Становяцца мужчынамi ўчарашнiя хлапцы

Официально

 «Дождж разведчыка не мочыць, дождж разведчыка бадзёрыць», – такімі словамі вітаў новае папаўненне 153-й Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення – намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік П. В. Ціханаў. 

У мінулую суботу 119 маладых абаронцаў Айчыны прынялі Ваенную прысягу. Урачыстае мерапрыемства праходзіла на пляцы мясцовай воінскай часці. Чамусьці так атрымалася, што толькі тут у момант прыняцця прысягі воінамі-разведчыкамі пайшоў дождж, а ў самім горадзе было без ападкаў. Але дождж – надвор’е разведчыкаў. Такое меркаванне бытуе сярод ваеннаслужачых, якія праходзяць службу ў гэтых радах войскаў. І пра тое, што гэта і сапраўды іх дзень, пацвердзіла сама прырода, пасылаючы дробныя, а часам і досыць моцныя кроплі з нябёсаў. Нягледзячы на тое, што наскрозь прамоклі, маладыя салдаты не здрыгануліся: з іх вуснаў гучна і пранікнёна гучалі словы клятвы на вернасць сваёй Айчыне. Яны нягучна спрабавалі даказаць самім сабе і камандаванню, што баявое хрышчэнне прайшлі на выдатна.

Ваенная прысяга накладае на кожнага воіна ганаровы і адказны абавязак – верай і праўдай служыць беларускаму народу, даражыць воінскім гонарам, баявой славай сваёй воінскай часці, рабіць усё дзеля бяспекі Радзімы. Менавіта з гэтага моманту ўчарашнія хлопцы становяцца сапраўднымі мужчынамі, надзейнымі абаронцамі сваёй краіны. З прыняццем Ваеннай прысягі іх віншавалі і давалі наказ камандзір брыгады палкоўнік С. В. Галіеў , старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, падпалкоўнік у адстаўцы У. У. Сёмін, маці курсанта вучэбнага падраздзялення Т. І. Урбановіч. Ад імя маладых ваеннаслужачых не падвесці сваіх камандзіраў абяцаў і радавы Д. Дзяруга. Божае благаславенне на армейскую службу даў Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы ў Валожыне протаіерэй Д. Агіевіч.

Пасля прыняцця прысягі бацькі сустрэліся ў РЦК з камандаваннем брыгады, дзе змаглі задаць хвалюючыя пытанні. Пазней віноўнікаў урачыстасці чакала першае звальненне – астатак гэтага знамянальнага дня яны правялі ў коле дарагіх людзей. І ўжо на наступны дзень для маладых абаронцаў Айчыны пачаліся салдацкія будні, напружаная баявая падрыхтоўка, сярод якіх будзе ўсяго некалькі хвілін для таго, каб напісаць пісьмо бацькам ці любімай дзяўчыне – сувязь з блізкімі людзьмі вельмі важная для іх на пераломным этапе жыцця.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий