Паслужым прыродзе…

Общество

5 чэрвеня – Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Ён быў заснаваны ў 1972 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН з мэтай актывізацыі прыродаахоўнай дзейнасці. Асноўныя святочныя мерапрыемствы сёлета пройдуць у Манголіі і будуць прысвечаны праблеме рацыянальнага выкарыстання прадуктаў харчавання.

Прыроднае багацце нашай Валожыншчыны таксама неабходна зберагаць і прымнажаць. Аб тым, што робіцца ў гэтым кірунку, мы папрасілі расказаць начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А. К. ПАШКОЎСКАГА.

 

–  Анатоль Канстанцінавіч, жыхары раёна свядомыя прыродакарыстальнікі ці не?

– Цяжка адшукаць такога сучаснага чалавек, які б не пагадзіўся з тым, што прыродная спадчына – наша галоўнае багацце. І стаўленне да прыроды ў жыхароў раёна я б ахарактарызаваў станоўча. Ды і работа праводзіцца мэтанакіравана: у школах і дашкольных навучальных установах дзяцей вучаць любіць і зберагаць навакольнае асяроддзе, адпаведнымі службамі кантралюецца санітарны стан населеных пунктаў, тэрыторый арганізацый і прадпрыемстваў, райвыканкамам зацверджаны план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні. Кожны куток раёна даследаваны вучонымі. Мы маем чатыры заказнікі, 18 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння і 8 – мясцовага, асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі (Сіняя Гара, парк Андрывонж). На тэрыторыі раёна выяўлены 32 віды раслін і 52 віды жывёл і птушак, якія занесены ў Чырвоную кнігу.

– Але ж нельга сказаць, што чалавек ужо цалкам перастаў шкодзіць прыродзе. Чым найчасцей “грашаць” жыхары нашага раёна?

– Найбольш парушэнняў фіксуецца на тэрыторыях садовых таварыстваў, жыльцы якіх выкідаюць смецце дзе папала: на абочыны дарог, у лесе. Гэтыя несанкцыянаваныя звалкі мы выяўляем, ліквідуем. У адносінах да вінаватых сёлета складзены 7 адміністрацыйных пратаколаў, агульная сума штрафаў склала звыш 12 мільёнаў рублёў.

Часам і мясцовыя жыхары жывуць па прынцыпе: абы мой дом і двор былі чыстымі. Зараз з усімі заключаны дагаворы аб цэнтралізаваным вывазе смецця, аднак некаторым, відаць, цяжка данесці пакет з адходамі да спецыяльнага кантэйнера. Нядаўна нам паступіў сігнал, што каля вёскі Пятровічы нехта выкінуў вялікую колькасць смецця. Вінаватага адшукалі па старых квітанцыях, якія там і валяліся.

Добрую падмогу ў пошуках тых, хто забруджвае лясы, аказваюць пераносныя камеры відэанагляду, якія ўстанаўліваюць работнікі лясгаса.

 

– Кажуць, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а дзе не брудзяць. Можа трэба больш займацца прапагандысцкай работай?

– Гутаркі, лекцыі, выступленні ў сродках масавай інфармацыі – усё гэта мы маем на ўзбраенні. Дзякуючы растлумачальнай рабоце, ёсць станоўчыя зрухі ў барацьбе з такім злом, як баршчэўнік. Людзі спяшаюцца скасіць шкодную расліну да перыяду выспявання насення, каб скараціць распаўсюджванне. У маі землекарыстальнікі Івянецкага і Ракаўскага сельсаветаў правялі хімічную апрацоўку месцаў з зараснікамі баршчэўніку.

Менш стала сельгаспалаў, што таксама вынік растлумачальнай работы.

 

– Чым яшчэ даводзіцца займацца супрацоўнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя?

– Сочым за чысцінёй паветра, вады ў рэчках і вадаёмах, каб не было незаконных вырубак дрэў, кустоў, займаемся аднаўленнем экасістэм, папярэджваем шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе гаспадарчай і іншай дзейнасці, забяспечваем рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў.

З надыходам летняга перыяду сумесна з санітарнымі службамі, РАУС, МНС асаблівую ўвагу ўдзяляем месцам масавага адпачынку.

Наводзіць парадак на зямлі, займацца прыродаахоўнымі мерапрыемствамі без падтрымкі працоўных калектываў, арганізацый, грамадскасці немагчыма. Таму смела можна гаварыць, што Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя – свята кожнага, хто любіць прыроду, Радзіму і марыць захаваць гэта для сваіх патомкаў.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий