У складанай жыццёвай сiтуацыi

Культура

Ідучы па плошчы Валожына, я стала сведкай непрыемнай сітуацыі. Насустрач рухалася маладая сямейная пара. Апранутая ў светлае паліто жанчына ішла справа ад мужчыны, які вёў 2-3-гадовага хлопчыка. Сям’я як сям’я, нічога не вылучала яе сярод іншых.

У адзін момант усё змянілася. Малады мужчына з усяго размаху ўдарыў ззаду жонку нагой, тузануўшы пры гэтым сына за руку так, што той ледзь не паваліўся. У вачах дзіцяці з’явіўся страх. Жанчына пахіснулася, але ўтрымалася на нагах. Мужчына, поўны агрэсіі, пайшоў далей, трымаючы за руку дзіця.

Першая думка, якая прыйшла мне ў галаву, была аб тым, як гэты чалавек можа паводзіць сябе дома, застаўшыся сам-насам са сваімі блізкімі, калі дазволіў такое ў людным месцы горада.

Думалася і аб тым, як у наш час, калі так многа ўвагі надаецца праблеме насілля ў сям’і, прылюдна адбываюцца такія абразлівыя выпадкі. Што адчувала маладая жанчына ў гэтай сітуацыі? Можа гэта норма іх сямейнага жыцця?

Першае пытанне маёй знаёмай, з якой я падзялілася сваімі назіраннямі, было аб тым, чаму жанчына ніяк не зрэагавала на паводзіны мужа. Я думаю, што калі б яна абурылася ці неяк інакш праявіла свае эмоцыі, то паследкі маглі быць непрадказальнымі. Таму, “каб не будзіць звера”, яна пастаралася захаваць спакой. Хаця невядома, чым гэтыя разборкі яшчэ закончыліся дома.

Біць жанчыну можа толькі вельмі слабы мужчына. Лічу, што гэта проста распушчанасць, развязнасць і нават ганебнасць. Той, хто ўзнімае руку на жанчыну, не мужчына па вялікім рахунку.

Пра якую блізкасць у сям’і можна гаварыць, калі адзін робіць балюча другому. Такое жыццё траўміруе мацней, чым нават развод. Наступствы ўплываюць негатыўна на ўсіх. Бытавое насілле над жанчынай, якое адбываецца на вачах дзіцяці, траўміруе яго псіхалагічна. Гэта потым можа паўплываць на лёс, яго станаўленне, развіццё, на ўсё далейшае жыццё, на стэрэатыпы паводзін, у тым ліку на яго будучую сям’ю.

Па даных ААН, каля 70% жанчын у свеце падвяргаліся насіллю на працягу свайго жыцця.

У Беларусі не першы год ідзе інфармацыйная кампанія супраць хатняга насілля. Спецыялісты правялі апытанне, у выніку якога выявілася, што каля 22,4% жанчын адчуваюць эканамічнае і 13,1% – сексуальнае насілле з боку мужа ці партнёра. 22,1% рэспандэнтаў-мужчын падчас апытання прызналіся, што хоць аднойчы падвяргаліся фізічнаму насіллю з боку жонкі ці партнёркі.

Пры гэтым толькі малая частка пацярпелых звяртаецца за дапамогай. Часта людзі думаюць, што хатнія праблемы – асабістыя, выносіць смецце на вуліцу сорамна.

У Валожыне дзейнічае тэлефон даверу пры ТЦСАН (56017). Звяртаюцца ў асноўным, як паведамілі ў цэнтры, жанчыны-пенсіянеркі, у якіх узнікаюць праблемы з дзецьмі. Паступаюць і званкі, звязаныя з пытаннем насілля ў сям’і. Спецыялісты рэагуюць на кожны зварот і стараюцца кампетэнтна дапамагчы ўсім, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий