Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі  ШТЭЙНЕР

  Для выхаванцаў Івянецкага дома-інтерната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця таксама пачаліся летнія канікулы. Аднак з 76 чалавек дадому паехалі ўсяго 10.

Пакуль выпускнікі здаюць экзамены і рыхтуюцца да выпускнога, астатнія хлопчыкі і дзяўчынкі па меры сваіх фізічных магчымасцей дапамагаюць дарослым “па-гаспадарцы”: паліваюць у калідорах і на вуліцы кветкі, прыбіраюць тэрыторыю, працуюць у сталовай. З 15 чэрвеня ў доме-інтэрнаце пачне дзейнічаць лагер працы і адпачынку. 6 выхаванцаў зараз праходзяць курс аздараўлення ў лагеры “Сонейка”, створаным на базе раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Яшчэ 9 выхаванцаў рыхтуюцца да адпачынку ў сонечнай Італіі, трое з іх паедуць у гэту краіну ўпершыню.

 

    У маі работнікі філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” адрамантавалі 700 метраў аўтадарогі Ракаў-Радашковічы, дзе паклалі двайны слой асфальту. А з першых дзён чэрвеня прыступілі да рамонту аўтадарогі Пугачы-Ясьманаўцы. У парадак прывядуць трохкіламетровы адрэзак.

Хапае дарожнікам работы і па абкошванні абочын уздоўж дарог.  Для гэтага штодня працуюць 5 касілак, неўзабаве іх стане на дзве больш. А вось тэрыторыю вакол прыпыначных павільёнаў даводзіцца абкошваць уручную.

 

    З 1 чэрвеня на базе райцэнтраўскіх магазінаў райспажыўтаварыства пачаў працаваў сэрвісны атрад з трох чалавек. Няцяжка падлічыць, што за тры месяцы ў сэрвісным атрадзе змогуць папрацаваць усяго 9 школьнікаў Валожына.

У мінулыя гады гэта лічба была значна большая. Проста сёлета ў кааператараў зусім сціплыя фінансавыя магчымасці. Раённы штаб займаецца канчатковым фарміраваннем будаўнічых атрадаў, якія неўзабаве пачнуць работу на розных прамысловых і сельскагаспадарчых аб’ектах раёна.

 

    Івянецкі музей традыцыйнай культуры звязваюць даўнія сяброўскія сувязі з “Таварыствам роду Плявака”.

Нядаўна пан Станіслаў Плявака даслаў з Польшчы чарговы падарунак музею — “Польскі слоўнік біяграфічны”, дакладней адзін з яго шматлікіх тамоў. У тым томе  сабраны звесткі пра род Салагубаў. Менавіта Салагубы з сярэдзіны ХVIII стагоддзя валодалі Івянцом і шмат зрабілі для росквіту населенага пункта. Выява льва ў сучасным гербе Івянца паходзіць з сямейнага герба Салагубаў. Гэта выданне дасць магчымасць больш даведацца пра выхадцаў з вядомага роду. Польскі бок рэкамендаваў выкарыстоўваць кнігу краязнаўцам, студэнтам для даследчай работы.

 

   На базе 13 навучальных устаноў раёна пачалі працаваць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем.

Большасць іх адчынілі дзверы ўжо з 1 чэрвеня. У гімназіі № 1 пройдуць дзевяцідзённы аздараўленчы курс 104 вучні, СШ № 1 – 142, СШ № 2 – 95, Івянецкай СШ – 133, Ракаўскай СШ – 100. Па 40 вучняў залічаны ў лагеры Багданаўскай і Гародзькаўскай школ, 35 – Дорскай, 30 – Пяршайскай, 23 – Яршэвіцкай і 16 – Суднікаўскай сярэдніх школ. З 4 чэрвеня пачалася змена лагера “Дружба” ў Сівіцкай базавай школе, які наведваюць 10 школьнікаў. А вось аздараўленчы лагер “Вясёлка” на базе Пугачоўскай СШ пачне працаваць з 3 жніўня, там адпачнуць 30 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзяржаўная датацыя на пуцёўку складае 580 тысяч рублёў. Бацькоўская даплата (у залежнасці ад узросту дзіцяці) – ад 100 да 160 тысяч рублёў.

 

     Міні-кафэ “Слойка” з чэрвеня змяніла месца прапіскі і з гарадскога рынку пераехала ў цэнтр Валожына. Кафэ на колах вярнулі, калі хто з гараджан успомніць, на першапачатковае месца. Праўда, разнастайныя слойкі выпякаць ужо не будуць.

Тут можна будзе набыць свежую выпечку кулінарнага цэха грамхарчу: здобна-булачныя вырабы, піражкі з разнастайным начыннем, піцы, чабурэкі, беляшы, а таксама марожанае і прахаладжальныя напіткі. Устаноўлена халадзільнае абсталяванне. Вывучаецца пакупніцкі попыт, магчыма, з часам будуць прапаноўвацца і расфасаваныя салаты, бутэрброды.



Добавить комментарий