Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

У красавіку на нядаўна пабудаваных ці рэканструяваных малочнатаварных фермах у ААТ “Агра-Дубінское”, “Агра-Вішнеўскі”, КСУП “Падбярэззе”, ААТ “Суднікаўскі” і “Лоск” пачалося ўзвядзенне другіх блокаў.

Новыя вытворчыя памяшканні разлічаны на ўтрыманне ад 200 да 350 галоў дойнага статка. Будаўніцтва вядзецца за кошт бюджэтных асігнаванняў і ўласных сродкаў гаспадарак.

Таксама ў сельгаспрадпрыемствах распачата будаўніцтва 40 сіласна-сянажных траншэй для закладкі кармоў, па 3-5 у кожным. 20 сіласна-сянажных траншэй павінны быць здадзены ўжо ў бягучым месяцы. Для гэтых мэт на будаўнічыя матэрыялы выдзелены бюджэтныя сродкі, а непасрэдна будаўніцтва вядзецца сіламі сваіх будаўнічых брыгад.

 

90 прадуктовых пасылак, сфарміраваных за сродкі, выдзеленыя Швейцарскім Чырвоным Крыжам, паступілі ў наш раён.

Яны будуць размеркаваны паміж адзінокімі інвалідамі 1-2 груп, адзінокімі старымі людзьмі, а таксама шматдзетнымі і няпоўнымі сем’ямі, якія маюць у гэтым патрэбу. Кожны атрымае па дзве прадуктовыя пасылкі агульнай вагой 20 кілаграмаў. Раённае Таварыства Чырвонага Крыжа выдзяляе прадуктовыя наборы па спісах, прадстаўленых сельвыканкамамі і іншымі арганізацыямі. У ліку першых атрымалі іх 5 жыхароў Гародзькаўскага сельсавета, 2 сям’і, чые дзеці вучацца ў Дорскай СШ.

 

 

Тэнт-шацёр коштам 8 мільёнаў 740 тысяч рублёў набыў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Устаноўлены ён у райцэнтры на пляцоўцы ля возера, а ў ім размешчаны аэрахакей. Таксама для адпачынку дзяцей і моладзі ёсць дзіцячая горка і водныя веласіпеды.

За май ад дзіцячых атракцыёнаў паступіла на рахунак аддзела каля 12 мільёнаў рублёў. У залежнасці ад надвор’я кожны чэрвеньскі дзень прыносіць да 700 тысяч рублёў выручкі.

 

 

У раённым цэнтры культуры прайшла літаратурная гутарка “Па слядах Сымона Буднага”, прымеркаваная да 485-й гадавіны з дня нараджэння слыннага асветніка і вучонага. На мерапрыемства былі запрошаны вучні восьмых класаў сярэдніх школ № 1 і № 2 райцэнтра.

Вядучыя – кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч і загадчыца аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі раённай бібліятэкі Алена Сугака расказалі школьнікам пра жыццё і дзейнасць выдатнага сына Беларусі, чыё жыццё працяглы час было звязана з Валожыншчынай. У вёсцы Лоск працавала яго друкарня, там быў напісаны шэраг тэалагічных твораў. Пайшоў з жыцця Сымон Будны ў Вішневе 13 студзеня 1593 года. На жаль, да гэтага часу дакладнае месца яго пахавання невядома. Згубіліся рукапісы, але засталіся кнігі. Гучалі вершы беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя вядомаму асветніку. Адзін з іх – нашага земляка паэта Міхася Курылы.

 

 

Летнія канікулы для вучняў СШ № 1, Сакаўшчынскай, Вішнеўскай і Багданаўскай СШ, гурткоўцаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія вывучаюць польскую мову, пачаліся з падарожжа па маршруце Валожын – Астравец – Ашмяны-Гальшаны – Гудагай – Гярвяты.

Экскурсію “Пазнаём родны край” арганізавала раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна”.

52 чалавекі, вучні і іх настаўнікі, наведалі Ашмянскі раённы краязнаўчы музей, пазнаёміліся са славутасцямі названых населеных пунктаў Гродзеншчыны, наведалі тамтэйшыя храмы.

 

Упершыню за чвэрць стагоддзя ў Валожыне з’явіліся стралкі-разраднікі. У гімназіі № 1 горада прайшлі кваліфікацыйныя спаборніцтвы сярод членаў стралковага гуртка, якім кіруе настаўнік Аляксандр Кавяза.

Нарматыў 3-га дарослага разраду ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі выканаў Вадзім Бандарэнка. Першы юнацкі разрад прысвоены Аляксею Сіваму, Аляксандру Ломацю і Мікіту Жамоздзіку. Усе юнакі перайшлі ў адзінаццаты клас. Нарматывы хлопцы выканалі, а вось значкоў ім ніхто не ўручыць, па той простай прычыне, што ў Беларусі іх не выпускаюць.

 

 

05.06.2015 г. у 00 гадзін 45 хвілін у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Валожынскага РАНС паступіла паведамленне аб задымленні ў магазіне “Мінскі край” райспажыўтаварыства па адрасе: г. Валожын, вул. Партызанская, 20.

Да месца пажару былі накіраваны 6 пажарных аўтацыстэрн. Па прыбыцці да месца выкліку першых пажарных падраздзяленняў устаноўлена, што ў магазіне шчыльнае задымленне. У выніку пажару пашкоджаны дзве халадзільныя вітрыны, закуродымлены сцены, столь і тавар у гандлёвай зале. Пацярпелых няма.

Ёсць меркаванне, што прычынай пажару паслужыла парушэнне правілаў эксплуатацыі электраабсталявання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *