакаўшчыны, у творчым арсенале жыхаркі райцэнтра Наталлі Рэут былі выцінанка і жывапісныя творы, разнастайныя работы з бісеру прадстаўляла Святлана Семяняга з Адамова, з салёнага цеста – Марына Цішэвіч з Пугачоў. Мінчане і госці горада мелі магчымасць не толькі падыхаць свежым паветрам, але і набыць сувенірную прадукцыю ручной работы, якая грэе душу, тавары для дому, паслухаць канцэрт самадзейных артыстаў з розных куткоў Беларусі.

Дыпломы за другое месца і грашовыя прэміі былі ўручаны Хрысціне Лямбовіч і Вітольду Малютку, за трэцяе – Наталлі Рэут.

 

У Мінскім футбольным манежы прайшлі спаборніцтвы па міні- і максі-футболе “Фестываль дзіцячага футбола-2015”. Дзве дзіцячыя зборныя, сфарміраваныя з хлопчыкаў 2005-2006 гадоў нараджэння і 1999-2000 гадоў, выставіў наш Валожын.

 

У кожнай падгрупе было па чатыры каманды: Мінск (дзве), Валожын і Віцебская вобласць. Абедзве валожынскія каманды занялі другое месца, уступіўшы на полі сваім равеснікам з Віцебшчыны. Старэйшыя футбалісты прайгралі з лікам 0:3, малодшыя – 0:6.

Крыху раней малодшая зборная прыняла ўдзел у Рэспубліканскім турніры па футболе на прызы Асацыяцыі Беларускай федэрацыі футбола ў Ашмянах. Там на полі спрачаліся восем каманд. Юныя валожынцы занялі чацвёртае месца.

 

16 мільёнаў рублёў выдаткаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на набыццё дзяржаўных флагаў для 30 устаноў культуры. Абноўленая атрыбутыка будзе вывешвацца на ўстановах у дні дзяржаўных свят.

А на раённым краязнаўчым музеі ў апошнія майскія дні ўсталявана прыгожая шыльда “Валожынскі раённы краязнаўчы музей”, вырабленая па заказе ў адной з маладзечанскіх спецыялізаваных майстэрняў.

 

У серыі “Маладая паэзія Беларусі” ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ўбачыў свет першы паэтычны зборнік нашай зямлячкі, ураджэнкі Валожына Аксаны Мітрошчанкавай.

Пяшчота і дабрыня, рамантычнасць і лёгкая наіўнасць уласцівы самой пачынаючай паэтэсе і яе лірычнаму герою. Зборнік “І мір мне ўсміхнецца” выйшаў невялікім тыражом, але гэта толькі пачатак… У Аксаны ўсё яшчэ наперадзе!



Добавить комментарий