Мастак, разьбяр, кiраўнiк i лесазнаўца…

Кажуць, калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім. Калі прыгледзецца да героя сённяшняй замалёўкі, становіцца зразумелым сапраўдны сэнс гэтага выказвання.

Віллі Львовіч Янкялевіч – асоба неардынарная. Творца і Прырода шчодра адарылі яго глыбокім разуменнем сутнасці прыгожага і залатымі рукамі, якія здольны ўвасобіць гэта разуменне на палатне або ў дрэве…

Віллі – імя ў нашай краіне не шырока распаўсюджанае, у яго ўвогуле германскае паходжанне. Але ні наш герой, ні яго бацькі з Германіяй цесных стасункаў ніколі не мелі. Назвалі хлопчыка так у гонар правадыра сусветнага пралетарыяту: дзень нараджэння Віллі Львовіча прыпадае на адну з дат біяграфіі Ульянава-Леніна. Малая радзіма творцы – сталіца нашай краіны. У Мінску прайшлі яго дзяцінства і юнацкія гады. Вокны кватэры сям’і Янкялевічаў выходзілі акурат на тэатр оперы і балета, дзе, як вядома, аблюбавалі месца пад свае творчыя майстэрні мастакі. Гадзінамі Віллі мог глядзець, як працуюць майстры фарбы. Усё было цікава дапытліваму малому: і як змешваць колеры, каб атрымаць патрэбнае адценне, і якім мазком накласці штрых на аркуш, і як выбраць правільную таўшчыню пэндзля, каб выразней праявіць дэталізацыю ствараемай карціны… Глядзеў і запамінаў. А пазней з сябрам – гэткім жа аднадумцам-летуценнікам – часта і пазіравалі прафесіяналам. Быць натуршчыкамі ім падабалася. Паціху пачаў “прачынацца” і талент.

Школьнікам В. Янкялевіч пачаў наведваць курсы жывапісу ў Палацы піянераў і школьнікаў. Пішучы карціны, адпачываў душой ад мітусні, натхненне дарыла прырода, пейзажы. Вучыўся адчуваць прыгожае навокал – і імкнуўся перадаць гэта ў сваіх работах. Пераломным перыядам у жыцці будучага майстра стаў пераезд на асваенне цаліны. Віллі Львовіч працаваў мулярам і на нейкі час закінуў творчасць. Але па вяртанні на радзіму, дзякуючы сябру, жаданне тварыць зноў ажыло. Развівацца творча дапамагло і паступленне ў тэхналагічны інстытут на спецыяльнасць “лесазнаўства”. Тут увогуле адчуваў сябе выдатна: і вучоба давалася дастаткова лёгка, і камандзіроўкі выпадалі ў маляўнічыя месцы. Тады ж наш герой адкрыў у сабе новую грань таленту: збіраў па лесе цікавыя па форме рэшткі драўніны, карэнні, вёз іх дадому і пачынаў выразаць… што атрымаецца. Як прызнаецца творца, ён ніколі не працуе на нейкі канкрэтны вынік ці па нейчым заказе. Руку вядуць душа і фантазія.

Далейшая працоўная біяграфія В. Янкялевіча цесна звязана з Валожыншчынай і ўмоўна падзелена на тры вехі: калі ўладкаваўся на працу ў лясгас, калі яго назначылі дырэктарам райбыткамбіната і калі ён зноў вярнуўся ў лясную гаспадарку. Яднанне з матухнай-прыродай давала свае плады. У сярэднім за год назапашвалася каля 50 карцін, напісаных алеем, малюнкаў і загатовак для будучых работ, а таксама мноства разьбярных работ. Драўляныя мудрагелістыя лыжкі “калібрам” на любы густ, прыгожыя велікодныя яйкі, вытачаныя творцам, ёсць у некаторых германскіх, польскіх, італьянскіх і нават японскіх сем’ях. Адным словам – усюды, куды ездзілі адпачываць дзеці па праграме ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дзядзька Віллі ніколі не шкадаваў сваіх вырабаў малым на сувеніры…

Сёння галоўным прызваннем для В. Л. Янкялевіча па-ранейшаму выступае жывапіс. Мае дастакова работ, высока ацэненых мастацтвазнаўцамі на ўзроўні краіны. Гэта вялікі стымул удасканальваць майстэрства. Ролю іграе і вопыт стварэння палотнаў. Першапачаткова ў мастака былі пэўныя цяжкасці са змешваннем фарбаў. Сёння гэтай праблемы няма: Віллі Львовіч дакладна ведае, што трэба для канкрэтнага адцення. Няважна, акварэль пад рукой ці гуаш, ці які іншы від фарбы. Пэндзлі – ад вельмі дарагіх да звычайных – практычна ўвесь час у рабоце. Шмат інструментаў для разьбы В. Л. Янкялевіч зрабіў самастойна, яны таксама рэдка ляжаць незадзейнічаныя. Іншы раз праца з імі ўвасабляецца ў адным творы. Прыклад гэтаму –  “Даставайце часцей ордэны” – адна з дастойна ацэненых работ на абласным марафоне-конкурсе “Сярэбраная нітка”. Яна прысвечана бацьку героя гэтай замалёўкі: партрэт у цэнтры зроблены ў 1943 годзе ў партызанскім атрадзе і беражліва захоўваўся як сямейная рэліквія. Тое ж і з узнагародамі. Самастойна мастак зрабіў фон і рамку. Гэта работа цікавая гледачу, а для Віллі Львовіча – і ўвогуле сапраўдны скарб. Скарб жывой, светлай памяці…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars