Любiмыя Нелюбы

Общество

Нядаўна жыхары Нелюбаў, што ў Дорскім сельсавеце, сабраліся разам, каб прыгожым майскім днём адзначыць Свята вёскі.

Да гэтага дня вяскоўцы рыхтаваліся старанна. Была праведзена сур’ёзная работа па добраўпарадкаванні сядзіб, вычышчаны парк, захавана некалькі старых пабудоў. У гэтай справе значную дапамогу аказалі раённыя службы і сельвыканкам.

Калісьці, пасля вайны нелюбцаў было шмат – у 70 дварах пражывала каля 300 дарослых і дзяцей. Зараз, на жаль, вёска апусцела. Толькі 28 чалавек – кола не шырокае, але дружнае. Тут старанна зберагаюць традыцыі,  умеюць сябраваць і не на словах ведаюць, што такое быць разам у радасці і ў журбе. Вяскоўцы – людзі немаладыя, амаль ніколі і нікуды не спяшаюцца, здаецца, тут нават час прыпыніў свой ход. Таму мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў сельвыканкама, артыстаў мясцовага Дома культуры для людзей – падзея.

Шчыра і пранікнёна прагучала вітальнае слова кіраўніка мясцовай улады Рамуальды Браніславаўны Іваноўскай, якая павіншавала вяскоўцаў з іх святам, уручыла падарункі ветэранам працы. У гэты дзень з 70-годдзем Перамогі яшчэ раз віншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Івана Васільевіча Фурса і яго жонку Дар’ю Мікалаеўну віталі як самых старэйшых жыхароў. Паважанаму ветэрану нядаўна споўнілася 90 гадоў, а яго сяброўка жыцця яшчэ рыхтуецца адзначыць такі важкі юбілей.  Яўгеній Вікенцьевіч Кулік быў адзначаны як “мясцовае начальства”. Больш за 10 гадоў ён з’яўляецца  старастам вёскі. Не забылі ў гэты святочны дзень і воіна-інтэрнацыяналіста Андрэя Афценьевіча Ротара. А памяць аднавяскоўцаў, якіх забрала вайна і якіх не стала ў мірны час, была ўшанавана хвілінай маўчання.

Нелюбы славяцца добрымі гаспадарамі, таму на свяце былі падведзены вынікі конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне сядзіб. Падарункі атрымалі: за першае месца – Іван Васільевіч Фурс, за другое – Яўгеній Вікенцьевіч Кулік і за трэцяе – Ніна Мікалаеўна Ганчарык.

З юбілеем сумеснага жыцця віншавалі на свяце цудоўную пару, якая 40 гадоў крочыць па жыцці поруч, – Івана Раманавіча і Ніну Аляксееўну Кулікоў.

Самадзейныя артысты са ўсёй шчырасцю душы дарылі сваё майстэрства, а людзі, не жадаючы заставацца пасіўнымі гледачамі, з радасцю падпявалі Іне Тарнушкевіч, Вользе Харлінскай, Юліі Пашкуць, Святлане Жыдовіч, Валянціне Саўген, якая выступіла яшчэ і галоўным арганізатарам мерапрыемства.

Нелюбы спявалі, танцавалі, частаваліся. А лейтматывам свята сталі словы, якія ў гэты дзень гучалі з вуснаў кожнага ўдзельніка свята: “Нашы Нелюбы не любіць не магчыма!”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота Валянціны САЎГЕН



Добавить комментарий