У раёне меліярацыяй займаецца ДУП «Валожынскае ПМС»

Общество

У раёне меліярацыяй займаецца ДУП “Валожынскае ПМС” пад кіраўніцтвам А. М. Нямкевіча. На балансе прадпрыемства знаходзіцца больш за 17 тысяч гектараў меліяраваных зямель і больш за 3 тысячы кіламетраў асушальнай сеткі, у тым ліку каля тысячы кіламетраў меліярацыйных каналаў, а таксама 376 гідратэхнічных збудаванняў, больш за 60 км дарог і каля 40 км дамбаў-абвалавання. Працуе ў калектыве 108 чалавек. Прадпрыемства займаецца і будаўніцтвам, добраўпарадкаваннем.

Цяпер тут вядзецца рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Укропаўшчына” на тэрыторыі КСУП “Пяршаі-2014”, якая была ўведзена ў эксплуатацыю 36 гадоў таму.

Праца меліяратараў сезонная, летам рабочы дзень доўжыцца да 19 гадзін. Аплата працы здзельная, і кожны хоча атрымаць большы заробак.

Ворывам займаецца С. І. ІВАНОЎ (на верхнім здымку злева). Станіслаў Іванавіч кожны дзень стараецца перавысіць даведзеную норму і выканаць заданне на давераным участку як мага лепш.

Брыгада мантажнікаў гідратэхнічных збудаванняў (на ніжнім здымку злева) займаецца рамонтам дрэнажнага вусця. Брыгадзір А. У. КАДЫРКА трыццаць гадоў аддаў ДУП “Валожынскае ПМС”, неаднаразова быў узнагароджаны. Стараюцца не адстаць ад Анатолія Уладзіміравіча і яго падначаленыя Л. Л. СЯМЁНАЎ, Д. В. СУХАДОЛЕЦ і Д. М. ХАТКЕВІЧ.

Усё свядомае жыццё працуе на прадпрыемстве машыніст экскаватара В. І. БАКШТАНОВІЧ (на здымку справа). У 2013 годзе ён узнагароджаны нагрудным знакам “Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь”. Вацлаў Іосіфавіч карыстаецца павагай у калег і кіраўніцтва.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий