ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

ПАЛОННЫЯ “ЗЯЛЁНАГА ЗМЕЯ”

На аўтавакзале вёскі Ракаў супрацоўнікамі міліцыі складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да маладой жанчыны, якая бессаромна “пацягвала” віно прама з бутэлькі, што ў грамадскіх месцах катэгарычна забаронена. Правапарушальніцы давядзецца раскашэліцца на штраф у памеры 90000 рублёў.

Панясе адказнасць за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства і непрацуючы жыхар райцэнтра. На працягу тыдня мужчыну двойчы затрымлівалі з двухлітровымі “гумовікамі” самагонкі за пазухай. Несанкцыянаваную гарэлку яму прадаваў “прадпрымальны” пенсіянер з Валожына, які ўжо не раз быў аштрафаваны за рэалізацыю самагону, але так і не кінуў гэтай ганебнай справы.

 

АПОШНЯЯ ПАЕЗДКА

Каля вёскі Агароднікі адбылося дарожна-транспартнае здарэнне: вадзіцель аўтамабіля “ВАЗ”, 1932 года нараджэння, не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў прыдарожнае дрэва. На месца здарэння выехалі супрацоўнікі службы ДАІ. Віноўнік аварыі растлумачыў, што раптам за рулём адчуў сябе вельмі дрэнна. Яго даставілі ў бальніцу, медыкі назначылі курс лячэнне, але праз некалькі дзён жыццё мужчыны абарвалася. Па папярэдніх звестках, прычына смерці з ДТЗ не звязана.

 

СПРЭЖАНЫЯ СПАЙСАМ

На аўтадарозе Мінск-Гродна быў затрыманы аўтамабіль “Опель астра”. У салоне знаходзіліся двое хлопцаў з Валожына. Падчас вобыску ў іх канфіскавалі некалькі грамаў парашку карычневага колеру, які па заключэнні экспертаў аказаўся спайсам.

За незаконнае захоўванне наркатычнага рэчыва ўзбуджана крымінальная справа.

 

МО ЧУЛІ, ДЗЕ ТЫЯ ТУІ?

На тэрыторыі садовага таварыства “Вясна-93” ад крымінальных дзеянняў пацярпелі адразу два дачнікі.

З прысядзібнага ўчастка аднаго зламыснікі скралі 7 дэкаратыўных дрэў туі, з гаспадарчай пабудовы забралі газонакасілку і музычны цэнтр, учыніўшы такім чынам агульны ўрон больш чым на 12 мільёнаў рублёў.

Другі пацярпелы таксама недалічыўся пяці саджанцаў туі, а яшчэ вадкакрышталічнага тэлевізара і інструментаў для рамонтных работ агульным коштам 11 мільёнаў рублёў. Па дадзеных фактах узбуджана крымінальная справа, вядзецца следства.

 

ТРАГІЧНЫ ФІНАЛ

У вёсцы Лаўскі Брод загінуў мінчанін 1970 года нараджэння. Мужчына рамантаваў сваю старэнькую “Аўдзі-100” і, відаць, дрэнна паклапаціўся пра замацаванне аўтамабіля. Машына абвалілася прама на гаспадара…

 

КАШАЛЁК-СПАКУСНІК

Ад жаночага каварства пацярпеў нідзе не працуючы жыхар адной з вёсак раёна: запрасіў у госці знаёмую, таксама беспрацоўную, а тая і ўмыкнула кашалёк з доларамі і беларускімі рублямі. Раней крымінальных схільнасцяў за жанчынай не назіралася, на чужое паквапілася ўпершыню. Кашалёк ледзь не сам прасіўся ў рукі – ляжаў навідавоку.

А вось жыхарку райцэнтра 1974 года нараджэння за крадзяжы судзілі ўжо шмат разоў. Але гэта ніяк не адбіла ў жанчыны прагі да чужой маёмасці. Нядаўна папалася зноў – украла залаты ланцужок.

 

МАХІНАЦЫЯ НЕ ЎДАЛАСЯ

Дырэктар аднаго са сталічных прыватных прадпрыемстваў на тэрыторыі аб’екта “Рэканструкцыя гарадскога дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі “Пралеска” ў Ракаве набыў вялікую колькасць будаўнічых матэрыялаў, хоць і ведаў, што яны крадзеныя. Мужчыну затрымалі праваахоўнікі пры спробе рэалізаваць набытае. Здзелка амаль на  40 мільёнаў рублёў правалілася. Супраць махінатара ўзбуджана крымінальная справа.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА

 



Добавить комментарий