Невядомыя старонкi гiсторыi

Культура

(Працяг)

(Чытаць пачатак тут)

Гэтыя войскі за сваю гісторыю (1924-1939 гг.) мянялі структуру некалькі разоў. Апошняя рэформа адбылася пры Ю. Пілсуцкім у 1929-1935 гадах. Былі ўтвораны ў Заходняй Беларусі 6 брыгад і 5 палкоў у складзе Корпуса аховы пагранічча. Полк “Валожын” уваходзіў у склад брыгады “Навагрудак”. Ён складаўся (1934 г.) з 6-га пагранічнага батальёна “Івянец”, 28-га батальёна “Валожын” і 2-га эскадрона кавалерыі “Івянец”. Польскія памежныя войскі займаліся таксама разведкай і контрразведкай. Таму ў Валожыне і Івянцы (Івянец у тыя часы ўваходзіў у склад Валожынскага павета) быў пост разведкі № 11. У Ракаве размяшчалася 2-я рота “Ракаў” з івянецкага батальёна. У тыя часы мястэчка Ракаў уваходзіла ў склад Маладзечанскага павета. У 1938 годзе ў батальёне “Валожын” з’явіліся дзве супрацьтанкавыя гарматы.

У будынках, якія раней належалі Тышкевічам і якія яны ў 1926 годзе прадалі Польскай дзяржаве, размясціўся полк КАП “Валожын”. У самім палацы (сёння – воінская часць) быў штаб палка КАП “Валожын”. Ніжэй палаца, на ўсходнім схіле, палякі пабудавалі яшчэ два будынкі. У аднапавярховым месціліся нямы кінатэатр, крама-кааператыў, кухня, салдацкі клуб; у другім, двухпавярховым – казармы і санчасць. Сярод графскіх будынкаў быў яшчэ двухпавярховы мураваны свіран. Яго палякі рэканструявалі, дабудаваўшы трэці паверх. Атрымаўся прыгожы, адзіны на той час у Валожыне трохпавярховы будынак, дзе размяшчаліся казармы.

У былым графскім палацы знаходзілася і кватэра камандзіра палка. У афіцыне графа (сёння – РАУС) пасля капітальнага рамонту месціліся штаб батальёна “Валожын”, палкавы аркестр, гаспадарчы ўзвод, збройная майстэрня. Ва ўсіх будынках было электрычнае асвятленне. Меўся мясцовы водаправод, вада ў які падавалася з дапамогай глыбінных помпаў.

У Івянцы, дзе размяшчаліся фактычна два батальёны – сухапутны і кавалерыйскі, для пяхотнага батальёна КАП “Івянец” быў пабудаваны гарнізон па тыпавому праекту архітэктара Тадэвуша Навакоўскага (Tadeusz Nowakowski). Ад гарнізона КАП у Івянцы да нашага часу амаль нічога не засталося.

У 1937 годзе брыгада КАП “Навагрудак” рэарганізавана ў палкі “Сноў” і “Валожын”. Камандзірам палка “Валожын” у 1935-1938 гг. быў падпалкоўнік Уладзіслаў Фрачэк (Wladislaw Fraczek), пасля – падпалкоўнік Уладзіслаў Мікалайчык (Wladislaw Mikolajczak). 28-м батальёнам “Валожын” кіраваў маёр Мечыслаў Сакалоўскі (Mieczyclaw Sokolowcki). Батальён КАП “Івянец” узначальваў капітан Эдвард Новрад (Edward Nowrad), кавалерыйскі эскадрон “Івянец” – ротмістр Ксаверый Вейтко. 2-ю роту памежнай аховы “Ракаў” узначальваў Юзаф Малецкі (Jozef Malecki).

У красавіку-маі 1939 года на ўзмацненне польска-германскай мяжы накіраваны батальёны “Валожын” і “Івянец”. 30 жніўня 1939 года ў Польшчы была праведзена мабілізацыя рэзервістаў. Па стану на 1 верасня 1939 года, полк КАП “Валожын” складаўся з батальёна “Івянец”, рэзервовага батальёна “Валожын”, эскадрона “Івянец” і станцыі галубінай пошты, якая месцілася ў пасёлку Багданаў.

Ва ўсім Корпусе аховы памежжа налічвалася 26355 чалавек, у тым ліку 886 афіцэраў.

14 верасня 1939 года начальнік Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, камандарм 1-га рангу Б. Шапашнікаў выдаў дырэктыву № 16663 “Аб пачатку наступлення супраць Польшчы”. Мінская вайсковая група (пазней 11-я Армія) да канца 17 верасня павінна была выйсці на лінію Маладзечна-Валожын, а да канца 18-га – авалодаць Ашмянамі і Іўем. У складзе гэтай групы былі 2-я і 100-я стралковыя, 7-я і 36-я кавалерыйскія дывізіі, а таксама 6-я лёгкатанкавая брыгада, якая складалася з 253 лёгкіх танкаў БТ-5 і БТ-7. Пяцьдзясят сем танкаў было і ў 2-й стралковай дывізіі, дарэчы палова з іх – плаваючыя танкі Т-37. Лёгкія танкі былі нават у кавалерыйскіх дывізіях. Так, у 7-й кавалерыйскай дывізіі было 50 танкаў БТ-7.

Яшчэ 15 верасня 1939 года камандуючы Беларускай акругай памежных войск НКУС выдаў загад № 01, у якім пазначыў асноўныя задачы памежных войск “…з пачатку баявых дзеянняў – знішчаць аддзелы польскай памежнай аховы на тых участках, дзе не будуць наступаць часці Чырвонай Арміі. Не дапускаць пераходу грамадзянскага насельніцтва з нашай тэрыторыі і каго б там ні было з польскай”.

У той жа час стварылі аператыўныя групы (па 40-50 чалавек), якія арганізоўвалі часовае кіраванне ў занятых населеных пунктах. Ім неабходна было на занятай тэрыторыі захапіць пункты сувязі (тэлефон, тэлеграф, радыё, паштамт), дзяржаўныя і прыватныя банкі, тыпаграфіі, дзе б наладжвалі выпуск савецкіх газет. Асаблівая ўвага надавалася пошуку і ўзяццю пад ахову архіваў. Належала арыштаваць дзяржаўную адміністрацыю, кіраўнікоў розных палітычных партый, вызваліць палітычных зняволеных (захаваўшы астатніх пад вартай). Трэба было абавязкова канфіскаваць зброю ў мясцовага насельніцтва.

17 верасня ў пяць гадзін раніцы войскі Беларускага фронта перайшлі савецка-польскую мяжу. Гэта была нядзеля. Баявыя сутыкненні з часцямі Чырвонай Арміі адбываліся пад Валожынам, Навагрудкам, Скідзелем, Шчучынам. Існавалі абарончыя аб’екты, пабудаваныя ў 1915-1916 гады германскай арміяй на лініі Браслаў – Паставы – Нарач – Смаргонь – Баранавічы. Абарончыя збудаванні мелі Вільня і Гродна. Існаваў Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак. Каля Ваўкавыска заканчвала фарміраванне кавалерыйская брыгада рэзерву “Ваўкавыск” (2 тысячы чалавек). Агульная колькасць польскіх памежных войск менавіта ў Заходняй Беларусі складала каля 7 тысяч жаўнераў. У сітуацыі бесперспектыўнасці польскае галоўнае камандаванне аддало загад не чыніць супраціву савецкім войскам. Аднак гэты загад дайшоў не да ўсіх падраздзяленняў.

Застава “Волма” батальёна “Івянец” затрымала часці Чырвонай Арміі амаль на тры гадзіны. Застава “Ракаў” таго ж батальёна аказвала супраціўленне, пакуль былі боепрыпасы, а потым жаўнеры адышлі ў Налібоцкую пушчу. Застава “Загайна” змагалася больш за гадзіну. З гэтай заставы двое загінулі, васьмёра былі ўзяты ў палон Чырвонай Арміяй. Застава “Яхімава” змагалася чатыры з паловай гадзіны. Вартавыя заставы “Бардзі” былі папросту выразаны. Астатніх папярэдзілі службовыя сабакі. Асабісты склад заставы аказаў адчайнае супраціўленне. Памежнікі з Пялікштаў паспелі адысці ў глыб тэрыторыі і, аб’яднаўшыся з другімі часткамі батальёна “Івянец”, накіраваліся ў бок Ліды. У другой палове дня 17 верасня 1939 года 145-ы кавалерыйскі полк 4-й кавалерыйскай дывізіі Чырвонай Арміі сутыкнуўся каля вёскі Жукаў Барок (сучасны Стаўбцоўскі раён) з адступаючым польскім батальёнам КАП “Івянец” пад камандаваннем капітана Эдварда Новрада (Edward Nowrad), які замацаваўся на р. Нёман. Малады савецкі камандзір палка, які не меў баявога вопыту, разгубіўся. Для выпраўлення становішча і паскарэння наступлення камандзір корпуса камдзіў А. Яроменка ўвёў у бой артылерыйскі полк. Кавалерыйскі эскадрон з Івянца перасёк дзяржаўную мяжу з Літвой, дзе і быў інтэрніраваны.

Вынікам баёў з аддзеламі КАП на накірунку Беларускага фронта было: 160 забітых польскіх салдат і афіцэраў, 460 узята ў палон. Але гэтыя страты – толькі 12% ад агульнай колькасці польскіх памежных войск. Астатнім удалося адступіць. Страты савецкіх войск, якія штурмавалі польскія заставы, згодна з савецкімі данымі: 29 забітых і 111 параненых.

Як піша ў сваіх успамінах жыхар Валожына Мікалай Махнач (1923 г. н.), “недзе паміж сёмай і восьмай гадзінамі раніцы першы танк з зачыненым люкам прыехаў з боку в. Капусціна. Даволі хутка мінуў мост на Валожынцы, даехаў аж пад касцёл, павярнуўся і, непабачыўшы ніякага польскага войска, пагнаў назад у накірунку Капусціна. Праз нейкія 5-7 хвілін падышла цэлая калона танкаў ужо з адчыненымі люкамі на вежах, і мы ўбачылі танкістаў, што віталі людзей узмахамі рук.

На вуліцах у гэты час было шмат людзей, асабліва на Касцельнай, каля моста. Большасць людзей былі святочна апранутыя, была нядзеля і людзі збіраліся ў царкву або касцёл, але весткі пра набліжэнне савецкага войска спынілі іх”.

Наступныя савецкія аддзелы, пяхота і конніца прыбылі ў той жа дзень значна пазней. Афіцыйна лічыцца, што савецкія войскі (6-я танкавая брыгада) занялі Валожын у 12 гадзін дня, у 19.00 – Маладзечна (16-ы стралковы корпус). Беларусы і яўрэі віталі савецкіх салдат кветкамі.

Злучэнні 3-га кавалерыйскага корпуса к 15.00 былі ў Маршалках, а з раніцы 18 верасня рушілі ў накірунку Ліды, і у 10.00 былі ўжо ў Войштавічах.

Чырвоная Армія ўвайшла ў Івянец каля 14 гадзін 17 верасня 1939 года.

Усяго вайсковымі часцямі Беларускага фронта ў палон было ўзята 60202 жаўнераў і афіцэраў узброенных сіл Польшчы, жаўнераў і афіцэраў КАП, паліцэйскіх, жандараў і асоб, затрыманых са зброяй у руках.

Уладзімір ПУЧКОЎ,

навуковы супрацоўнік

раённага краязнаўчага музея

(Працяг будзе)



Добавить комментарий