Развiтальны баль дзяцiнства…

Официально

12 чэрвеня 245 юнакоў і дзяўчат Валожыншчыны, якія сёлета скончылі адзінаццатыя класы ў 13 установах адукацыі, сабраліся на галоўнай плошчы райцэнтра. Сабраліся, каб разам сказаць шчымлівыя словы “Бывай, дзяцінства!”, шчыра падзякаваць настаўнікам за атрыманыя веды, за праяўленае цярпенне і клопат. Сабраліся, каб бацькоўскія сэрцы напоўніліся гонарам за іх, дзяцей, такіх юных, прыгожых, ужо амаль самастойных і дарослых. І, вядома ж, каб пад музыку не старэючага вальса развітацца са школай…

 

Гэты сцэнарый паўтараецца з году ў год, але заўсёды прыцягвае, выклікае інтарэс людзей самых розных узростаў. Хтосьці са светлым сумам успамінае свой развітальны баль, а хтосьці ўглядаецца ў маладзёжныя строі, каб на наступны год і яго дзіця было, як кажуць, “у трэндзе”. Дарэчы, сёлета святочныя ўборы юнакоў і дзяўчат мелі некаторыя тэндэнцыі. Напрыклад, дэлегацыя Вішнеўскай школы перавагу аддала ўсім адценням сіняга. А вось сярод выпускнікоў СШ № 2 г. Валожына ў фаворы быў яўна чырвоны спектр. Асабліва позіркі прыцягваў Андрэй Балабан у касцюме ярка пунсовага колеру, які вельмі пасаваў хлопцу. Як заўсёды, не адвесці вачэй было ад юных прыгажунь-дзяўчат. Усе варты таго, каб трапіць на вокладку моднага часопіса! Нават выдзеліць некага складана. Адзначу хіба што гімназістку Дзіяну Падгайскую: вельмі ўжо спалучаўся зялёны колер і фасон сукенкі з усім абліччам.

Правесці выпускнікоў на шырокую жыццёвую дарогу лічаць за гонар прадстаўнікі ўлады, адказныя службовыя асобы. У той дзень першым з бацькоўскім наказам у адрас юных грамадзян выступіў старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч.

І вось настаў самы хвалюючы момант: на трыбуну падняліся запрошаныя для ўзнагароджання “залатыя” медалісты і іх бацькі. Сёлета ў раёне лепшых вынікаў у вучобе дабіліся сямнаццаць школьнікаў: Яўгенія Басарановіч, Алеся Занямонец, Інеса Саевіч і Настасся Загнетава з СШ № 2 г. Валожына; гімназісткі Паліна Бітэль, Дзіяна Падгайская і Настасся Гомель; выпускніца Ракаўскай СШ Аліна Ефіменка; Аліна Новік і Аляксей Сузановіч з Івянецкай СШ; Настасся Рагель, Настасся Сухадолец, Настасся Сянкевіч, Настасся Шакун і Уладзіслаў Ракавец – выпускнікі СШ № 1 г. Валожына; Вераніка Станкевіч і Павел Шаўлюк з Гародзькаўскай СШ.

Не засталіся без узнагарод і тыя ўчарашнія школьнікі, якія актыўна займаліся спортам, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, перамагалі ў прадметных алімпіядах і конкурсах. Намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік уручыў пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых школьнікаў і студэнтаў выпускнікам СШ № 2 Настассі Стэльмах і Уладзіславу Селятыцкаму.

Падзякі і грашовыя прэміі з рук начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышовай атрымалі юнакі і дзяўчаты, якія на выдатна скончылі адзінаццаты клас: Ала Ванслаў і Ірына Квач з Дорскай СШ, Аляксандр Журкевіч і Вераніка Ляўковіч з Сакаўшчынскай СШ, Таццяна Кулеш з СШ № 1 г. Валожына, Кацярына Южык з Ракаўскай СШ.

Сваіх адрасатаў мелі і падарункі ад ГА “Белая Русь”. Іх Валянціне Вялічка, Міраславу Жылкевічу, Хрысціне Тур, Вадзіму Сафрановічу, Наталлі Аляшкевіч уручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч таксама далучыўся да віншаванняў і ў сваю чаргу адзначыў тых выпускнікоў, якія ішлі ў авангардзе грамадскага жыцця школ і раёна: Таццяну Бітэль, Дзіяну Кароль, Наталлю Ліштван, Аляксандра Шакуна. Не застаўся ўбаку ад урачыстасці і райкам ГА «БРСМ». Першы сакратар раённага камітэта гэтага грамадскага аб’яднання А. В. Грыбоўская адзначыла самых актыўных удзельнікаў маладзёжнага руху ў раёне сярод сёлетніх адзінаццацікласнікаў: Максіма Болдырава, Караліну Волчак, Дар’ю Перташкевіч, Яўгена Янушкевіча.

Напрыканцы афіцыйнай часткі слова ўзялі віноўнікі ўрачыстасці. Агульныя думкі, пачуцці, спадзяванні выказвалі Ала Ванслаў з Дорскай СШ, Уладзіслаў Ракавец з СШ № 1, Аляксандр Шакун з гімназіі № 1.

Адметнай рысай выпускных баляў з’яўляецца тое, што афіцыйная частка мерапрыемства выклікае інтарэс не меншы, чым мастацкая. “Лірыкай” у мікрафонах загучала, калі спякотнае сонца трохі злітавалася над сабранымі. На сцэне, прыгожа аформленай стараннем супрацоўнікаў цэнтра дзіцячай творчасці, распачаўся канцэрт “Феерверк талентаў” з удзелам выпускнікоў. А каб баль запомніўся надоўга, падарункам стала выступленне Дзядзі Вані і групы “Ван Хельсінг”. Наперадзе ж учарашніх школьнікаў, бацькоў і настаўнікаў яшчэ чакала развітанне з роднымі школамі і сустрэча першага “дарослага” світанку.

Няхай жа ўсе вашы наступныя раніцы будуць сонечнымі і шчаслівымі, дарагія выпускнікі 2015 года!

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий