Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

  11 чэрвеня на вадаёме ў цэнтры Івянца пачалі працаваць два водныя веласіпеды. Першыя адпачываючыя змаглі ў спякотны дзень зрабіць прахаладжальную водную прагулку. Пракатам катамаранаў займаюцца работнікі мясцовага Дома культуры.

Таксама культработнікі выконваюць план па платных паслугах з дапамогай дзіцячага атракцыёна “паветраная горка”. Па выхадных днях яны выязджаюць у сельскія населеныя пункты. Такім чынам “горкай” нацешыліся дзеці ў Камені, Пяршаях, Судніках. У бліжэйшыя выхадныя запланаваны выезды ў Сівіцу і Ракаў.

 

На сённяшні дзень у раёне налічваецца 47 замяшчаючых сем’яў, у якіх выхоўваюцца 76 дзяцей: у 12 прыёмных сем’ях 24 дзіцяці, у 34 апякунскіх – 44. Існуе ўсяго толькі адзін дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе з прыёмнымі бацькамі пражываюць 8 дзяцей.

У аддзеле апекі і папячыцельства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў чарзе на ўсынаўленне стаяць 4 кандыдаты ва ўсынавіцелі. За пяць месяцаў усыноўлена адно дзіця, за 2014 год – чацвёра дзяцей.

 

 Трэці год у раённай паліклініцы працуе прафесіянальны псіхолаг. Настасся Іванаўна Залеская вядзе прыём пацыентаў у кабінеце № 21. Дыпламаваны спецыяліст аказвае дапамогу жыхарам раёна ў вырашэнні прафесіянальных і асабістых праблем, пераадоленні складаных крызісных сітуацый у сямейных адносінах паміж мужам і жонкай, а таксама паміж бацькамі і дзецьмі.

Парады і кансультацыі псіхолага надзвычай папулярныя на Захадзе, там практычна ў кожнага ёсць уласны псіхолаг. Усё больш людзей звяртаецца за прафесіянальнай дапамогай і ў нас. Даволі часта прыходзяць маці з дзецьмі, цяжкахворыя людзі, якія шукаюць выйсця з крызісных сітуацый.

Спецыяліст распрацавала трэнінгі для працоўных калектываў, накіраваныя на згуртаванне калектыву, паляпшэнне псіхалагічнага мікраклімату. Пакуль што “абкатваюць” трэнінгі ў сваім калектыве, раз у месяц па пятніцах. Як адзначыў загадчык паліклінікі П. А. Ганчар, эфект ад такіх заняткаў відавочны. На даны момант такая паслуга аказваецца бясплатна. На прыём да псіхолага можна запісацца праз рэгістратуру і ананімна.

 

За пяць месяцаў з пачатку года супрацоўнікі ДАІ на тэрыторыі раёна затрымалі за рулём у нецвярозым выглядзе 50 вадзіцеляў. Адзін з парушальнікаў – жыхар Стаўбцоўскага раёна – затрыманы паўторна на працягу года. У яго адабраны транспартны сродак – аўтамабіль “Опель-Вектра”, які будзе канфіскаваны ў даход дзяржавы.

У 2014 годзе толькі ў нашым раёне ў даход дзяржавы было канфіскавана 11 транспартных сродкаў, 9 з іх належалі прыватным асобам. Два транспартныя сродкі: трактар-пагрузчык “Амкадор-342” коштам 304 мільёны 604 тысячы рублёў належаў вытворчаму ўчастку “Доры” ТАА “Тарасава” і трактар “МТЗ-82”, ацэнены ў 39 мільёнаў 173 тысячы рублёў, – ААТ “Суднікаўскі”. Рэалізуецца канфіскаваны транспарт праз гандлёвы дом “Усходні”, і гаспадаркі цяпер шукаюць сродкі, каб выкупіць сваю тэхніку.

 

 На першым тыдні чэрвеня ў Доме польскім у Івянцы сустракалі прадстаўнічую дэлегацыю грамадскага аб’яднання “Самаабарона” работнікаў сельскай гаспадаркі Польшчы.

 Сярод 36 чалавек былі фермеры і прадстаўнікі перапрацоўчай прамысловасці, прыватныя прадпрымальнікі і бізнесмены. У нашай краіне за чатыры дні яны пазнаёміліся з перадавымі сельгаспрадпрыемствамі і прапрыемствамі перапрацоўчай прамысловасці.

Госці перадалі ў падарунак бібліятэцы дакументальныя і мастацкія кнігі на польскай мове. Па заканчэнні канцэртнай праграмы ансамбль польскай песні “Івянчанка” атрымаў запрашэнне ў два ваяводствы на “Дажынкі”.

 

 Пасля закрыцця ў некаторых населеных пунктах раёна бібліятэк тамтэйшых жыхароў стаў абслугоўваць “бібліобус” – бібліятэка на колах. У канцы мая бібліятэчныя работнікі наведалі жыхароў вёскі Рум. У асноўным вяскоўцы аддаюць перавагу часопісам “Гаспадыня” і “Хозяин”, “Народный лекарь”, “Алеся”. Там у бібліятэцы з’явіліся сем новых чытачоў.

Часта выязджаюць у тандэме: культработнікі і бібліятэкары. 3 чэрвеня наведалі Адамова, Вішнева, Багданава і прыватны дом састарэлых “Сямейны прычал” у Вайганах. Работнікамі Сакаўшчынскага СДК былі дадзены 4 канцэрты. 10 чэрвеня, пакуль бібліятэкары мянялі чытачам кнігі, на адкрытай пляцоўцы ля магазіна выступалі члены клуба пажылых людзей “Верас” РЦК. Сярод чытачоў з’яўляецца ўсё больш дачнікаў.



Добавить комментарий