Мечыслаў Бенядзіктавіч КУЛАК – слесар-наладчык на СП “Івкон” ААТ.
Вопытны майстар абслугоўвае тэхнічнае абсталяванне цукерачных цэхаў № 1 і № 2.
Праца яго заўсёды бездакорная: спраўляецца не толькі з непрадказальнымі паломкамі, якія ведае дасканала, але і скрупулёзна шукае прычыны тых пашкоджанняў абсталявання, якія нагадваюць сапраўдныя галаваломкі. Перфекцыяніст, ды і толькі!
Нарадзіўся Мечыслаў Бенядзіктавіч у 3 кіламетрах ад Івянца – у вёсцы Замасцішша. Пасля заканчэння Івянецкай сярэдняй школы, вырашыў звязаць сваё жыццё з прафесіяй фрэзероўшчыка, атрымаўшы спецыяльнасць у Маладзечанскім вучылішчы № 87. Затым маладога рабочага чакалі армейскія будні.
Першым месцам працы стаў тагачасны івянецкі цэх-філіял Мінскага праектна-канструктарскага інстытута. Тут М. Б. Кулак працаваў фрэзероўшчыкам 18 гадоў. Калі цэх закрылі, перайшоў слесарам па выпуску дарожных знакаў у “Івянецкую Крыніцу”.
Прафесіянала з вялікай адказнасцю і стараннем рада было прыняць у свой калектыў любое прадпрыемства. З 2000 года Мечыслаў Бенядзіктавіч рамантуе абсталяванне на Івянецкай кандытарскай фабрыцы.
Ёсць меркаванне, што радасць не вучыць любові і спагадзе – яна іх спажывае. Любові і чуласці, на жаль, вучаць боль і пакуты. Перажыўшы сямейную трагедыю – страту сына – Мечыслаў Бенядзіктавіч здолеў знайсці і захаваць святло вакол сябе і ў сабе. Ён надзвычай сціплы і добразычлівы ў зносінах з іншымі. Стрыманая высакароднасць, ціхі голас з ноткамі лагоды гэтага дабрадушнага чалавека, выклікаюць прыхільнасць і абуджаюць у людзях светлыя эмоцыі. Калегі называюць М. Б. Кулака адказным работнікам і вельмі дбайным гаспадаром.
У дружнай сям’і М. Б. Кулака шануюць адзін аднаго. Узяць, да прыкладу, такі факт: разам з імі жыве мама Мечыслава Бенядзіктавіча – Алена Уладзіміраўна, якой пайшоў ужо 91 год. Жонка Валянціна Міхайлаўна працуе на Івянецкай птушкафабрыцы. Любімая дачка Вольга стала псіхолагам. Падрастаюць дзве прыгажуні-ўнучкі Насця і Маргарыта.
Алена ПАШКЕВІЧ,
фота аўтара