Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Наталлі ШТЭЙНЕР

 Узорны парадак у лясах уздоўж аўтадарогі Мінск-Гродна імкнуцца падтрымліваць работнікі Валожынскага лясгаса.

У канцы мая больш за 60 работнікаў Румскага, Івянецкага і Ракаўскага лясніцтваў працавалі на замацаваным за лясгасам участку аўтадарогі працягласцю каля 30 кіламетраў. У вызначаных месцах прыдарожнага ляснога масіву ўстаноўлены 8 шлагбаумаў, 12 аншлагаў на прыродаахоўную тэматыку. Тэрыторыя была абкошана, высечаны сухастой. Адным словам, праведзена ачыстка лесу ад драўніннай засмечанасці. А вось бытавога смецця, як адзначылі ў лясгасе, было зусім мала. Ці то народ прывучаецца весці сябе культурна падчас наведвання лясоў, ці то не паспелі яшчэ засмеціць пасля красавіцкіх рэйдаў па добраўпарадкаванні, у тым ліку і ў лесе?!

 

Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў узнагародзіла Дыпломам інструктара-метадыста па фізкультурна-аздараўленчай рабоце РУП “Валожынскі жылкамунгас” Уладзіміра Іванавіча Патапенкава, які заняў трэцяе месца ў аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку масавай фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы ў 2014 годзе.

Каманда жылкамунгаса ўдзельнічае практычна ва ўсіх раённых, а таксама ведамасных спаборніцтвах, турыстычных злётах. Вось і зараз рыхтуюцца прыняць удзел у Х абласной спартакіядзе работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая пройдзе 19-21 чэрвеня ў курортным пасёлку Нарач.

 

На Рэспубліканскі конкурс “Квітней мой лес!”, які праводзіцца пад эгідай Міністэрства лясной гаспадаркі, адпраўлены дзве работы вучняў школ раёна.

Абедзве работы ўдзельнічаюць у намінацыі “Устойлівае лесакіраванне”. Работа дзесяцікласніцы Вішнеўскай СШ, члена школьнага лясніцтва Хрысціны Пятрашкі напісана на мясцовым матэрыяле – “Гісторыка-культурная і прыродная спадчына ў сістэме ўстойлівага лесакіравання”. Дзевяцікласнік гімназіі № 1 г. Валожына, слухач Рэспубліканскай школы актыву юных лесаводаў Дзмітрый Якутовіч падрыхтаваў працу “Метады абароны ў барацьбе са шкоднікамі і хваробамі лесу”.

 

У апошнія майскія дні на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылося падвядзенне вынікаў работы за мінулы год абласной арганізацыі БРСМ. У рамках гэтага выніковага мерапрыемства ладзілася выстава-прэзентацыя праекта “100 ідэй для Беларусі” і адначасова праходзіў Мінскі абласны Інтэрнэт-форум.

Прадстаўнікі нашага раёна ўдзельнічалі ў блоку “100 ідэй для Беларусі” з праектам, прадстаўленым Ракаўскай сярэдняй школай: тур выхаднога дня “Ракава сівыя камяні”. Вучаніцы 9 “А” класа Карына Жадэйка і Ірына Купрыенка разам з кіраўніком Вольгай Чаславаўнай Багарэвіч прадэманстравалі бізнес-план, сувенірную прадукцыю – экскурсантам прадастаўляецца магчымасць самім вырабіць ляльку ў нацыянальным строі, калі ж час не дазваляе, то ўручаюць гатовыя сувеніры. Экспертнай камісіі была прадстаўлена завочная экскурсія па Ракаве.

 

Завяршыўся рамонт на пятым паверсе тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы, які вёўся гаспадарчым спосабам і працягваўся больш за тры месяцы. Належнага рамонту там не было больш за трыццаць гадоў.

Адрамантаваны палаты і ўрачэбныя, працэдурныя кабінеты з заменай дзвярных блокаў. Часткова абноўлена мэбля. Устаноўлены святлодыёдныя свяцільні. Пакладзена плітка, якая адпавядае ўсім санітарным нормам. Рамонтныя работы цяпер вядуцца ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні на другім паверсе лячэбнага будынка.

 

У сярэдзіне мая фірма “Эстэль” на базе Валожынскага Дома быту праводзіла семінар па ўкараненні новых тэхналогій у цырульніцкай справе. У яго рабоце бралі ўдзел усе цырульнікі раёна, якія працуюць у КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання”, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. У жаночым зале цырульні Дома быту ўжо аказваюцца новыя віды паслуг: бландзіраванне і амбрэ (плаўны пераход колеру валасоў).

Яшчэ адзін семінар-вучоба, праведзены пазней, быў прысвечаны біязавіўцы і ўсім нюансам, звязаным з новай паслугай.



Добавить комментарий