Аздараўленне са скiдкай

Общество

У мінулым нумары газеты выйшаў матэрыял пра сход раённага аб’яднання прафсаюзаў, дзе сярод іншых узнімалася тэма летняга аздараўлення. Сёння мы вырашылі на гэтым аспекце спыніцца больш падрабязна. На пытанні адказала старшыня райаб’яднання В. В. Загорская.

– Вераніка Віктараўна, якія варыянты адпачынку і аздараўлення ў сёлетнім сезоне можа прапанаваць прафсаюз?

– У сістэму здраўніц УП «Белпрафсаюзкурорт» уваходзяць санаторыі «Нарач», «Нарачанскі бераг», «Крыніца», «Беларусачка», «Прыдняпроўскі», «Чэнкі» на Гомельшчыне, «Буг» (Брэсцкая вобласць), «Летцы», «Лясныя азёры» (Віцебская вобласць), імя У. І. Леніна (Бабруйск), «Нёман-72» (Гродна) і дзіцячы санаторый «Свіслач» на Магілёўшчыне. Усю інфармацыю аб наяўнасці пуцёвак і іх кошце можна даведацца на сайтах гэтых санаторыяў.

– Якімі льготамі могуць скарыстацца члены прафсаюзаў пры іх набыцці?

– Для членаў прафсаюзаў і іх дзяцей ва ўзросце ад 4 да 14 гадоў прадугледжана 25-працэнтная скідка на пуцёўкі. Падставай для гэтага паслужыць даведка аб членстве ў прафсаюзнай арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Даведка выдаецца старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі. Для гэтага трэба спачатку атрымаць у медустанове даведку, у якой будзе паказаны профіль рэкамендаванага чалавеку аздараўлення. Затым можна звярнуцца ў прафсаюзны камітэт арганізацыі або ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Праўда, аплачваць кошт пуцёўкі трэба самастойна, як прыватная асоба. Таму што для арганізацый 25-працэнтная скідка не прадугледжана. Пасля, згодна з Калектыўным дагаворам, часткова кампенсаваць кошт пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне можа арганізацыя, дзе чалавек працуе, або прафсаюзная арганізацыя па заяве.

– А мае яшчэ хто-небудзь права скарыстацца названай скідкай? Скажам, той жа пенсіянер…

– Сапраўды, атрымаць пуцёўку на льготных умовах могуць і непрацуючыя пенсіянеры. Праўда, пры ўмове, што яны з’яўляюцца членамі прафсаюза. Дарэчы, пры выхадзе на заслужаны адпачынак не абавязкова пакідаць прафсаюз. Дастаткова напісаць заяву, і можна заставацца членам прафсаюзнай арганізацыі і далей. А калі ўжо выйшлі, то пры жаданні можна ўступіць у прафсаюз зноў – падаўшы заяву ў прафкам той арганізацыі, дзе працавалі і адкуль пайшлі на пенсію. Выплачваць членскія ўзносы (0,1 працэнта ад памеру пенсіі) або не, вырашыць прафсаюзны камітэт.

    – Калі ўзнікнуць дадатковыя пытанні, куды можна звярнуцца?

    – Усе даведкі можна атрымаць у прафкамах , а таксама ў раённым аб’яднанні прафсаюзаў па адрасе: г. Валожын, плошча Свабоды, 2, кабінет № 213 (другі паверх), або па тэлефоне 58935.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий