«Маленькая Швейцарыя» ў Дубiне

Официально

Праходзячы ці праязджаючы па цэнтральнай вуліцы вёскі Дубіна Баярская нельга не загледзецца на прыгожыя дагледжаныя сядзібы сялян. Міжволі прыпынішся каля двара Ірыны Віктараўны і Сяргея Дзмітрыевіча Згірскіх. Добраўпарадкаваная сядзіба радуе вока сваёй вытанчанасцю. Для параўнання мне на розум адразу прыйшоў выраз “маленькая Швейцарыя”.

Ірына Віктараўна нарадзілася і вырасла ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Склалася так, што падчас вучобы ў педінстытуце яна прыехала на Валожыншчыну ў вёску Узбалаць на вяселле да сяброўкі. Тут сустрэла сваю другую палавінку, мясцовага хлопца. Неўзабаве ажаніліся з Сяргеем Дзмітрыевічам і засталіся жыць на яго радзіме. Між іншым, у гэтым годзе яны адзначаюць сярэбранае вяселле.

З 1990 года Ірына Віктараўна пайшла працаваць настаўнікам біялогіі і хіміі ў Дубінскую школу. Спачатку жылі ў Узбалаці ў мужа. Сталі на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Калгас у гэты час узводзіў новыя дамы, але так сталася, што пабудавалі толькі каробкі, на астатняе грошай не было. Адну з гэтых каробак сельгаспрадпрыемства падарыла сям’і Згірскіх. Многа спатрэбілася сіл і сродкаў, каб давесці будынак да ладу.

У сям’і нарадзіліся і выраслі дзве дачкі. Цяпер яны вучацца ў вышэйшых навучальных установах Мінска. Старэйшая выйшла замуж, нарадзіла дачушку і жыве ў Вілейцы. Дзеці стараюцца як мага часцей наведваць сваіх бацькоў, дапамагаюць ім.

Пасля таго, як закрылі школу ў Дубіне, Ірына Віктараўна перайшла настаўнічаць у СШ № 2 райцэнтра. Сяргей Дзмітрыевіч працуе вадзіцелем аўтобуса ў аўтапарку № 14. Застаецца толькі здзіўляцца, калі ў гэтых гаспадароў на ўсё часу хапае. Кветнікі, сад, агарод, гаспадарка патрабуюць працавітых рук. Гаспадыня гаворыць, што калі правільна размеркаваць свой час, то яго хопіць на ўсё. Самае галоўнае, каб у сям’і панавалі мір і згода.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий