«Залiк» па турызму здалi

Общество

Маляўнічыя берагі Іслачы ў ваколіцах вёскі Міхалова ўжо каторы год запар становяцца месцам дыслакацыі прыхільнікаў актыўнага адпачынку з усёй Валожыншчыны. Дзесяць каманд з 12 па 14 чэрвеня ўдзельнічалі ў раённым злёце, прымеркаваным да Года маладзёжнага турызму. А маладым, як паказала мерапрыемства, можна быць у любым узросце.

За трое сутак знаходжання ў лесе турыстам давялося і навальніцу перажыць, і сонечную спякоту вытрымаць, і забыцца пра некаторыя выгоды цывілізацыі. Аднак выпрабаванні толькі надавалі экзотыкі і прывабнасці, тым больш, што галоўная лясная непрыемнасць, камары, лагер сёлета сваім наведваннем праігнаравалі.

Пешыя паходы і пераправы праз раку, прывал ля кастра і ежа з кацялка, сон у палатках і песні пад гітару да раніцы – усе традыцыйныя атрыбуты ўвабраў у сябе злёт. Нашы вопытныя турысты пра спартыўную загартоўку і запамінальнае правядзенне часу паклапаціліся загадзя. Дарэчы, як зазначыла намеснік начальніка па спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Башаркевіч, сёлета каманды падрыхтаваліся да конкурсаў і спаборніцтваў сур’ёзна, як ніколі.

Што граху таіць: некаторыя яшчэ і зараз лічаць, што дастаткова рукзак правізіяй забіць – і ты турыст. Не ўсё так проста, даражэнькія! Вам спатрэбяцца спрыт і ўменні па пераадоленні паласы перашкод, вынослівасць і зладжанасць у камандных гульнях, накачаныя мускулы для перацягвання каната, цвёрдая рука і натрэніраваны зрок для дартсу. Ні адзін з пятнаццаці членаў каманды не павінен аказацца “слабым звяном”. Па такім прынцыпе і былі сфарміраваны зборныя раённай бальніцы, Ракаўскага сельсавета, раённага вытворчага ўпраўлення газавай гаспадаркі “Валожынрайгаз”, філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”, КСУП “Пяршаі-2014”, аддзела адукацыі спору і турызму райвыканкама, ільнокамбіната, воінскай часці № 30695. Ды і іншыя таленты не акажуцца лішнімі падчас актыўнага адпачынку. Напрыклад, музыкальнасць ці паэтычны дар.

Конкурс атраднай песні парадаваў арыгінальнасцю рэпертуару і тым натхненнем, з якім нумары выконваліся. Калі ў камандзе не аказвалася чалавека, які валодаў бы ігрой на нейкім інструменце, у ход ішлі “мінусавыя” фанаграмы, а песня падхоплівалася “ў жывую”. Што ж, сапраўдны турыст крочыць не толькі па ўлонні прыроды, але і ў нагу з прагрэсам рухаецца!

Цікавыя, апантаныя агульным інтарэсам людзі, знаходзячыся ў паходных умовах, гатовы цярпець у нечым нястачу, але пра эстэтычны бок часовага прыстанішча абавязкова паклапоцяцца. Таму адзін з конкурсаў якраз і вызначаў лепшы камандны бівак. Фантазіі можна было толькі пазайздросціць! Работнікі Валожынскага аддзялення Белаграпрамбанка свой лагер “замаскіравалі” пад курортны атэль на беразе мора. На рэцэпшане прадугледжвалася выдача ключоў ад двухмесных ці трохмесных нумароў, прапаноўвалася наведаць шведскі стол, басейн або пляж.

Асабліва хочацца спыніцца на кулінарным конкурсе. Думаю, не адзін чытач пракаўтне сліну ад адной толькі назвы: “Фаршыраваны грыбамі лінь, засмажаны на вуглях”. Менавіта такую страву прыгатавалі повары-аматары з каманды райгаза. Пяршайцы за аснову для сваіх прысмакаў узялі (хто б сумняваўся) свіныя ножкі. Дэлегацыя аддзела адукацыі, спорту і турызму, якая ўсю культурную частку пабудавала ў этнічным стылі, на суд журы выставіла беларускую мачанку з блінамі і смажаным сальцам. Знайшла сваіх прыхільнікаў і такая рэдкая для застолля рэч, як смажаная радыска, папярэдне замарынаваная ў соевым соусе. Менавіта такой стравай здзівілі медыкі, што зусім заканамерна, бо мясам, пагадзіцеся, мы часта злоўжываем. Дарэчы, вайскоўцы на гэты раз таксама перавагу аддалі садавіне і гародніне. Уся вітамінная прадукцыя была раскладзена мужчынскімі рукамі на стале так маляўніча, што можна было нацюрморт пісаць! Многія каманды прэзентацыю сваіх кулінарных вырабаў суправаджалі яшчэ і вершаванымі радкамі.

У спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах час ляцеў імкліва і весела. Хваляваліся хіба што толькі перад падвядзеннем вынікаў. Выбухам апладысментаў і крыкамі “ўра!” сустрэлі навіну аб перамозе турысты-медыкі. Трохі ўступіла ім каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Тройку лідараў замкнулі прадстаўнікі Ракаўскага сельсавета.

У асабовым заліку вызначыліся такія спартсмены, як прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Анатоль Шумчык, які ў дартсе набраў 476 ачкоў. У вагавай катэгорыі да 60 кілаграмаў не было роўных члену каманды Белаграпрамбанка Аляксею Савіцкаму. Ён здолеў 101 раз падняць 24-кілаграмовую гіру. Сілай і настойлівасцю ў камандных спаборніцтвах вызначыўся ў камандзе медыкаў урач Мечыслаў Шота.

Алена ЗБІРЭНКА
фота Веранікі ЗАГОРСКАЙ



Добавить комментарий