Ноч у музеi

Культура

У мінулы аўторак раённы краязнаўчы музей гасцінна адчыніў свае дзверы для жыхароў і гасцей Валожыншчыны. Ужо другі раз тут праводзілася мерапрыемства “Ноч музея”, асноўная мэта якога – паказаць рэсурсы, магчымасці, патэнцыял гэтай установы культуры.

Музей з гэтай нагоды нават змяніў шыльду. Стыльная, элегантная, яна добра пасуе гістарычнаму будынку, які большасць жыхароў Валожына лічаць архітэктурным упрыгожаннем нашага горада.

Сустракала гасцей дырэктар Наталля Лоўчая ў вобразе пані канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя. Яе калегі – работнікі РЦК, раённай бібліятэкі – сваім знешнім выглядам таксама падтрымлівалі атмасферу мінуўшчыны. Вітаў гасцей і Фердынанд Рушчыц, ролю якога пераканаўча выканаў Сяргей Сівы. Дарэчы, арганізатары мерапрыемства прысвяцілі музейную ноч 145-годдзю гэтага сусветнавядомага мастака, слаўнага сына Багданаўскай зямлі. Прыхільнікі  выяўленчага мастацтва пазнаёміліся з рэпрадукцыямі карцін знакамітага земляка, з работамі ўдзельнікаў і пераможцаў рэгіянальнага пленэра з міжнародным удзелам “Зямля і неба Фердынанда”. Юныя мастакі ў кампаніі з каардынатарам праекта Алай Аляксандраўнай Макарэвіч з задавальненнем адказвалі на пытанні наведвальнікаў.

Была прадстаўлена і цікавая прэзентацыя, таксама прысвечаная жыццю і творчасці Ф. Рушчыца. Тых, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, з экспазіцыяй, прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі, знаёміў Уладзімір Пучкоў. Фотамастак з Мінска Мікалай Міхайлавіч Ліннік сустракаў аматараў прыгожага на другім паверсе музея, дзе размясцілася выстава яго работ.

Наведвальнікаў прыемна ўразіла тое, што арганізатары мерапрыемства, клапоцячыся аб іх камфорце, на гэту ноч адкрылі арт-кафэ, дзе кожны жадаючы ў прыемнай, утульнай атмасферы мог выпіць кубачак кавы ці чаю, паласавацца прысмакамі. На поспех задумкі працавала і добра прадуманае афармленне музейных памяшканняў, рэквізіт і, безумоўна, жывая музыка, якая быццам збірала кожны момант вечарыны ў адзінае цэлае, настройваючы наведвальнікаў на адпаведную хвалю. Здавалася, што пад гукі паланезаў, мазурак, вальсаў твары, постаці і рухі людзей мяняюцца. Быццам гэта не цяперашнія валожынцы, а паны і паненкі, сучаснікі гаспадара, сабраліся на сапраўдны баль, якіх утульны і загадкавы дом бургамістра, відаць, памятае нямала.

Як напамін аб цікава, з карысцю праведзеным часе, кожны госць атрымаў рукатворны сувенір з эксклюзіўным пажаданнем. Завяршылася ноч у музеі феерверкам, які парадаваў дарослых, а дзетвару прывёў у сапраўднае захапленне.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий