Знайсцi сябе на жыццёвым шляху

Гэты сівы мужчына з барадой нагадвае Хэмінгуэя – такі ж інтэлігентны твар, разумныя вочы, у якіх столькі мудрасці і разумення, што, здаецца, ён ведае адказы на ўсе пытанні.

Сённяшні мой суразмоўца – жыхар Валожына Васіль Уладзіміравіч ШАКУН, вядучы інжынер па паляўніцтвазнаўстве Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”, краязнавец, гаспадар аграсядзібы “Налібоцкія васількі”.

–­ Васіль Уладзіміравіч, я ведаю, што ў хуткім часе Вы адзначыце прыгожую юбілейную дату. У сувязі з гэтым скажыце, жыццё – яно доўгае ці кароткае?

– Вельмі доўгае, калі стаіш у яго пачатку. У дзяцінстве чалавека перапаўняюць жаданні, імкненні, ён пастаянна знаходзіцца ў стане чакання. А калі чагосьці чакаеш, час цягнецца. На парозе 60-годдзя асабліва доўгім жыццё ўжо не здаецца. Увогуле, працягласць жыццёвага шляху залежыць ад насычанасці яго падзеямі. Калі чалавек пражыў, нібы ваду ў ступе пратоўк, і ўспомніць не мае чаго, яго існаванне – як адно імгненне. Калі ж штосьці паспеў – гэта дар Божы! Свой лёс пустым не лічу. Многае перажыў, дзесьці пабываў, чамусьці навучыўся. нейкія падзеі яшчэ, спадзяюся, наперадзе. Жыццё працягваецца…

 

калі ў двух словах, што робіць чалавека чалавекам?

      Карані! Я ў гэтым упэўнены. Калі ёсць сувязь пакаленняў, сямейныя традыцыі, рэліквіі, калі ад старэйшых да малодшых перадаецца еднасць душ паміж блізкімі людзьмі, якіх аб’ядноўвае такое ёмістае слова – сям’я, адчуваеш, што ты –  не пясчынка ў прасторы сусвету, а прадстаўнік роду. Усведамленне гэтага прыходзіць з гадамі. Але чым раней прачнецца цікаўнасць да сваіх каранёў, тым лягчэй чалавеку зразумець сябе, знайсці правільны шлях.

 

 –  ведаеце свой радавод?

– Яшчэ ў дзяцінстве мы з маці спрабавалі маляваць радавое дрэва. Многія моманты з жыцця продкаў параўноўваю з падзеямі, якія адбыліся са мной. Заўважаю нейкія заканамернасці. Напрыклад, бабуля і дзядуля з бацькавага боку ў пачатку ХХ стагоддзя рызыкнулі паехаць на заробкі ў Пецярбург. Там грошай зарабілі, а калі ў паветры стаў адчувацца дух рэвалюцыі, хутка зарыентаваліся, вярнуліся на Радзіму. Дзед купіў пляц зямлі ў графа Тышкевіча, і сям’я асталявалася ў Белакорцы. І мне характэрны нейкі авантурызм, часам магу рызыкнуць.  Люблю падарожжы, але гэтак жа, як і продкі, заўсёды імкнуся дадому.

 

– Магчыма і Ваша прафесія – сямейная традыцыя?

Амаль што так. Мой бацька – ляснік ад Бога – працаваў аб’ездчыкам яшчэ ў графа Тышкевіча. Увогуле, ён усё жыццё прысвяціў лесу. Для яго, як і для мяне, лес – не проста шмат дрэў, якія растуць у адным месцы, гэта жывы арганізм са зменлівым, часам капрызным характарам. Калі паспрабуеш яго зразумець і палюбіць, ён абавязкова адкажа табе ўзаемнасцю і ўжо ніколі не адпусціць. Вось і мяне не адпусціў.

 

– Але ж кругагляд Ваш выходзіць далёка за рамкі ведаў аб лясной гаспадарцы…

тут мне пашанцавала. Я, як Аляксандр Пушкін, меў сваю Арыну Радзівонаўну. Калі быў яшчэ зусім малым, у нашу сям’ю прыйшла кватарантка – маладая настаўніца Зоя Паўлаўна Некрашэвіч (Карцялёва), якая стала для нас сапраўдным членам сям’і, а мне, калі можна так сказаць, адкрыла свет прыгожага. Яна дала адказы на многія пытанні, пазнаёміла з дзівосамі народных казак, пазней дапамагала ўспрыняць і зразумець больш складаную літаратуру. Ды і патрэба ў атрыманні вышэйшай адукацыі – таксама заслуга Зоі Паўлаўны.

 

– У сувязі з гэтым адкажыце, якія літаратурныя творы можна назваць Вашымі настольнымі?

    – Каб адказаць на такое пытанне, мне нават не трэба задумвацца – “Новая зямля” Якуба Коласа. Паэзія гэтага твора заварожвае, і ў ім столькі жыццёвай праўды. Да таго ж паэма пераклікаецца са старонкамі жыцця маёй сям’і. Часам нават здаецца, што вобразы пісаліся з бацькоў, мяне, брата, сваякоў. Увогуле, мае літаратурныя  прыхільнасці  – творы беларускіх аўтараў, хаця, канечне, я не мог не прычасціцца рускай і сусветнай класікі. Вы ўгледзелі ўва мне падабенства да Хэмінгуэя. Дзякуй, нечаканае і вельмі прыемнае параўнанне. Яго творчасць мне блізкая. Асаблівае ўражанне атрымаў ад  аповесці “Стары і мора”.

 

– Васіль Уладзіміравіч, Вы добра ведаеце гісторыю Беларусі, займаецеся краязнаўствам, з’яўляецеся носьбітам роднай мовы. Але ж і    ў многіх краінах пабывалі,  маеце сяброў сярод ішаземцаў. Скажыце, сапраўдны патрыёт – які ён?  Ці актуальна паняцце патрыятызму ў наш час?

    – Для мяне ўсё вельмі проста. Патрыёт – гэта чалавек, які любіць родную зямлю, свой народ, размаўляе на мове матуліных калыханак і разам з тым  паважае прадстаўнікоў іншых краін, імкнецца сябраваць, вывучаць іх мову, цікавіцца іх культурай, узбагачаючы сябе духоўна. У такога чалавека ёсць будучыня. Я паважаю сваіх суайчыннікаў за талерантнасць. Мы, беларусы, можам быць рознымі, рысы характару маем і добрыя, і дрэнныя, але спагадлівасць, міласэрнасць, уменне прыйсці на дапамогу ў крытычную хвіліну – нацыянальныя характарыстыкі  нашага народа, якімі асабіста я ганаруся. І за гэта, дарэчы, нас цэняць у свеце. А разуменне і павага ад людзей актуальныя ва ўсе часы.

 

– Наколькі важнымі для Вас былі кар’ерныя памкненні? Няма адчування, што маглі б дабіцца значна большых вышынь?

    – Я добра стаўлюся да людзей, якія імкнуцца расці ў прафесіі, бяруць на сябе адказнасць узначальваць вялікія калектывы, умеюць і могуць павесці за сабой людзей. Спадзяюся, падначаленые мяне цанілі. Я не выношу несправядлівасці і ў дачыненні да сябе, і да тых, хто ад мяне залежыць. Безумоўна, некалькі разоў паўставаў перад выбарам: ісці вышэй ці застацца на тым узроўні, да якога прывык, на якім камфортна. Справа ў тым, што мне не хацелася жыць толькі кар’ерай. Маю шмат іншых прыярытэтаў.

 

– Васіль Уладзіміравіч, Вы – цэльная, самадастатковая асоба. Ці цяжка такому чалавеку знайсці сваю палавіну?

    – Ажаніцца – лёгка для ўсіх, стварыць сям’ю – складана кожнаму. Але ж мы з маёй Марыяй Паўлаўнай разам з 1979 года. Тое, што мы адчуваем адзін да аднаго, – значна больш, чым прыхільнаць, нават больш, чым каханне. У сямейнага чалавека, нават калі ён нейкі час і адзін, няма адчування самотнай адзіноты. Бязмерная патрэба ведаць, што блізкі чалавек побач, ён жыве і дыхае для цябе, а ты для яго, – гэта і ёсць сям’я, а не нейкі сурагат пад назвай “грамадзянскі шлюб”, як зараз модна. Стэрэатып сямейных адносін павінен фарміравацца яшчэ ў дзяцінстве. Нашы з жонкай бацькі былі дастойным прыкладам. І мы “гаспадара” ніколі не выбіраем. У сям’і два дарослыя сыны, 4 унукаў. Галоўнае наша імкненне – перадаць усё лепшае, што было ў продкаў і ў нас, ім.

–  Вашы сыны сталі пераймальнікамі ў прафесіі?

    – Старэйшы Васіль, як і я, скончыў тэхналагічны інстытут, але пайшоў, як кажуць, далей, займаецца навукай. Зараз працуе ў міжнародным аддзеле Інстытута заалогіі Акадэміі навук. Малодшы – мастак, дызайнер, заняты ў вядомым праекце “Свет танкаў”. Кім будзе ўнук – пакуль невядома. Галоўнае, каб стаў сур’ёзным чалавекам. А ўнучкі… У мяне не было дачок, таму зараз цікава наглядаць за дзявочым колам, спрабаваць зразумець іх свет, які мяне і прыцягвае, і здзіўляе адначасова.

 

– Вы выклікаеце ўражанне гэткага сібарыта. Скажыце, а што для Вас быт, і наколькі самі можаце яго для сябе арганізаваць?

    – Сібарыт – я? Нечакана! Магчыма, гэта з’явілася з гадамі. Мы з жонкай заўсёды шмат працавалі, гаспадарку трымалі. Ды і зараз шчыруем, стараемся бацькаву сядзібу ў Белакорцы прывесці ў належны выгляд. Гэта для мяне справа гонару, даніна павагі працавітым, мудрым і бязмерна добрым людзям – маім бацьку і маці. А работы я ніякай не баюся. Касіць, напрыклад, люблю. Што тычыцца кухні, і тут не прапаў бы, але спаборнічаць з Марыяй Паўлаўнай – здатнай кулінаркай – нават не спрабую.

 

– Я чула, вы гасцінныя гаспадары…

    – І я, і жонка гасцей любім! І людзі да нас хінуцца. Да таго ж мы шчыра сябруем з тымі, чыё жыццё праходзіць побач. Кажуць Бог дасылае людзям выпрабаванні за нейкія грахі ў выглядзе дрэнных суседзяў, то нас у гэтым сэнсе ўзнагародзіў. Мы не проста існуем непадалёку, мы – разам. Дружыць сем’ямі – гэта цудоўная традыцыя беларускага народа. Шкада, што зараз людзі ўсё больш закрываюцца ў сабе. Я нікога не чапаю, і вы да мяне не лезьце… Культываванне нейкага душэўнага жабрацтва, інакш гэта не назавеш.

 

– Арганізаванасць, адказнасць, абавязковасць  – гэта Вашы рысы?

    – Так, мае. Я калісьці шмат часу прысвяціў спорту. А спорт, як вядома, дысцыплінуе. Люблю планаваць, абавязкова адсочваю і аналізую выкананне таго, што павінен быў зрабіць. Бываю настойлівым, часам катэгарычным. Не паважаю людзей, у якіх адсутнічае нават намёк на прынцыповасць.

 

– Заўважаючы смяшынкі ў Вашых вачах, мяркую, што пачуццё гумару Вам таксама ўласціва.

    – О, гумар для мяне – усё! Асабліва  цаню тых, хто можа пасмяяцца над сабой. Але не люблю злоснага высмейвання іншых людзей. Паважаю маналогі Міхаіла Задорнава.

 

– Ці не кранае часам сэрца туга аб неажыццёўленым? З чым звязаны Вашы надзеі і спадзяванні на будучае?

    – Штосьці збылося, штосьці не. Але я прывучыў сябе думаць, што так і павінна быць. Асаблівых шкадаванняў аб тым, што не адбылося, у мяне няма. Тым больш, жыццё ўзнагародзіла многімі рэчамі і падзеямі, аб якіх нават і не марыў. А  гаворачы аб будучым, не баюся паказацца банальным. Прашу ў Бога здароўя для сябе, сваіх блізкіх і ўсіх, каго люблю.

 

– Ваша пажаданне для чытачоў раёнкі.

    – Займайцеся любімай справай, беражыце сябе і сваіх родных.

 

– Васіль Уладзіміравіч, я ведаю, Вы шмат часу прысвячаеце вывучэнню гісторыі Валожыншчыны, пішаце. Шчыра жадаю працягваць гэту справу. Спадзяюся, у вас хопіць сіл на ўсё задуманае! Дзякуй за гутарку!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars