Агляд падзей у раённай газеце за чэрвень 1970 года

Культура

АБАРАНIЎ КАНДЫДАЦКУЮ

Дырэктар Ракаўскай СШ П. І. Жураўскі абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Навуковая праца сельскага настаўніка ацэнена выдатнымі савецкімі літаратуразнаўцамі, вучоным саветам Беларускага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга ўніверсітэта імя Леніна. За дысертацыю “Раман “Брускі” ў творчай эвалюцыі Ф. Панфёрава” Пятру Іванавічу Жураўскаму прысвоена званне кандыдата філалагічных навук.

П. І. Жураўскі – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Стаў настаўнікам, узначальваў аддзел народнай асветы аднаго з раёнаў Беларусі, вучыўся ў аспірантуры. Пётр Іванавіч лічыць, што веды, набытыя ў працэсе работы над дысертацыяй, дапамогуць яму на нялёгкай, ганаровай ніве выхавання сельскай дзетвары, вясковай моладзі – будаўнікоў новага жыцця ў вёсцы.

 

Працоўнымі поспехамі сустракаюць дзень выбараў у Вярхоўны Савет СССР Івянецкія керамісты. Калектыў фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі выконвае ганаровы заказ на керамічныя вырабы для Фінляндыі.

Старанныя людзі працуюць у змене Вішнеўскага дрэваапрацоўчага ўчастка, якую ўзначальвае І. І. Бітэль. Высокай якасці прадукцыю з першага прад’яўлення здаюць станочнікі Іосіф Іода, Іван Бітэль, Міхаіл Гутар. З дня ў дзень яны выконваюць зменныя нормы не менш як на 120 працэнтаў, дабіваюцца эканоміі матэрыялаў. Іх асабістымі дасягненнямі абумоўлены радасныя вынікі ўсяго ўчастка.

Чарговы выпуск механізатараў адбыўся ў СШ № 1 горада Валожына. На працягу двух гадоў юнакі вывучалі трактары і сельскагаспадарчыя машыны. Выдатныя веды паказалі І. Красоўскі, Г. Сяргееў, М. Станкевіч, А. Пасека, І. Ракавец, В. Лужынскі. Да экзамену выпускнікі падрыхтаваліся нядрэнна. З дваццаці васьмі чалавек, якім будуць уручаны пасведчанні сельскіх механізатараў, толькі траім прыёмная камісія паставіла пасрэдныя адзнакі.

Сярод бытавікоў раёна выдатна працуюць Я. С. Выдронак і І. І. Стомаль з Івянецкага швейнага атэлье, А. А. Ермалкевіч з Ракава, шавец з Івянца А. І. Фелістовіч, І. У. Сівы з Валожынскай шавецкай майстэрні, В. С. Бараноўская з Вішнева і М. А. Іода з Сакаўшчыны – яны сістэматычна выконваюць нормы выпрацоўкі на 107-137 працэнтаў.

Падарожжа па рацэ Заходняя Бярэзіна зрабілі дваццаць выхаванцаў Валожынскай школы-інтэрната. Яны плылі на катамаране да вёскі Бакшты Іўеўскага раёна, дзе азнаёміліся з мясцовымі славутасцямі, пабывалі на месцы партызанскіх стаянак.

У раёне дзейнічаюць 107 прадпрыемстваў і майстэрняў, якія аказваюць насельніцтву каля 20 відаў бытавых паслуг. З іх – 36 майстэрняў па індывідуальным пашыве і рамонце адзення, 22 майстэрні па пашыве і рамонце абутку, 18 – па рамонце бытавых машын і прыбораў. Летась адкрыты 10 новых майстэрняў.

 

РЭКОРДНЫ ПАКАЗЧЫК

Вялікую дапамогу працаўнікам вёскі ў барацьбе за ўраджай аказаў калектыў аўтатранспарту раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”.

Толькі за май на палі калгасаў і саўгасаў дастаўлена 39561 тона торфакампостаў, з іх 25 тысяч тон вывезена ў апошнюю дэкаду месяца. Гэта рэкордны паказчык па нашай вобласці.

Шафёры працавалі не шкадуючы сіл. Амаль усе яны вывезлі па паўтары тысячы тон угнаенняў. Асабліва высокіх паказчыкаў дабіліся вадзіцелі аўтасамазвалаў ЗІЛ-555 Майсей Аляксандравіч Рагель, Іван Андрэевіч Нарэйка, Уладзімір Аляксеевіч Пашкоўскі. Ім уручаны пераходныя Чырвоныя вымпелы і грашовыя прэміі.

 

ЗМАГАЮЦЦА ЗА ПЕРАДАВОЕ

Нямала робіцца на Івянецкім кансервавым заводзе па асваенні выпуску новых відаў прадукцыі.

У гэту справу важкі ўклад уносіць член КПСС лабарантка Яніна Мікіцкая разам з членам партыі брыгадзірам змены Вікторыяй Савіцкай, перадавікамі вытворчасці Зінаідай Жыбрык, Нінай Гецман, Салінай Шафарэвіч. Яны арганізавалі выраб карамелі “Вясёлка”, “Палачка-стукалачка”, казінаку з арэхаў. Адзін з новых вырабаў апошняга часу – квас “Маскоўскі” – карыстаецца вялікім попытам у спажыўцоў.

У распрацоўцы тэхналогіі і арганізацыі выпуску новай кансервавай прадукцыі актыўны ўдзел прымаюць камуністы майстар Б. Усыскін, лабарантка Г. Лабастава, брыгадзір С. Аляшэвіч.

Якасць прадукцыі, як вядома, залежыць не толькі ад сыравіны, а галоўным чынам ад таго, як выконваюцца тэхналагічныя патрабаванні, ад узроўню тэхнічнай падрыхтоўкі кадраў. Прыкладам тут таксама служаць камуністы. Адна з іх – Ядвіга Луканевіч. Брыгада кансервавага цэха, якой яна кіруе, забяспечыла атрыманне высокагатунковых вырабаў: кампотаў, пладова-ягадных сокаў, кансерваў з агародніны.

 

Механізатары Эдуард Нікадзімавіч Русовіч і яго напарнік Іван Генрыхавіч Бандаровіч з калгаса імя Мічурына ўзялі ў свае рукі вырошчванне бульбы на 44 гектарах. Зараз, калі на ўчастках абазначыліся ўсходы, акучваюць міжрадкоўі і адначасова падкормліваюць пасевы калійнай соллю. Трактарысты ўпэўнены, што атрымаюць з гектара не менш за сто семдзесят цэнтнераў бульбы.

28 вучняў валожынскай СШ № 2 на чале з арганізатарам па пазакласнай і пазашкольнай рабоце Я. А. Шышлай і выкладчыкам працы М. М. Нахаем адправіліся ў паход. З Івянца турысты ўзялі кірунак на партызанскія мясціны Налібокі-Клецішча. Далей – прыпынкі ў Навагрудку, дзе вучні наведаюць музей Адама Міцкевіча, а таксама раскопкі замчышча. Пабываюць у музеі Аляксандра Суворава, што ў горадзе Кобрыне. Канчатковы пункт паходу – Брэсцкая крэпасць над Бугам.

Дзесяць гадоў таму ў вёсцы Букатова даяркі калгаса імя М. Горкага стварылі хор. Тады ж загадчык фермы Іван Антонавіч Каранік прапанаваў развучыць танец “Букатоўская кадрыля”. З гэтым танцам удзельнікі мастацкай самадзейнасці Лінкаўскага сельскага клуба выступілі на рэспубліканскай дэкадзе самадзейнага мастацтва ў Мінску. Пазней у рэпертуар увайшлі новыя танцы. Характэрна, што ў гэтым калектыве побач з моладдзю шмат пажылых і нават старых калгаснікаў. Аматарамі самадзейнасці з’яўляюцца С. К. Глінская, З. І. Пупа, Я. Г. Махаровіч, М. І. Чаховіч, С. І. Кулак, І. Ф. Глінскі, якім ужо споўнілася па 60-80 гадоў.

 

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Сем даярак працуюць на ферме ў вёсцы Юкавічы калгаса імя М. Горкага. Сярод іх асабліва стараннай працай вылучаецца Браніслава Мацвееўна Герштуновіч. У сацыялістычным спаборніцтве даярак гаспадаркі летась яна заняла першае месца. Сёлета Браніслава Мацвееўна абавязалася надаіць ад кожнай замацаванай за ёй каровы па 3200 кілаграмаў малака. За пяць месяцаў на яе рахунку больш як 1247 кілаграмаў. Яна па-ранейшаму наперадзе сваіх таварышаў па працы.

Чатырнаццаць выпускнікоў Брылькоўскай васьмігодкі трымалі экзамен па матэматыцы. Шэсць вучняў атрымалі добрыя адзнакі, а Таня Лоўчая, Яніна Навіцкая і Таня Станілевіч кантрольную работу напісалі на “выдатна”.

У раёне 21 прадпрыемства грамадскага харчавання на 1110 пасадачных месцаў.

Калектыў Вішнеўскай участковай бальніцы, якой кіруе галоўны ўрач В. М. Пармон, заваяваў першынство ў вобласці сярод аднатыповых бальніц. Тут ганарацца медыцынскімі сёстрамі Станіславай Міхайлаўнай Гурко, Генуэфай Вікенцьеўнай Волкавай, Аляксандрай Сямёнаўнай Балашкай, Алай Вітольдаўнай Скрагай. Шмат добрых слоў выказваюць акушэрцы Лідзіі Мікалаеўне Кавалеўскай тыя, хто знаходзіўся на вылячэнні. Наладжаны медыцынскі агляд дзяцей дома ўрачом Марыяй Міхайлаўнай Сляпковай.

Сярод 895 дэпутатаў у мясцовыя Саветы раёна – 251 чалавек маладзей за дваццаць дзевяць гадоў, з іх – 145 камсамольцаў.

 

КАРЫСТАЕЦЦА ЗАСЛУЖАНЫМ АЎТАРЫТЭТАМ

Адказная пасада ў Зянона Францавіча Галалоба. Ужо не адзін дзясятак гадоў ён працуе лабарантам раённай санэпідстанцыі.

Гэтаму чалавеку надзвычай добра вядома, што значыць у жыцці быць здаровым. У ліку многіх мільёнаў невінаватых савецкіх людзей ён асабіста зведаў жудасці фашысцкага Асвенціма, перанёс цяжкія здзекі, хваробы.

Таму адразу пасля вайны Зянон Францавіч пачаў займацца самай мірнай і самай высакароднай справай – аховай здароўя працоўных. Свае абавязкі выконвае добрасумленна, старанна і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод медыкаў раёна.

 

ДАПАМОГА Ў ДАРОЗЕ

Хіба думала калі-небудзь Тэрэза Уліч, што ёй давядзецца прымаць роды… у аўтобусе.

У той дзень яна была проста пасажырам, але калі спатрэбілася медыцынская дапамога, не задумваючыся, аказала яе. У аўтобусе раздаўся першы крык дзіцяці. На руках у Тэрэзы Уліч – дзяўчынка. Яна загортвае малую і ні на хвіліну не адыходзіць ад маці.

Аўтобус спыніўся на чарговым прыпынку. Т. Уліч звязалася са Стаўбцоўскай бальніцай і выклікала машыну «хуткай дапамогі».

Цяпер Ганна Янушэўска з Польскай Народнай Рэспублікі выпісалася з бальніцы. Яна здаровая, добра адчувае сябе і дзіця, якое нарадзілася пры такіх незвычайных абставінах. У гонар Т. Уліч, загадчыцы Суднікаўскага фельчарска-акушэрскага пункта, шчаслівая маці назвала дачушку Тэрэзай.

 

АТРЫМАЛI ПА ЗАСЛУГАХ

Жыхар вёскі Поці Падбярэзскага сельсавета А. М. вырашыў папаляваць на вадаплаўную птушку.

На лодцы бясшумна плыў між кустоў, уздоўж Бярэзіны. На вадзяной гладзі спакойна адпачывала пара белых лебедзяў. Яны даверліва падпусцілі да сябе чалавека. Грымнуў стрэл. На вадзе забіла крыламі беласнежная птушка. Другая, узняўшыся ў паветра, трывожна закружыла над сваёй загінуўшай сяброўкай. Аднак і яе ўжо ўзяў на прыцэл браканьер. Але нядоўга яму прыйшлося радавацца лёгкай здабычы. З’явіліся грамадскія інспектары па ахове прыроды М. В. Шумскі, Ф. К. Селівон, Я. Н. Семянкоў. Яны склалі акт.

Адміністрацыйная камісія пры райвыканкаме аштрафавала А. М. і прад’явіла іск за страты, якія ён нанёс паляўнічаму фонду. Прэзідыум раённага савета таварыства паляўнічых і рыбаловаў выключыў А. М. з таварыства і канфіскаваў яго стрэльбу.

Жыхар вёскі Ракаў М. Д. займаўся незаконнай здабычай пушніны. У браканьера знойдзены скуры бабра і барсука. Гэта ў той час, калі паляванне на ўказаных звяроў забаронена. За нанесеныя страты яму прад’яўлены іск на трыста дваццаць рублёў.          

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий