На канiкулах – не расслабляцца!

Закон и порядок

Летнія канікулы – бестурботны час для школьнікаў. Нярэдка дзеці забываюцца нават пра тое, што ёсць месцы, дзе паводзіць сябе неабходна ўдумліва і асцярожна, напрыклад, праезная частка дарогі.

Самымі распаўсюджанымі памылкамі, якія становяцца прычынай траўміравання непаўналетніх, з’яўляюцца ігнараванні такіх патрабаванняў, як пераход праз праезную частку па-за пешаходным пераходам, нечаканы выхад дзіцяці з-за перашкоды на дарогу, гульні ў месцах, дзе рухаецца транспарт, непадпарадкаванне сігналам святлафора і інш.

Бацькі павінны кожны дзень напамінаць сваім дзецям пра Правілы дарожнага руху, папярэджваць аб небяспецы, якая тоіцца на дарогах. У час руху ў аўтамабілі прышпільвайце дзіця рамянямі бяспекі і старайцеся самі паводзіць сябе на дарогах законапаслухмяна.

Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, правядзіце летнія канікулы цікава і карысна! І пастарайцеся, каб нішто іх не азмрочыла. Выбірайце месца для гульняў там, дзе не ездзяць машыны. Пераходзячы вуліцы, будзьце вельмі ўважлівыя, не выбягайце раптоўна на праезную частку, каб не трапіць пад колы аўтамабіля. Пажадана, каб у цёмны час сутак вы знаходзіліся дома, пад наглядам бацькоў. А калі з’явілася неабходнасць позна вечарам выйсці на вуліцу, то не забывайцеся абазначыць сябе флікерамі ці святлоадбівальнымі палоскамі на адзенні.

Міхаіл ЛІШТВАН,

начальнік АДАІ Валожынскага РАУС



Добавить комментарий