Горкi смак «навару»

Закон и порядок

Карупцыя – іржа, якая не толькі разбурае грамадства, але і цягне за сабой іншыя віды правапарушэнняў. Таму барацьбе з гэтай заганнай з’явай праваахоўныя органы ўдзяляюць асаблівую ўвагу. Каардынатарам антыкарупцыйнай дзейнасці выступае пракуратура.

Аб тым, як у нашым раёне ідзе выкрыццё і выкараненне карупцыйнай злачыннасці, мы папрасілі расказаць намесніка пракурора раёна, юрыста 1-га класа С. А. Габруковіча.

– Сяргей Анатольевіч, у якіх эканамічных сферах карупцыя праяўляецца найбольш актыўна?

– Імунітэту супраць карупцыі не маюць ні прыватны, ні дзяржаўны сектары эканомікі. Злачынствы ўчыняюць людзі розных узростаў, жанчыны і мужчыны, таму намаляваць сярэднестатыстычны партрэт карупцыянера немагчыма.

У нашым раёне крымінальныя дзеянні карупцыйнай накіраванасці найчасцей выяўляюцца ў сельскай гаспадарцы і будаўнічай галіне. За пяць месяцаў гэтага года зафіксаваны сем карупцыйных выпадкаў, па іх узбуджаны тры крымінальныя справы. Адна справа ўжо падрыхтавана для перадачы ў суд. Але на дадзены момант абвінавачваны падаў хадайніцтва на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з тым, што ён цалкам выплаціў суму нанесенага дзяржаве ўрону.

 

– Цікава, а якія сумы фігуруюць у карупцыйных эпізодах раённага маштабу?

– У сёлетніх справах сумы вагаюцца ў памерах ад 40 да 150 мільёнаў рублёў. Але неабходна ўлічваць: калі факт карупцыі даказаны, то памер “адкатаў”, “навару” ці хабару значэння не мае. Злачынства будзе класіфікавацца і карацца ў адпаведнасці з законам.

 

– У такім выпадку, ці па законе паступаюць людзі, дзякуючы ўрачу за выкананне яго прафесійных абавязкаў цукеркамі ці каньяком, або калі на 8 Сакавіка вучні дораць настаўніцы духі і кветкі?

– Пацыент мае поўнае права па закліку сэрца аддзячыць медыка за ўвагу, за своечасовую і паспяховую дапамогу. Нічога крымінальнага ў гэтым няма. А вось калі ўрач за плату выпісаў вам лісток непрацаздольнасці, каб пакрыць, напрыклад, вашы прагулы на рабоце, то гэта ўжо яўнае злачынства.

 

– Часам можна пачуць такія меркаванні: “Дастаткова вокам кінуць на дамы ці машыны, каб пераканацца, бярэ іх гаспадар хабар ці не!” А на самай справе, якія існуюць механізмы для выяўлення карупцыі?

– Карупцыя заўсёды носіць латэнтны характар. І выкрываць яе вельмі складана. Займаюцца гэтым спецыяльныя падраздзяленні міліцыі і КДБ, а таксама іншыя дзяржаўныя органы: Следчы камітэт, Камітэт дзяржаўнага кантролю, падатковыя інспекцыі. У іх напрацавана свая методыка. Пракуратура адказвае за арганізацыю барацьбы з карупцыяй і каардынуе сумесныя праваахоўныя дзеянні.

Што датычыцца дарагіх дамоў і машын, то, вядома, без увагі яны не застаюцца, асабліва калі гаспадар беспрацоўны ці пенсіянер. Тым, хто мае шыкоўную нерухомасць, прадметы раскошы, неабходна пацвердзіць дакументальна крыніцу свайго матэрыяльнага дабрабыту. Часам выяўляецца, што чалавеку аказалі грашовую падтрымку сваякі ці знаёмыя. У выпадку, калі расходы яўна перавышаюць даходы, прадугледжана аплата спецыяльнага падатку.

 

– Думаю, чытачам будзе цікава даведацца пра спецыфіку раённых карупцыйных злачынстваў. Прывядзіце прыклады найбольш распаўсюджаных.

– Нядаўна ў поле зроку аператыўных службаў трапіў прараб адной з будаўнічых арганізацый. Ён распрацаваў схему, па якой меў магчымасць распараджацца дзяржаўнымі матэрыяльнымі каштоўнасцямі па сваім жаданні. Іншымі словамі, распрадаваў чужое налева і направа, а сабе ў кішэнь клаў кругленькія сумы. Але крымінальны бізнес спынілі людзі ў пагонах. Давядзецца панесці адказнасць перад законам і дзелавым партнёрам, якія набывалі ў прадпрымальнага прараба крадзеныя матэрыялы.

Адказная асоба аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна прадавала не ўлічаную буйную рагатую жывёлу, прыбытак, вядома, ішоў не ў агульную казну. Зараз вядзецца следства і ў адносінах да тых, хто набываў жывёлу.

 

– Сяргей Анатольевіч, як ацэніце стан барацьбы з карупцыйнымі злачынствамі ў нашым раёне?

– Я б устрымаўся даваць нейкія адзнакі. Мяркуйце самі: калі колькасць раскрытых карупцыйных злачынстваў вялікая, то гэта гаворыць аб паспяховай барацьбе ці аб шырокай распаўсюджанасці з’явы?

Бясспрэчна адно – з карупцыяй неабходна змагацца. Патэнцыяльны злачынец павінен ведаць, што рана ці позна яго выявяць і пакараюць. Зараз заканатворцамі разглядаюцца дапаўненні да антыкарупцыйнага заканадаўства, згодна з якімі вінаватыя будуць у далейшым пазбаўляцца пенсій, ільгот, спецыяльных званняў.

Так, за адзін несумленны ўчынак адказнасць можна несці ўсё жыццё…

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий