Узялi на ўлiк

Общество

Пры ўліку дзікай жывёлы паляўнічыя выкарыстоўваюць традыцыйныя прыёмы і правілы. Сёння мы можам прадставіць даволі поўную карціну жывёльнага свету ў паляўнічых угоддзях на тэрыторыі нашага раёна.

Па даных на 1 мая, на тэрыторыі лесапаляўнічай гаспадаркі “Налібоцкая пушча” Валожынскага лясгаса налічваецца лася – 85 асобін, аленя высакароднага – 85, казулі – 170, зайца беляка – 45,  зайца русака – 95, лісіцы – 35, вавёркі – 360, куніцы лясной – 50, тхара ляснога – 45, ваўкоў – 4.

На падведамаснай тэрыторыі раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (84 тысячы гектараў палявых угоддзяў) на 1 мая налічвалася лася—90 асобін, аленя – 90, казулі – 335, зайца беляка – 110, зайца русака – 1950, лісіцы – 640, куніцы лясной – 320, куніцы каменнай – 45, тхара ляснога – 25. Ваўкі не былі зафіксаваны ўвогуле.

Спецыялісты адзначылі, што назіраецца нязначны рост капытных жывёл, што абумоўлена даволі мяккімі зімамі ў апошнія гады. Росту колькасці зайца спрыяе зніжэнне колькасці лісіцы.

Па-ранейшаму персонай “нон-грата” ў беларускіх лясах застаецца дзік, які лічыцца пераносчыкам і распаўсюджвальнікам афрыканскай чумы свіней. Вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы лясгаса Павел Садоўскі дадаў, што на тэрыторыі лесапаляўнічай гаспадаркі “Налібоцкая пушча” падчас зімовага ўліку былі выяўлены ўсяго 4 асобіны дзіка. На 1 мая здабыты 3 жывёліны.

У раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў адзначылі, што на тэрыторыі іх угоддзяў былі “пастаўлены на ўлік”  15 дзікоў. За гэты час 12 з іх ужо адстраляны.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий