У святочнай атмасферы

Культура

Закончыўся навучальны год у Валожынскай дзіцячай школе мастацтваў. На базе раённага Цэнтра культуры адбыўся выніковы канцэрт, на якім 36-і навучэнцам ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны пасведчанні аб дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта самы вялікі выпуск за ўвесь час існавання школы.

Здадзены экзамены, і прыйшоў час развітацца. Заканчэнне школы – хвалюючая падзея і для саміх выпускнікоў, і для іх бацькоў.

На ўрачыстасці падведзены вынікі работы школы. На аснове рашэння педсавета за выдатную вучобу па музычных дысцыплінах і актыўны ўдзел у творчым жыцці школы 23 вучні былі ўзнагароджаны граматамі. Падзякамі за выдатную вучобу па спецыяльнасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы мастацтваў атрымалі 13 чалавек.

На канцэрце аб’яўлены Падзякі васьмі вучням, якія на працягу 2014-2015 навучальнага года прымалі ўдзел у конкурсах і фестывалях выканальніцкага майстэрства, мастацкіх выставах і пленэрах. Аляксандр Абрамчык удзельнічаў у рэгіянальным конкурсе імя Канстанціна Паплаўскага ў гарадскім пасёлку Івянец, дзе атрымаў Дыплом III ступені, а таксама на рэгіянальным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча ў Маладзечне, дзе быў узнагароджаны Граматай за выдатнае выкананне. Паспяхова выступілі на рэгіянальным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя Паплаўскага і дзве юныя вучаніцы школы мастацтваў Дар’я Саевіч і Дар’я Загорская. Інструментальнае трыа саксафаністаў Аляксея Пашкоўскага, Ягора Казлова, Мар’яна Прыёмкі атрымала Дыплом III ступені на рэгіянальным фестывалі-конкурсе “Свята саксафона-2015” у Маладзечне. Усе яны ў чарговы раз прадэманстравалі свае здольнасці на сцэне Цэнтра культуры.

Кацярына Буйлава атрымала Дыплом за 1-е месца на пленэры-конкурсе імя Ф. Рушчыца ў пасёлку Багданаў. Кацярына Навіцкая прымала актыўны ўдзел і атрымлівала шматлікія перамогі на рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных мастацкіх конкурсах, пленэрах і выставах. З работамі гэтых таленавітых дзяўчат можна пазнаёміцца на выстаўцы, якая цяпер праходзіць у Валожынскім музеі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий