У лiку лепшых

Общество

Па выніках работы за мінулы год калектыў Ракаўскай участковай бальніцы быў прызнаны пераможцам сярод медыцынскіх устаноў раёна і занесены на раённую Дошку гонару. 

Быць пераможцам заўсёды пачэсна, але разам з тым і вельмі адказна, бо за паказчыкамі і лічбамі, па якіх ацэньваецца агульная праца, стаіць самае галоўнае – жыццё чалавека. Хоць медыкі і сцвярджаюць, што здароўе людзей толькі на 10-15 працэнтаў залежыць ад медыцыны, але адказнасць на іх кладзецца вялікая. Летась ракаўскім медыкам удалося не дапусціць дзіцячай і мацярынскай смяротнасці, значна знізіўся паказчык смяротнасці людзей працаздольнага ўзросту і ўвогуле ўсяго насельніцтва. А пражывае на замацаваным участку амаль 6 тысяч чалавек, з іх 1053 дзіцяці. Дзякуючы паляпшэнню прафілактычнай работы сярод насельніцтва, не дапушчана росту анкалагічных захворванняў, няма выпадкаў захворвання актыўным туберкулёзам. Яшчэ адзін досыць важны фактар станоўчай работы, які дазваляе значна зэканоміць бюджэтныя сродкі, – выезды брыгад хуткай дапамогі: іх удалося знізіць за кошт накіравання хворых пацыентаў на амбулаторна-паліклінічнае абследаванне. Дарэчы, выклік хуткай дапамогі каштуе больш за 600 тысяч рублёў, а візіт урача на дом – 170-180 тысяч.

Шмат зроблена не толькі ў напрамку захавання здароўя жыхароў Ракаўшчыны, але і стварэння камфортных умоў для лячэння хворых. У прыватнасці, у мінулым годзе гаспадарчым спосабам адрамантаваны 6 бальнічных палат на 1-м пасту, сучасны выгляд набылі кабінеты педыятра, тэрапеўта і дзяжурнага фельчара хуткай медыцынскай дапамогі. З добрым настроем працуецца зараз работнікам сталовай, дзе таксама праведзены рамонт. У хуткім часе ў новым абліччы будзе раздатачная на харчаблоку. Прыемным пахам фарбы сустрэнуць сваіх гаспадароў і пакоі ў інтэрнаце для медперсаналу – рамонтныя работы тут стараюцца правесці ў сціслыя тэрміны, бо чакаюць маладых спецыялістаў.

Па словах загадчыцы Ракаўскай участковай бальніцы С. Л. Гардзей, яна даражыць кожным з 44 сваіх работнікаў: калектыў харошы, дружны. Нягледзячы на недахоп медперсаналу, усе стараюцца прыйсці на ўзаемавыручку, разумеюць, якой важнай справе прысвяцілі сябе. “Розныя бываюць цяжкасці і складанасці, але невырашальных праблем няма, – зазначае Святлана Леанідаўна. – Галоўнае, прыходзіць на працу з добрым настроем – тады ўсе пытанні будуць вырашацца на рабоце”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий