Пастка спрацавала выдатна

Закон и порядок

Не так даўно ў нашай газеце была надрукавана інфармацыя аб тым, што ў лясах, дзе людзі прызвычаіліся выкідаць бытавое смецце, супрацоўнікамі лясгаса ўстаноўлены “відэапасткі” – скрытыя камеры.

Першая здабыча не прымусіла сябе доўга чакаць…

На мінулым тыдні ў “пастку” трапіўся жыхар Стаек, які на трактары “Т-40” прывёз у лес адходы і выгрузіў іх непадалёку таго месца, дзе вісіць папераджальная таблічка, што вядзецца скрытае відэаназіранне і што выкідаць смецце ў лесе забаронена.

Магчыма, мужчына не заўважыў той знак або паспадзяваўся, што здымачная тэхніка не працуе. Аднак у любым выпадку адказваць перад законам яму давядзецца. Тым, хто кідае смецце ў лесе, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь. Сума не маленькая. За такія грошы можна было б, згадзіцеся, і гектар лесу венікам вымесці!

Пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні затрыманы паабяцаў усё за сабой прыбраць і больш падобнае не ўчыняць.

Але так і хочацца запытацца: няўжо толькі страх перад пакараннем можа прымусіць чалавека весці сябе па-чалавечы?..

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий