ПАДПІСКА

Общество

   Працягваецца падпіска на раённую газету. Можна аформіць падпіску, можна купіць мясцовую газету ў магазінах…

    Зазначым, што толькі ў некаторых сельскагаспадарчых раёнах Мінскай вобласці выпускаецца раённая газета ў аб’ёме 24 старонкі. Найбольш  жа распаўсюджаны варыянт выпуску іншых раёнак – 16 старонак у тыдзень. Так што мы не засталіся  ў даўгу перад нашымі паважанымі чытачамі! Газета-таўстушка дазваляе рэдакцыі значна знізіць расходы па дастаўцы газеты, якую ажыццяўляюць паштальёны.

    Раённую газету кожны з вас можа выпісаць сваякам, знаёмым, якія жывуць у іншых раёнах і гарадах, у тым ліку і ў горадзе Мінску.

    Ужо два гады, як мы не павышаем падпісную цану на «Працоўную славу» (адбылося толькі акругленне гэтай велічынні). І яшчэ такое ўдакладненне: на павышэнне падпіснога кошту ўплывае не перыядычнасць выхаду газеты (як памылкова думаюць многія), а колькасць газетных старонак у нумары, каляровае афармленне.

    Радуе, што на працягу апошніх пяці гадоў «Працоўная слава» стабільна ўтрымлівае агульны тыраж на ўзроўні 6500 экзэмпляраў. І гэта пры тым, што ў раёне назіраецца значны дэмаграфічны спад. Калектыў рэдакцыі шчыра ўдзячны кожнаму, хто здаўна сябруе з раёнкай,  і кожнаму, хто ўпершыню ў новым падпісным сезоне стане чытачом мясцовага выдання!

 

Ірына Богач.

Эх, раёнка ты мая!

Сяброўка адмысловая.

Спачуваеш і віншуеш,

Хоць і папяровая

 

Валянціна Русакевіч.

Голас вечна будзе звонкім,

Сэрца – маладое,

Бо мяне з маёй раёнкай

Не разліць вадою.

 

Васіль ЛОБАЧ.

Кветак я прыдбаў букет

Для любімай жонкі.

А яшчэ ёй падару

Падпіску на раёнку.

 

Святлана ЖЫДОВІЧ.

Меркаваў Міхась купіць

На цяпліцу плёнку.

Ды пакуль той агарод –

Выпісаў раёнку.

 

 

За што я люблю раённую газету?

Наталля Мікалаеўна ЗАРКЕВІЧ,

начальнік нарыхтоўчага ўчастка ААТ “Валожынскі льнокамбінат”:

    – Я прыехала ў Валожын па размеркаванню, і з 1979 года газета стала надзейным даведнікам раённага жыцця. Менавіта праз яе я завочна знаёмілася з многімі людзьмі, з якімі потым мела зносіны і па рабоце. Бачыла, як яна мянялася знешне і па зместу, як стала выходзіць каляровай і дабавілася старонак, а значыць, і карыснай інфармацыі. Мне, напрыклад, хапае рэспубліканскіх навін, пададзеных сцісла і ёмка.

    Заўсёды з задавальненнем чытаю матэрыялы пра лёсы людскія, асабліва пра людзей старэйшага пакалення, якіх загартавала вайна. Цікаўлюся і гісторыяй раёна, знакамітымі людзьмі. Зараз вось зачытваюся творамі Старога Уласа. Не мінаю публікацыі пра добраўпарадкаванне, гэта мне блізка, бо сям’я мае дачу, і калі раней прыязджалі туды толькі працаваць да сёмага поту, то цяпер надаём увагу дызайну, стараемся штосьці пераняць ад іншых, і раёнка вельмі ў гэтым дапамагае. Заўсёды чакаю выпуск “Для Вас”. А вось крымінальную хроніку ніколі не чытаю, негатыву і так хапае. Газета настолькі разнапланавая, што і падказаць няма чаго. Журналісты паспяваюць за ўсімі падзеямі і знаходзяць цікавыя тэмы. Не перастаю толькі дзівіцца, адкуль іх бяруць.



Добавить комментарий