На п’едэстале – хлебаробы

Спорт

Хоць лета і з’яўляецца самай гарачай парой, як у прамым, так і пераносным сэнсе, для работнікаў аграпрамысловага комплексу, аднак выкраіць час для актыўнага адпачынку ім удаецца. У мінулую суботу па ініцыятыве раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў АПК была арганізавана спартакіяда.

На стадыёне ў Валожыне сабралася сем каманд, якія прадстаўлялі працоўныя калектывы КСУП «Пяршаі-2014», КСУП «Сакаўшчына-агра», КСУП «Падбярэззе», ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, ДУП “Валожынскае ПМС”, сельскагаспадарчага ліцэя.

Удзельнікі спартакіяды паказалі сілу і спрыт у такіх відах спорту, як міні-футбол, цяжкая атлетыка, дартс, мнагабор’е. У агульнакамандным заліку перамога дасталася падбярэзцам. Яны аказаліся мацнейшымі ў дартсе, дзе першае месца занялі Жанна Пякарская і Дзяніс Каранік, лепшы вынік па мнагабор’і паказаў Вадзім Садоўскі, у падняцці гіры роўных не было Яўгену Ванцовічу. Каманда КСУП “Падбярэззе” ў складзе адзінаццаці чалавек павезла дадому кубак пераможцаў, Ганаровую грамату, а таксама грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі, пра якія паклапаціўся галіновы прафсаюз.

Другую прыступку п’едэстала занялі спартсмены-аматары з райаграпрамтэхнікі. Найбольшы поспех спрыяў ім у міні-футболе. Спартыўную “бронзу” заваявала каманда ліцэя, важкую колькасць ачкоў на рахунак якой унесла мнагаборца Алена Махнач.

Нядрэнна выступілі і сакаўшчынцы. У футболе яны змагаліся за “золата”, але ўступілі камандзе з райаграпрамтэхнікі.

Агульным жа поспехам стала тое, што работнікі АПК выхадны правялі з карысцю для здароўя, што, бясспрэчна, скажацца і на працоўных дасягненнях.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Раісы Загорскай



Добавить комментарий