ТЭЛЕФОН міліцыі – 102

Закон и порядок

ПАКВАПІЛІСЯ НА ЧУЖОЕ

Невядомая асоба тайна выкрала грошы, якія належалі КСУП “Сакаўшчына-агра” і ў гэты перыяд часу знаходзіліся ў бухгалтара гаспадаркі, паколькі яна з гэтых сродкаў выдавала заработную плату работнікам. Гаспадарцы прычынена шкода больш як на дваццаць сем мільёнаў рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

 

ВЫЯВІЛІ ЗАБАРОНЕНУЮ РАСЛІНУ

Пры адпрацоўцы адміністрацыйнага ўчастка Ракаўскага сельсавета на полі, паблізу дарогі вёскі Палачанка, на ўчастку 600 кв. м у хмызняку было выяўлена дзесяць кустоў дзікарослых канапель агульнай вагой 500 грамаў. Каноплі знішчаны, праводзіцца праверка.

 

СВАРКА І ЧАРКА ПРЫВЯЛІ ДА…

У пракуратуру раёна перададзена справа ў адносінах да непрацуючага грамадзяніна В. па факце катавання сваёй маці. Пасварыўшыся з родным чалавекам, сын больш як паўгода, карыстаючыся бездапаможнасцю пенсіянеркі, інваліда 1-й групы, сістэматычна збіваў яе, прычыняючы цялесныя пашкоджанні. За злоўжыванне спіртных напіткаў ён цяпер праходзіць лячэнне ў ЛТП.

 

ПАПРАЦАВАЎ ЗЛОДЗЕЙ

З недабудаванага дачнага дома ў вёсцы Яўневічы невядомыя зламыснікі скралі два катлы для ацяплення, дзесяць рулонаў сеткі Рабіца, пяцьдзясят лістоў металапрофілю памерам 2х1,1, шэсць пагонных метраў дошак абразных (вагонкі). Прычынены матэрыяльны ўрон на агульную суму больш за сорак мільёнаў рублёў.

 

ГОРА-БАЦЬКА

Жыхар Валожынскага раёна У., абавязаны па пастанове суда выплачваць аліменты на ўтрыманне непаўналетняй дачкі ў памеры 25% ад усіх відаў заробку кожны месяц, наўмысна, з мэтай ухілення ад выплаты сродкаў, амаль восем месяцаў без уважлівых прычын аліментаў у поўнай меры не выплачваў. Апошнія месяцы 2014 года ён нідзе не працаваў і мер для працаўладкавання не прымаў. Уладкаваўшыся на адно з прадпрыемстваў Валожына, судоваму выканаўцу аб гэтым не паведаміў. У выніку на пачатак чэрвеня 2015 года ў яго ўтварылася запазычанасць па выплаце аліментаў амаль на 210 мільёнаў рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала Анжэла РАДЫНА

 

“ЯМАХА-ДЫВЕРСІЁН” ПАДВЕРГЛАСЯ ДЫВЕРСІІ

 Дваіх непрацуючых жыхароў раёна “спакусіў” шыкоўны матацыкл імпартнай вытворчасці 2009 года выпуску.

Прыпаркаванае двухколавае цуда зіхацела на сонцы і выглядам сваім яскрава гаварыла, што ў грашовым эквіваленце яно каштуе не менш чым які аўтамабіль. Пад покрывам ночы хлопцы пашкодзілі агароджу з сеткі Рабіца, праніклі на прыдамавую тэрыторыю і цішком вывелі пад чорныя “ручкі” матацыкл з гаспадарскага двара.

Сігнал аб крадзяжы паступіў у міліцыю вечарам наступнага дня. Менш чым двое сутак спатрэбілася праваахоўнікам, каб адшукаць прапажу ў лесе і тых, хто яе ўчыніў.

Вінаватыя прызналіся, што матацыкл яны збіраліся праз нейкі час прадаць. Але незаконны план праваліўся, дзякуючы аператыўнасці і прафесіяналізму людзей у пагонах.

Зараз супраць зламыснікаў узбуджана крымінальная справа. Кошт украдзенага ацэнены ў 88 мільёнаў рублёў, што класіфікуецца як буйны памер і пагражае турэмным зняволеннем на доўгі тэрмін.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий