Абмеркавалi дзейнасць прафсаюзы

Общество

Пасля завяршэння VII З’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, куды ездзіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна Загорская, кіраўнік правяла савет аб’яднання і на раённым узроўні.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі прыступілі да абмеркавання цэнтральнай тэмы, якая ўзнімалася на з’ездзе, – праграмы рэальных спраў на бліжэйшыя 5 гадоў. Падкрэслівалася асноўная задача – паўсюдна і ў поўнай меры забяспечыць захаванне працоўнага заканадаўства. Усё, што гарантавана работнікам па законе, абавязкова павінна выконвацца. Пераключыўшыся на канкрэтныя мясцовыя патрэбы, увагу закцэнтавалі на магчымасць аказання дапамогі работнікам арганізацый і ўстаноў – членам галіновых прафкамаў – у аздараўленні іх дзяцей. Каб атрымаць пуцёўкі ў стацыянарныя летнікі вобласці (а сёлета яны працуюць у Вілейскім, Дзяржынскім і нашым раёнах), можна звярнуцца ў прафкам па месцы працы. Тут дапамогуць часткова пагасіць кошт пуцёўкі. Таксама можна звярнуцца і ў райкам або абкам галіновага прафсаюза. Але трэба мець на ўвазе, што ў першую чаргу такую дапамогу атрымаюць найменш сацыяльна абароненыя катэгорыі насельніцтва – шматдзетныя і няпоўныя сем’і, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і інш.

Яшчэ адзін важны момант – актывізацыя інфармацыйнай работы. Старшыня райаб’яднання прафсаюзаў зарыентавала калег не замоўчваць тое, што яны робяць для людзей. У такім “піяры” ёсць рацыянальнае зерне: у старшынь прафячэек з’явіцца стымул яшчэ лепш арганізоўваць работу з даверанымі працоўнымі калектывамі.

Указвалася падчас мерапрыемства таксама і на прафесіянальную дысцыпліну – павышэнне асабістай адказнасці за выкананне даведзеных заданняў. Не трэба тлумачыць, што гэта неабходна ў першую чаргу для ўздыму прафсаюзнага руху на прынцыпова новы ўзровень. Трэба прыкласці максімум намаганняў, каб людзям працавалася камфортна: быць запатрабаванымі і мець заслужаны давер – адна з мэт, пастаўленых ФПБ на бягучую пяцігодку.

Акрамя іншага, у той дзень прайшоў прыём грамадзян прававым інспектарам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – прадстаўніком абласнога прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерыем Вішнеўскім. Як паведаміла В. В. Загорская, падобныя мерапрыемствы ў нашым раёне будуць праходзіць кожны апошні чацвер месяца. Такім чынам, становіцца магчымым вырашыць нават самае складанае праблемнае пытанне, карыстаючыся бясплатнымі парадамі вопытных і дасведчаных спецыялістаў.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий