У падтрымку кандыдата на прэзідэнцкі пост дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі

Официально

У мінулыя выхадныя ўвагу гараджан на пляцоўцы паміж РЦК і раённай бібліятэкай у райцэнтры прыцягвалі Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь і флаг ГА “Белая Русь”, прыгожыя шалікі з лагатыпам гэтай грамадскай арганізацыі, а таксама гучная музыка, спевы і танцы. Тут праводзілася масавае мерапрыемства ў падтрымку кандыдата на прэзідэнцкі пост дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі.

Ініцыіраваў сумесную акцыю раённы каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў, арганізатарам выступіла раённае ГА “Белая Русь”.

Да іх далучыліся лідары і актывісты ГА “БРСМ” і лідары прафсаюзных арганізацый. На месцы, дзе праводзілася акцыя, быў устаноўлены інфармацыйны стэнд з партрэтам кандыдата ў Прэзідэнты, прадстаўлена яго перадвыбарная праграма. Лідары грамадскіх аб’яднанняў расказвалі і пра работу сваіх арганізацый, і шчыра агітавалі падтрымаць на выбарах дзеючага Прэзідэнта.

Лозунг “Моладзь за стабільнасць”, з якім выступілі актывісты БРСМ, таксама заклікаў да гэтага. А канцэртныя нумары, падрыхтаваныя салістамі РЦК і гімназістамі, стварылі ўсім, хто далучыўся да акцыі, добры настрой. Тых, каму дакучалі мароз і пранізлівы вецер, “Белая Русь” частавала гарачым чаем і салодкімі прысмакамі.

Не засталося ў баку ад акцыі і паштовае аддзяленне, якое разгарнула ў гэты час падпісную кампанію на перыядычныя выданні.



Добавить комментарий