Партнёрскiя сувязi мацнеюць

Общество

Дваццаць гадоў таму пачало працаваць Валожынскае раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”.

У маі 2005 года ў вёсцы Ганчары адбылося ўрачыстае адкрыццё на яго базе Маладзёжнага цэнтра. Падзяліць з валожынцамі радасць юбілейных урачыстасцей прыбылі нядаўна дэлегацыя з розных гарадоў Германіі, дзе знаходзяцца аддзяленні Хрысціянскага саюза, прадстаўнікі арганізацый раёна, якія не толькі аказвалі дапамогу ў наладжванні сяброўскіх стасункаў, але і на працягу двух дзесяцігоддзяў працавалі ў цесным супрацоўніцтве. Гэта ў першую чаргу аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённая бальніца, школы раёна.

За дваццаць гадоў назапашаны пэўны вопыт, разрасталася і пашыралася кола сяброў, у скарбонцы арганізацыі шмат добрых і запамінальных спраў. Пра ўсё гэта і расказала ў сваім выступленні старшыня грамадскай арганізацыі Вольга Шаргародская. Затым слова было прадастаўлена Анатолю Мікалаевічу Кулаку, які ў 1995 годзе на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама стаяў ля вытокаў нараджэння грамадскай арганізацыі і завязвання партнёрскіх сувязей у Германіі. Ён успомніў, як мяняліся ў свядомасці жыхароў раёна адносіны да немцаў, як прымалі ўдзел у Міжнароднай выстаўцы ў Гановеры, аб задумцы адрадзіць спаленую ў гады Вялікай Айчыннай вайны царкву ў вёсцы Доры.

Усім, хто ведае нямецкага партнёра Клауса Кобса, падалося, што гэты чалавек ніколькі не змяніўся за доўгія гады. А быў К. Кобс з тых людзей, якія прыехалі ў Валожын у далёкім 1995 годзе, для наладжвання сувязей.  Ён успомніў, што Валожын быў першай арганізацыяй Хрысціянскага саюза маладых людзей “Сетка свету” на Беларусі (а падраздзяленні Саюза ёсць у 125 краінах свету), нагадаў і той момант, што на адкрыццё Маладзёжнага цэнтра ў Ганчарах прыязджаў тагачасны пасол Германіі ў Беларусі.

Затым слова бралі госці з гарадоў Хаген, Оберхаўзэн, Дзюсельдорф, Касель, Гановер, Брэмен, Дельменхорст.  Большасць з іх прыязджаюць да нас у Беларусь шмат разоў і, як прызнаваліся самі, адчуваюць сябе, як дома. Уважліва разглядаліся фатаграфіі 20-гадовай даўнасці, успаміналіся розныя жыццёвыя сітуацыі.

Сотні дзяцей нашага раёна прайшлі аздараўленне ў Германіі дзясяткі настаўнікаў нямецкай мовы ўдасканалілі свой моўны патэнцыял, пашырылі веды пра Германію. Практычна кожная школа ў раёне мае сваіх партнёраў у гэтай краіне.

У нашым раёне праект “Маці і дзіця” па аздараўленню дашкольнікаў паспяхова рэалізуецца ў яслях-садзе № 6 “Вясёлы вулей”. У Маладзёжным цэнтры працуюць музычная група «Тэн-Зінг» і спартыўная група па флорболе. Дзейнічаюць дзіцячыя групы “Сябры” для дзяцей 4-9 гадоў і “Ідучыя разам” (11-12 гадоў) па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Дзве дзіцячыя групы створаны ў Івянцы і Вішневе.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, фізкультуры і спорту райвыканкама па спорту Валянціна Башаркевіч уручыла юбілярам памятны адрас ад райвыканкама за прапаганду здаровага ладу жыцця, аздараўленне дзяцей і ўсебаковае развіццё асобы. Павіншаваць сваіх сяброў прыехалі прадстаўнікі ХСМЛ з Маладзечна.

Гурткоўцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, творчых гурткоў Маладзёжнага цэнтра падрыхтавалі для гасцей свята рознабаковую канцэртную праграму.

Госці з Германіі пабывалі на экскурсіі ў новым Музеі Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічалі ў адкрыцці музейнага пакою “Галасы вайны” ў Дорскай СШ, у “круглым стале” з педагогамі раёна, для іх быў праведзены майстар-клас па вырабе паштовак да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве па аздараўленню дзяцей з аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Нямецкія сябры прынялі ўдзел у святкаваннях Дня Перамогі ў райцэнтры.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий