Аснова дабрабыту – у граматным i адказным падыходзе да дзейнасцi

Общество

Такую выснову можна было зрабіць пасля прэс-канферэнцыі кіраўніка вобласці С. Б. Шапіры для журналістаў Міншчыны.

 Напрыканцы мінулага тыдня ў Крупскім раёне сустрэліся прадстаўнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. Журналісты пазнаёміліся з асноўнымі напрамкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Крупшчыны, падчас прэс-тура наведалі найбольш значныя аб’екты рэгіёна, сярод якіх нядаўна адкрыты завод па перапрацоўцы вуглевадародутрымальных адходаў у пасёлку Крупскім, база адпачынку “Сялява-тур” на беразе аднайменнага маляўнічага возера, а таксама адно з буйнейшых аграпрамысловых прадпрыемстваў раёна – ААТ “Кляновічы”. Пасля пазнавальных вандровак з журналістамі сустрэўся старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра, у час прэс-канферэнцыі з якім былі атрыманы адказы на шматлікія актуальныя пытанні.

Адно з такіх – будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Раней планавалася ўключыць у спіс гарадоў-спадарожнікаў шэсць населеных пунктаў, але пры дэталёвым разглядзе аказалася, што гэта эканамічна немэтазгодна. Як патлумачыў Сямён Барысавіч, будаўніцтва жылля прадугледжвае і прадастаўленне новых працоўных месцаў, і развіцце інфраструктуры, правядзенне камунікацый, будаўніцтва бальніц, школ, дзіцячых садоў і гэтак далей. Ні ў Дзяржынску, ні ў Фаніпалі, ні ў Заслаўі такіх магчымасцей няма. Таму гэтыя гарады выключаны са спісу будучых спадарожнікаў. Пасля вывучэння ўсіх участкаў было вырашана асвоіць 73 гектары ў Смалявічах, дзе ўжо і пабудаваны першы жылы дом. Яшчэ 570 з запланаваных там для будаўніцтва – адмянілі. Галоўным жа горадам-спадарожнікам сталіцы, згодна з новым планам, стане Рудзенск Пухавіцкага раёна. «Каля Рудзенска знаходзіцца Мінская ЦЭЦ-5, якая можа забяспечыць электра- і цеплавой энергіяй 100-тысячны горад. Акрамя таго, на Пухавіччыне шмат зямель, прыдатных для развіцця сельскай гаспадаркі. А гэта – дадатковыя працоўныя месцы», – адзначыў Сямён Барысавіч. Яшчэ адно дастаткова перспектыўнае месца – колішні гарадскі пасёлак Сокал непадалёк беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Узнімалася таксама праблема рацыянальнага, беражлівага выкарыстання зямель, выдзеленых людзям пад будаўніцтва ўчасткаў.

Патлумачыў С. Б. Шапіра і сітуацыю з будаўніцтвам непадалёк Барысава сумеснага беларуска-кітайскага аўтамабільнага завода. Грошы выдзяляюцца, разліковая магутнасць завода дасягне 120 тысяч аўтамабіляў у год, а ўвод гэтага аб’екта ў эксплуатацыю запланаваны праз 2-3 гады.

Развіваецца і турыстычны бізнес. Штогод рэалізуюцца многія інвестпраекты ў гэтым кірунку, расце колькасць аграсядзіб – іх колькасць на Міншчыне ўжо перасягнула паўтысячны рубеж. Аднак пазіцыя кіраўніка вобласці ў тым, каб прыватныя прадпрымальнікі прыносілі карысць і рэальнаму сектару эканомікі, вялі падсобную вытворчасць і прадастаўлялі прадукт на агульны спажывецкі рынак. Іншая справа – з прыватнікамі, якія арандуюць зямлю для вядзення гаспадаркі, але на справе нічога не робяць. З 600 інвестпраектаў, разгорнутых у Мінскай вобласці, палова спынена менавіта з-за нядбайнасці гаспадароў, якія альбо ўвогуле не прыступалі да рэалізацыі заяўленых задум, альбо стваралі такія ўмовы, што работнікі аказаліся ў залежным становішчы, а часам і ўвогуле фактычна пазбавіліся сваіх законных правоў. Такога дапускаць рашуча нельга, сітуацыя пільна вывучаецца.

Прааналізаваў Сямён Барысавіч і вырашэнне праблемы старых пустуючых дамоў. Такіх на Міншчыне сёння каля 10 тысяч. Кіраўнік вобласці адзначыў, што трэба працягваць шукаць гаспадароў закінутых сядзіб і патрабаваць ад іх навесці там парадак. Прычым гэта актуальна не толькі для прыватнага сектара.

Задавалі губернатару таксама і пытанне пра арганізацыю дзіцячага адпачынку ў вячэрні і начны час. Як адзначыў прадстаўнік СМІ Мядзельшчыны, дыскатэкі працуюць да 22.00, а падлеткі маюць права знаходзіцца на вуліцы летам яшчэ на гадзіну пазней. Ці не лепш было б павялічыць на гэты час працягласць дыскатэк, каб дзеці былі пад пастаянным наглядам? Губернатар не супраць такой прапановы, аднак падкрэсліў, што прымусам ніводную праблему нельга вырашыць. Выхаванне і добрыя паводзіны прадастаўленых самім сабе падлеткаў пачынаюцца з сям’і, і бацькам трэба больш увагі ўдзяляць сваім нашчадкам.

Апошняй журналісты паднялі праблему ўкамплектавання вобласці кадрамі. С. Б. Шапіра адзначыў, што праблема сёння нават не ў колькасці спецыялістаў, а ў граматным падыходзе да іх размеркавання, дастойнай зараплаце, а таксама захаванні рэжыму працы і адпачынку. А вызваліць грашовыя рэсурсы дапамагае праводзімая аптымізацыя рабочых месцаў. Да прыкладу, не мае сэнсу на тэрыторыі аднаго населенага пункта ўтрымліваць некалькі ўстаноў аднолькавай функцыянальнасці: іх можна аб’яднаць і кампактна размясціць, тым самым скараціўшы істотныя расходы на ўтрыманне асобных будынкаў.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий