Узбуджана крымiнальная справа

Закон и порядок

За I квартал бягучага года праваахоўнымі органамі на тэрыторыі вобласці выяўлена 19 карупцыйных злачынстваў.

Найбольшая колькасць – 11 злачынстваў – у сферы сельскай гаспадаркі, 3 – у сферы прамысловасці, па 2 – у сферы арганізацыі адпачынку і забаў, культуры, спорту і турызму, а таксама ў сферы гандлю і 1 – у сферы дзяржаўнага кіравання.

Шкода па выяўленых карупцыйных злачынствах склала 2623208576 рублёў, кампенсавана 2079211076 рублёў.

У I квартале бягучага года праведзены 44 праверкі выканання антыкарупцыйнага заканадаўства. Па актах пракурорскага нагляду 45 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, у тым ліку 3 вызвалены ад займаных пасад, 3 асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 5 – да матэрыяльнай, узбуджана 1 крымінальная справа.

Так, узбуджана крымінальная справа ў адносінах да былога дырэктара КУП “Капыльская ЖКГ” па факце злоўжывання ім службовымі паўнамоцтвамі.

Устаноўлена, што К., працуючы дырэктарам прадпрыемства, злоўжываючы сваімі службовымі паўнамоцтвамі, дзейнічаючы з асабістай зацікаўленасці ў імкненні аказаць паслугу іншай службовай асобе, прыняў на працу ў КУП “Капыльская ЖКГ” у якасці слесара па рамонце аўтамабіляў М., загадзя ведаючы, што апошні не будзе выконваць прадугледжаныя кантрактам працоўныя абавязкі.

Пасля К. даў указанне падпарадкаваным яму па службе работнікам уносіць у табелі ўліку працоўнага часу М. загадзя лжывыя звесткі пра адпрацаваныя ім гадзіны.

У выніку злоўжывання К. сваімі службовымі паўнамоцтвамі М., які фактычна не выконваў свае працоўныя абавязкі, у перыяд з красавіка 2007 г. па кастрычнік 2012 г. незаконна налічана і выплачана заработная плата ў памеры звыш 51 млн рублёў.

Працягваюць выяўляцца шматлікія парушэнні заканадаўства ў дзейнасці камісій па процідзеянні карупцыі дзяржаўных органаў, устаноў і арганізацый. Часцей дзейнасць камісій носіць фармальны характар: яны бяздзейнічаюць або дзейнасць іх зводзіцца да заслухвання справаздач, зацвярджэння планаў, разгляду інфармацый органаў пракуратуры ці ўнутраных спраў пра стан барацьбы з карупцыяй або па канкрэтных фактах карупцыйных злачынстваў.

Распаўсюджаны парушэнні службовымі асобамі парадку дэкларавання даходаў і маёмасці, парадку афармлення абавязацельстваў і незахавання ўстаноўленых для дзяржаўных службовых асоб абмежаванняў, парушэнні парадку правядзення канкурэнтных працэдур закупак тавараў.

Віталій ВОЛЬСКІ, старшы пракурор аддзела па барацьбе

з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Мінскай вобласці



Добавить комментарий