Павесялiлiся ад душы

Общество

У чарговы раз на Валожыншчыне прайшло раённае свята гумару “Дубінскія жартачкі”. Лагічным прадаўжэннем папярэдніх відовішчаў “Вяселле ў Дубіне” і “Хрэсьбіны ў Дубіне” стала сёлетняе пад назвай “Дубінскія ўваходзіны”, паколькі гаспадары пабудавалі сабе новую хату.

З раніцы працавала ў Дубіне мытня. Кожны жадаючы папасці на свята, каб дубінцы пазналі і прынялі як свайго, павінен быў зарэгістравацца і паставіць штамп на руку ці твар. Гасцей сустракалі імправізаваныя падворкі, дзе з вясёлай музыкай, песнямі і жартамі віталі і частавалі разнастайнымі прысмакамі нацыянальнай кухні калектывы мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры раёна. Былі аформлены выставы вырабаў народных майстроў і гурткоўцаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, разыгрывалася бяспройгрышная латарэя, праводзіліся майстар-класы.

Смяшлівае гульбішча пачалося ў хатцы-музеі, дзе захоўваюцца старадаўнія прадметы побыту беларусаў. Адсюль уяўная сям’я перасялялася ў новы будынак. Дапамагчы з пераездам прыйшлі госці, суседзі, захавальніца хаткі Т. У. Каляда. Перад далёкай дарогай гаспадары і госці з задавальненнем пачаставаліся традыцыйнымі беларускімі народнымі стравамі.

Прыняў удзел у свяце былы ўладальнік гэтай сядзібы А. С. Рынкевіч, які ў час водпуску прыехаў наведаць сваю матулю з далёкіх берагоў Карскага мора, дзе працуе ў кампаніі “Наватэк”, якая займаецца бурэннем газавых і нафтавых свідравін. Атрымаўшы хату ў спадчыну ад цёткі, ён падарыў яе аддзелу культуры райвыканкама. Будынак мае больш за векавую гісторыю, тут нарадзіўся, жыў і працаваў настаўнік В. В. Рагель. Цяпер у ім музей побытавай культуры.

На свята завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч, кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» РЦК, паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч, старшыня Валожынскага сельсавета Д. К. Карачун, старшыня ААТ “Агра-Дубінское” Г. В. Каспяровіч. Сярод шаноўных удзельнікаў гэтага мерапрыемства былі тытулаваныя госці з Мінска: старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” У. С. Ліпскі, загадчык кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат гістарычных навук, прафесар П. А. Гуд, дырэктар абласнога цэнтра народнай творчасці Р. І. Вайцяхоўская. Кожны з прыбыўшых павітаў гасцей і гаспадароў свята. Ім у сваю чаргу былі ўручаны дыпломы “Задарма ці на дурніцу” і медалі.

Урачыста ўшанавалі на свяце самага старэйшага жыхара Дубіны Уладзіміра Пятровіча Мучынскага і самага маленькага – Рому, які нядаўна нарадзіўся ў сям’і Наталлі Станіславаўны і Сяргея Казіміравіча Дайновічаў. Не засталіся незаўважанымі і гаспадары самых лепшых падворкаў. У Дубіне Юрздыцкай гэта Зінаіда Антонаўна Чабай, у Баярскай – Ніна Рыгораўна і Міхаіл Мар’янавіч Багуцкія, у Вяршыцкай – Марыя Антонаўна і Міхаіл Іосіфавіч Садоўскія.

На імправізаваную сцэну па чарзе выходзіла “радня”, якую прадстаўлялі сельскія ўстановы культуры з Сакаўшчыны, Вішнева, Багданава, Івянца, Пяршаяў, Каменя, Суднікаў, Падбярэззя, Гародзькаў, Пугачоў, народны калектыў народнай песні “Сваякі” РЦК, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Гасцінец”. На свята гумару “Дубінскія жартачкі” ў знакамітую на Валожыншчыне вёску прыехаў павесяліць гасцей народны фальклорна-жартоўны гурт “Цешча” Ратамскага дома культуры са сваім кіраўніком – артыстам тэатра і кіно Міколам Рабычыным.

    Усе яны з жартамі і вясёлымі пажаданнямі віншавалі віноўнікаў урачыстасці і ўручалі навасёлам арыгінальныя падарункі, тыя ж толькі паспявалі прымаць гасцінцы і пацалункі з нагоды ўлазін. Госці і гаспадары падымалі бакалы за добрае жыццё ў новай хаце. Падколкі і прыколкі сыпаліся, нібы гарох. Народны гумар асаблівы: трапны, колкі, востры і неабразлівы.

На вясёлым мерапрыемстве было многа песень, жартаў, музыкі, пачастункаў. Артысты выходзілі на сцэну ў прыгожых нацыянальных строях і радавалі гледачоў сваімі выступленнямі. Пяшчотнай ракой ліліся песні на роднай беларускай мове, эмацыянальна адчуваліся важнасць і значнасць кожнага моманту, хараство і этнаграфічны каларыт свята. Сабралася цэлая вуліца гледачоў, усе весяліліся ад душы.

З асаблівай цеплынёй сустракалі дубінцы аднавяскоўку, пачынальніка гуртка мініяцюр “Дубінскія фанабэры” Т. У. Каляду, якая выступіла з жартоўнымі маналогамі. Некаторыя ўсміхаліся, а некаторыя ад смеху аж за бакі трымаліся. Сціплая ў паўсядзённым жыцці, Тамара Уладзіміраўна ўмее пераўвасобіцца ў любы вобраз, а колькі анекдотаў пра дубінцоў ведае! Некаторыя з іх яна расказала на свяце, чым вельмі пазабавіла гледачоў. З поспехам прайшло выступленне выхадца з Дубіны, паэта-байкапісца і наогул творчага чалавека Віктара Сыракваша. Ён прачытаў два свае творы і праспяваў пад баян песню.

Тэатралізаваную дзею ўваходзін у новую хату, як і папярэднія забаўныя прадстаўленні, падрыхтаваў гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” пад кіраўніцтвам Валерыя Мазуры. Ролі галоўных герояў выканалі дырэктар Бабровіцкага СЦК Ларыса Тур і настаўнік Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Васіль Марзак.

Напрыканцы свята калектыў Ракаўскага цэнтра народнай творчасці  правёў этнадыскатэку. Пад кіраўніцтвам Лізаветы Пятроўскай у танцы кінуліся і малыя, і старыя. Не шкадуючы ног, яны вытанцоўвалі “Кракавяк” і іншыя беларускія народныя танцы.

Такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя, яны знаёмяць нашых сучаснікаў з бясцэннымі духоўнымі багаццямі беларускай зямлі, выхоўваюць любоў і павагу да родных вытокаў.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий